Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Кнігазбор Храбтовічаў: на шляху вяртання

Кнігазбор Храбтовічаў: на шляху вяртання

4 мая 2021, 09:06 Культура, Навука 7
Кнігазбор Храбтовічаў: на шляху вяртання

Шырокае кола зацікаўленых асобаў, чытачоў  і навукоўцаў зможа ўбачыць каштоўныя выданні і сямейнае ліставанне ХIХ стагоддзя на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы “Кнігазбор Храбтовічаў: на шляху вяртання”.

15 красавіка адбылося вяртанне дзвюх кніг і часткі архіва Храбтовічаў. Гэта ўдалося здзейсніць, дзякуючы дзейнасці фонду “Шчорсы і Храбтовічы.”

– Бібліятэка Храптовічаў налічвала больш за 20 000 тамоў  і была адной з самых найбуйнешых пасля бібліятэкі Радзівілаў, – адзначыў прысутны на адкрыцці выставы Пётр Кузьміч Краўчанка.

– Бібліятэка Храбтовічаў стала адным з брэндаў Вялікага Княства Літоўскага. Адна з найвялікшых прыватных бібліятэк, створаных на нашай зямлі, стала грамадскай і нацыянальнай каштоўнасцю, – распавёў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі А. А. Суша. – На жаль, кнігазбор не захаваўся ў Беларусі. Падчас Першай сусветнай вайны гэты каштоўны збор быў вывезены. Частка  яго захоўваецца ў Кіеве ў Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя Вярнадскага. Было шмат імкненняў і спадзя-ванняў на яго вяртанне. 12 гадоў таму разам з нашымі калегамі мы правялі грунтоўнае даследаванне і большую частку бібліятэкі ўдалося алічбаваць. Нядаўна ў Германіі былі выяўлены дакументы і асобнікі кніг з бібліятэкі Храбтовічаў і праз перамовы вернутыя на Радзіму.

Сёння архіўныя дакументы і кнігі спрыяюць вяртанню спадчыны Храбтовічаў у грамадскую свядомасць. Падзея падрэслівае, наколькі багатая наша кніжная культура і як шмат можна зрабіць для яе папулярызацыі праз разнастайныя нашыя стасункі з многімі краінамі свету! 

Пра  каштоўныя рарытэты распавяла дырэктар фонда “Шчорсы і Храбтовічы” Ганна Георгіеўна Булда:

– У  далёкім 1916 годзе маёнтак Храбтовічаў знаходзіўся ў цэнтры баявых дзеянняў 1-ай сусветнай вайны. У падвале палаца знаходзіўся нямецкі штаб. Адукаваны малады салдат Юліюс Херман быў уражаны кнігамі з бібліятэкі Храбтовічаў  і лістамі. Сабраўшы рарытэты, ён пасылкай адправіў іх дадому. У 1939 годзе Юліюс патрапіў у Бухенвальд, бо быў антыфашыстам, але выжыў і працягваў працаваць ва Усходняй Германіі выкладчыкам ва ўніверсітэце. Потым усё жыццё ён вывучаў знаходкі з Беларусі  і запавядаў сваім нашчадкам вярнуць кнігі на Радзіму. І вось у 2019 годзе  яго ўнук  Хельмут патрапіў у Інтэрнэце на сайт фонду “Шчорсы і Храбтовічы.

І вось, нарэшце, дачка Юліюса Хермана Марыён і ўнук Хельмут перадалі фонду каштоўныя кнігі і лісты Міхаіла Храбтовіча і Алены Несельродэ. Яны – як першыя ластаўкі вяртання кніжнай спадчыны Храбтовічаў на Беларусь, – патлумачыла кіраўніца фонду Ганна Георгіеўна Булда.

Ганна Булда – мянчанка, якая натхнілася ідэяй рэстаўрацыі шляхецкай сядзібы Храбтовічаў у Шчорсах і ў 2017 годзе заснавала фонд дзеля аднаўлення сядзібна-паркавага комплексу, створанага Іахімам Літаворам Храбтовічам  у 1770-1776 гадах у стылі французскага класіцызму эпохі Людовіка XV.

Кандыдат гістарычных навук, даследчык і выкладчык Анатоль Сцебурака вывучыў эпісталярны архіў Храбтовічаў на французскай мове і запісаў змястоўнае відэа, у якім распавёў пра ліставанне ўнука апошняга канцлера ВКЛ Іахіма Літавора Храбтовіча – Міхаіла Ірынеевіча – з яго жонкай Аленай Несельродэ.

– Пачала збывацца даўняя стогадовая мара аб рэстытуцыі збору Храбтовічаў, – адзначыў Анатоль Мікалаевіч Сцебурака.- Каб ацаніць каштоўнасць прадстаўленых дакументаў, варта заглыбіцца ў гісторыю сям’і Храбтовічаў. Гаворка ідзе не толькі пра Іахіма Літавора Храбтовіча, але і пра яго ўнука – Міхаіла Ірынеевіча.

Міхаіл Ірынеевіч быў дыпламатам, пражыў слаўнае і годнае жыццё, але служыў ужо інтарэсам Расійскай імперыі. Ён знаходзіўся на дыпламатычнай службе ў Берліне, Гамбургу, Лондане і адтуль пісаў  жонцы. Захавалася каля 150 лістоў актыўнай і цёплай перапіскі. Жонкай Міхаіла Ірынеевіча была Алена Карлаўна Несельродэ, шлюб іх быў шчаслівы, яны захавалі душэўныя адносіны. У моманты раставання між імі ішла ажыўленая перапіска. Храбтовіч апісваў сустрэчы з вядомымі асобамі,  мясціны, дзе яму даводзілася быць. Па лістах прасочваюцца падарожжы маладога дыпламата.Улічваючы значнасць роду Храбтовічаў, гэтыя лісты – цікавая крыніца для беларускіх гісторыкаў. Вернутая спадчына ўяўляе цікавасць у якасці музейных аб’ектаў.

Лісты з сямейнага архіва (1835- 1851) можна пабачыць на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы. Раней  Анатоль Сцебурака даследаваў лісты французскага афіцэра да сваёй жонкі Жазэфіны падчас Напалеонаўскай кампаніі і апублікаваў на  матэрыяле даследавання кнігу “Лісты да Жазэфіны”.

У холе Музея кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы таксама прадстаўлены жывапісныя працы студэнтаў БНТУ, прысвечаныя сядзібе Храбтовічаў у Шчорсах.

Кнігі і лісты членаў шляхецкай сям’і звязваюць нябачнымі ніцямі прадстаўнікоў розных народаў, спрыяюць наладжванню партнёрскіх і сяброўскіх стасункаў, спрыяюць справе захавання гістарычнай спадчыны, прымірэння і ўзаемапаразумення.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Зварот ТБМ да бацькоў
ТБМ

Зварот ТБМ да бацькоў

1 чэрвеня 2021, 07:0934
ЦУКЕРКІ ЯНКІ КУПАЛЫ
Культура

ЦУКЕРКІ ЯНКІ КУПАЛЫ

25 мая 2022, 07:3230
Выйшаў Гарадзенскі перакідны краязнаўчы каляндар на 2022 год
Выданні

Выйшаў Гарадзенскі перакідны краязнаўчы каляндар на 2022 год

28 снежня 2021, 23:2329
Верны паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый  Ф. Скарыны застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў
Грамадства

Верны паслядоўнік навукова-асветніцкіх традыцый Ф. Скарыны застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў

17 студзеня 2022, 21:5827
Далучайцеся да нас