На працягу многіх дзесяцігоддзяў Нацыянальная бібліятэка Беларусі паспяхова выконвае адказную справу збірання і папулярызацыі беларускай і сусветнай кніжнай спадчыны і такім чынам забяспечвае духоўную і інтэлектуальную пераемнасць пакаленняў, стварае ўмовы для ўзбагачэння і раскрыцця творчага патэнцыялу сваіх карыстальнікаў. Выкананню гэтай місіі служыць правядзенне Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія ладзяцца ўжо трэццяе дзесяцігоддзе.
Мэтай Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў з’яўляецца кансалідацыя навуковай супольнасці для абмеркавання актуальных пытанняў па вывучэнні і папулярызацыі кніжнай спадчыны, стымулявання міжнароднага супрацоўніцтва паміж даследчыкамі кніжнай культуры.
Мерапрыемства аб’ядноўвае кнігазнаўцаў, педагогаў, філосафаў, багасловаў, культролагаў, гісторыкаў, якія прадстаўляюць вынікі найноўшых даследаванняў па гісторыі рукапіснай і друкаванай кніжнай спадчыны Беларусі.
23 красавіка штогод адзначаецца Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права. Нацыянальная бібліятэка прымеркавала да гэтай даты ХVII Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні.
– За дзесяцігоддзі правядзення навуковы форум стаў сапраўдным брэндам, пазнавальным сярод даследчыкаў і спецыялістаў розных краін у галіне кніжнай культуры. У праграме сёлетняй канферэнцыі: больш за 80 дакладаў ад навукоўцаў з 7 краін, – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі А.А. Суша. – Канферэнцыя ўвесь час мянецца, спачатку яна была лакальнай, а зараз разраслася да сотні ўдзельнікаў і стала брэндам для еўрапейскай публікі. Вялікім выклікам у мінулым годзе быў кавід, які абмяжоўваў прыезд навукоўцаў, сёлета мы спалучаем рэальны і віртуальны ўдзел у чытаннях.
На пленарным паседжанні выступіў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Сцяпанавіч Матульскі. Яго даклад быў прысвечаны агляду гісторыі старажытных бібліятэк Беларусі, зборам Віленскай публічнай бібліятэкі як скарбніцы беларускіх нацыянальных дакументаў, і намаганням па захаванні кніжнай спадчыны.
– Кнігі, як сведкі мінулага, заслугоўваюць вялікай увагі пры іх вывучэнні, – адзначыў Раман Сцяпанавіч Матульскі. – Бібліятэкі Беларусі маюць багатую, але і трагічную гісторыю.
Старажытная бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора загінула ў 1579 годзе ў час кровапралітнай вайны, а кнігі, якія ацалелі, былі вывезены за межы Беларусі. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе найбагацейшая Нясвіжская бібліятэка Радзівілаў была вывезена ў С. Пецярбург, папоўніла зборы Імператарскай бібліятэкі Акадэміі Навук і перастала існаваць як самастойная адзінка.
Такі ж цяжкі лёс напаткаў бібліятэкі Віленскага і Полацкага езуіцкага калегіюмаў (пазней – універсітэтаў), іх зборы разышліся па свеце. Пасля завяршэння войнаў і рэвалюцый к пачатку 1920-тых гадоў на Беларусі амаль не засталося ніводнай значнай кніж-най калекцыі, якая б цалкам адлюстроўвала шматвекавую кніжную культуру нашага народа.
Падчас II сусветнай вайны мы зноў згубілі нават невялікія зборы, якія сабралі ў міжваенны перыяд. Зараз на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца толькі частка усёй багатай спадчыны мінулых стагоддзяў. Доступ да астатняй часткі для айчынных карыстальнікаў і даследчыкаў ускладнены.
Новая арганізацыйная структура і матэрыяльная база, будаўніцтва сучаснага будынка бібліятэкі дазволіла на новым уз-роўні пачаць работу па пошуку і апісанні ацалелых калекцый.
Матэрыяльная аснова і кадравы патэнцыял дазваляе папоўніць нацыянальную бібліяграфію, спрыяе выданню каталогаў калекцый, віртуальнай рэканструкцыі, факсімільнаму ўзнаўленню кніжных помнікаў, стварэнню рэестра кніжных помнікаў. Агульнымі намаганнямі мы паспяхова выяўляем новыя дакументы нацыянальнай бібліяграфіі, ствараем каталогі асобных калекцый, вяртаем рэдкія каштоўныя выданні.
На Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях 22-23 красавіка выступілі вядомыя айчынныя і замежныя даследчыкі: Аляксандр Сцефановіч, Вольга Шутава, Мігель Паласіа, Ілля Лямешкін, Алесь Суша, Галіна Нячаева, Ігар Клімаў, Анатоль Сцебурака, Юры Лаўрык, Ларыса Доўнар і іншыя.
Пра велічны мацярык кніжнай культуры, працэсы станаўлення нацыі і ролю нацыянальнай кнігі ў генезісе беларускай дзяржаўнасці паведаміў Валерый Мікалаевіч Герасімаў. Марыя Міхайлаўна Міцкевіч распавяла на канферэнцыі пра творы Якуба Коласа ў беларускім і замежным друку. Таццяна Захарава паведаміла пра кнігазбор А. П. Сапунова ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Дзмітрый Лапцэвіч аналізаваў медыцынскія кнігі 1920-1930-х гг. выдавецтва “Беларусь” у фондах Музея гісторыі медыцыны Беларусі.
Ксенія Суша пазнаёміла прысутных з выставачнымі культурнымі праектамі нацыянальнага і міжнароднага ўзроўню, якія праводзіць штогод Нацыянальная бібліятэка, у святле галоўных каштоўнасцей: любові да Радзімы, сям’і, талерантнасці, узаемадапамогі, працавітасці, шанавання чалавека як вышэйшай каштоўнасці, абароны правоў і свабод чалавека, шанавання Бога як найвышэйшага дабра і крыніцы ўсіх каштоўнасцей і маральных запаветаў.
Важнае месца на канферэнцыі займалі тэмы хрысціянскай культурнай спадчыны. Вольга Шутава распавядала пра некаторыя асаблівасці мастацкай атмасферы “Бівліі рускай” Францыска Скарыны. Алесь Суша пазнаёміў з “Навукай…” Лаўрэнція і Стэфана Зізаніяў, якая стала першым аўтарскім падручнікам у Вялікім Княстве Літоўскім і на славянскіх землях, складзеным прафесійнымі педагогамі і царкоўнымі дзеячамі.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Веткаўскага музея стараабрадніцтва Галіна Рыгораўна Нячаева паведаміла пра каштоўныя абразы і арнаменты ў рукапісах ХVI-XIX cтагоддзяў.
Таццяна Комлева прысвяціла свой даклад увасабленню вобраза кнігі ў іканаграфіі Беларусі. Мікалай Малееў паведаміў пра дзейнасць архіепіскапа Менскага і Бабруйскага Міхаіла Галубовіча на аснове яго дзённікаў. Андрэй Самусік вывучаў канспекты базыльянскай вучнёўскай моладзі як крыніцу па гісторыі айчыннай адукацыі XVII-XVIII стст.
Эмацыйная дыскусія разгарнулася вакол сучасных метадаў папулярызацыі, прамоцыі, прасоўвання кнігі ў чытацкай аўдыторыі і на кніжным рынку. Гэтай тэме былі прысвечаны паведамленне Дзіны Зылевіч “Роля краўдфандынгавых пляцовак у развіцці сучаснага кнігавыдання для дзяцей” і выступленне Ксеніі Тарасевіч “Усім, усюды, усімі спосабамі: папулярызацыя кнігі і чытання анлайн, без смс і рэгістрацыі”.
З задавальненнем госці міжнароднага кніжнага форуму падводзілі вынікі працы канферэнцыі:
– Для нас, удзельнікаў чытанняў у замежжы, важна было даведацца пра новыя накірункі, дазнацца, што адбываецца ў нацыянальнай кніжнай сферы Беларусі, – адазвалася кандыдат гістарычных навук Вольга Шутава. -Канферэнцыя была адзначана найцікавейшай праграмай!
– Хачу падзякаваць за цудоўную тэхнічную арганізацыю чытанняў, за маральную падтрымку нас усіх! – прамовіла прафесар кафедры бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці БДУКіМ Ларыса Іосіфаўна Доўнар. – Нас радуе, што за намі ідуць маладыя спецыялісты, чые даследаванні разнастайныя і грунтоўныя.
– Беларускі кантэкст поліканфесійны і мультыкультурны, – адзначыла даследчыца з Польшчы.
– Я прыхільнік таго, каб нашы веды з дапамогай мультымедыйных тэхналогій даходзілі да раённых бібліятэк, каб вывучалася і захоўвалася жывая гісторыя культуры рэгіёнаў! Моцны бок працы публічных бібліятэк у галіне краязнаўства трэба і далей развіваць, – падкрэсліў Валеры Герасімаў.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.