Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Тры “Ятранкі” сустрэліся ў Дзятлаве

Тры “Ятранкі” сустрэліся ў Дзятлаве

4 мая 2021, 16:11 Выданні, Культура, ТБМ 147
Тры “Ятранкі” сустрэліся ў Дзятлаве

У Дзятлаўскім гістарычна-краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя першага дзятлаўскага літаратурнага альманаха “Ятранка”. Прэзентацыю падрыхтавалі су-працоўнікі музея і Дзятлаўская арганізацыя ТБМ.

“Ятранка” пабачыла свет сёлета ў Лідзе, дзякуючы Таварыству беларускай мовы.

Літаратурны альманах склаў і напісаў прадмову да яго пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын. Ён і распачаў прэзентацыю, адзначыўшы, што гэта першы літаратурны альманах у гісторыі Дзятлаўшчыны.

– Ён будзе вельмі карысным для настаўнікаў і вучняў, бібліятэкараў і ўсіх тых, хто цікавіцца літаратурай, гісторыяй і культурай Дзятлаўшчыны, таму што ў альманах увайшлі творы не толькі тых, хто сёння жыве на Дзятлаўшчыне, але ў ім апублікаваны творы і пісьменнікаў Дзятлаўшчыны ХХ стагоддзя, пачынаючы ад Ігната Дварчаніна. Гэта своеасаблівая літаратурная справаздача тутэйшых літаратараў перад сваімі землякамі, – сказаў выступоўца.

З новымі творамі і пажаданнямі цікава выступілі аўтары “Ятранкі” Вера Хрышчановіч, Ірына Касянкова, Міхаіл Лук’янчык, Раіса Лакіза. Шчырыя і чуллівыя вершы пачытала супрацоўніца музея Алена Абрамчык – таксама аўтарка “Ятранкі”.

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Леанарда Юргілевіч адзначыла тое, што з’яўленне “Ятранкі” – добрая справа на ніве нашай агульнай беларускай літаратуры, гісторыі і краязнаўства. Дарэчы, адзін з раздзелаў альманаха прысвечаны краязнаўству. Яго аўтары Валерый Петрыкевіч, Фёдар Красюк і Дзімітрый Кузьма дапоўнілі свае артыкулы новымі звесткамі і пошукамі пра Канстанціна Астрожскага, Адама Міцкевіча на Дзятлаўшчыне і пра напалеонаўскага генерала Яна Канопку, які, мажліва, пахаваны ў Дзятлаве.

З пісьменнікаў ХХ стагоддзя, якія родам з Дзятлаўскай зямлі, у “Ятранку” ўвайшлі, акрамя Ігната Дварчаніна, творы Сяргея Хмары, Язэпа Крыгі, Гарасіма Праменя, Васіля Струменя, Нікіфара Жальбы, Віталя Губарэвіча, Віктара Шымука, Вячаслава Адамчыка, Міколы Грышана, Алега Аблажэя і іншых аўтараў. Тыя, хто ніколі не чытаў, прачытаюць цудоўнае апавяданне Вячаслава Адамчыка “Ятранка”. 

Прэзентацыю ўпрыгожыў мясцовы ансамбль “Ятранка”, які хораша спяваў і весяліў усіх удзельнікаў мерапрыемства.

Атрымалася так, што ў Дзятлаве сустрэліся ажно тры “Ятранкі” – альманах “Ятранка”, выступленне фальклорнага ансамбля “Ятранка” і хрэстаматыйнае апавяданне Вячаслава Адамчыка “Ятранка”.

У траўні на Дзятлаўшчыне мяркуецца яшчэ некалькі прэзентацый “Ятранкі” разам з гарадзенскім альманахам “Новы замак”.

А па факту Дзятлаўскі раён стаў чацвёртым раёнам Гарадзенскай вобласці, дзе выходзяць літатаратурныя альманахі пад крылом ТБМ. Гэта Ліда (выйшла 9 нумароў “Ад лідскіх муроў”), Наваградак (на пачатак 2022 года спланаваны выхад 2-га нумара альманаха “Стольны град”), Слонім (выйшаў 1-шы нумар альманаха “Паланэз”) і вось нарэшце Дзятлава з “Ятранкай”. Ажыў цэлы літаратурны рэгіён.

Барыс БАЛЬ.

Фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Навіны Германіі. Лаўрэш Леанід.  Яшчэ раз пра старыя лідскія вайсковыя могілкі
Гісторыя і краязнаўства

Навіны Германіі. Лаўрэш Леанід. Яшчэ раз пра старыя лідскія вайсковыя могілкі

26 чэрвеня 2025, 19:1060
Навіны Германіі. 75 гадоў Федэральнаму агенцтву тэхнічнай дапамогі
У свеце

Навіны Германіі. 75 гадоў Федэральнаму агенцтву тэхнічнай дапамогі

29 жніўня 2025, 07:1858
Мова Нанова: Дзень роднай мовы. Тры гісторыі
Мова

Мова Нанова: Дзень роднай мовы. Тры гісторыі

4 сакавіка 2019, 19:4153
Астраномы знайшлі, нарэшце, апошнія часткі Сусвету, якія адсутнічаюць.
Грамадства

Астраномы знайшлі, нарэшце, апошнія часткі Сусвету, якія адсутнічаюць.

24 верасня 2018, 12:4352
Далучайцеся да нас