Чарговыя заняткі праведзены ў Нясвіжскім аддзяленні забеспячэння дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту. Яны прысвечаны народнаму мастаку, заслужанаму дзеячу мастацтва Беларусі, лаўрэату шматлікіх дзяржаўных прэмій, вядомаму скульптару Льву Гумілеўскаму. Правяла іх Наталля Плакса, якая цягам 11 гадоў з’яўлялася аўтарам і вядоўцай краязнаўчых выпускаў “Хвілінкі нясвіжазнаўства” на раённым радыё, падрыхтавала да выдання краязнаўчую кнігу “Кунтуш Радзівіла, або сто эцюдаў новага нясвіжазнаўства”. Цяпер у нашай установе яна выступае ў ролі валанцёра клуба “Старонкі гісторыі”.
Тэма заняткаў выбрана зусім не выпадкова. Па-першае, нядаўна Леў Гумілеўскі адзначыў 90-гадовы юбілей! Па-другое, хоць нарадзіўся ён у Маскве, большую частку жыцця пражыў у Менску, але наш Нясвіж лічыць і заўсёды называе сваёй духоўнай радзімай. Па-трэцяе, па лёсе мастака можна вывучаць лёс Беларусі: падлеткам ён перажыў варожыя блакады партызанскай зоны ў пушчы Палік на Барысаўшчыне, вучыўся ў Міхала Сеўрука ў пасляваенным Нясвіжы, будаваў Волгадон, ствараў знакавыя помнікі дзеячам айчыннай гісторыі і культуры.
Сустрэчы і экскурсіі такога кшталту арганізоўваліся ў нас і ў папярэднія гады. Варта згадаць заняткі пра трагедыю ў Гайках і працоўную акцыю ля брацкай магілы, што непадалёк ад в. Еськавічы, знаёмства з творчасцю Яўгена Ждана і наведванне яго кватэры-галерэі, што ў Снове, успомніць, экскурсію для азнаямлення з гісторыяй касцёла ў Сейлавічах і царквы ў Кунасе… Аднак цяпер такія заняткі пастаўлены на планавую аснову. Распрацаваны іх тэмы і чарговасць правядзення да канца года. А мэта зразумелая: ведаць больш пра гісторыю свайго краю, яго знакамітых людзей, пра важныя падзеі з жыцця Нясвіжчыны, удасканальваць валоданне роднай мовай (валанцёры Станіслава Вальчык і Наталля Плакса праводзяць заняткі выключна па-беларуску).
Змест гэтых заняткаў быў насычаны і даволі ёмісты. Гаворка дапаўнялася дэманстрацыяй фотаздымкаў з сямейнага архіва сям’і Гумілеўскіх. Знаёмства з некаторымі творамі было даволі глыбокім. Як да прыкладу, помнік стваральнікам першай беларускай оперы. Замілаваў тандэм аднадумцаў – аўтара лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча і кампазітара С. Манюшкі. Захапляў па-майстэрску зафіксаваны і перададзены настрой моманту.
Павітаўшы ўдзельнікаў заняткаў, загадчыца аддзялення Аксана Пяткевіч сказала: –
– Вельмі важна, каб пачутае тут вы неслі ў сем’і, перадавалі дзецям і ўнукам, каб гэта было прадметам вашай гаворкі з сябрамі, суседзямі, знаёмымі. І такім чынам самі станавіліся валанцёрамі , пашыралі культуру і веды.
У сваю чаргу Наталля Плакса адзначыла, што праводзіць заняткі з людзьмі сталага ўзросту важна яшчэ і таму, што яны маюць важкі жыццёвы багаж, не з’яўляюцца пасіўнымі слухачамі. Падчас кожнай сустрэчы можна пачуць іх дапаўненні і падказкі, сведчанні са свайго жыцця, лёсу бацькоў, часам і больш далёкіх продкаў. А гэта, хай па маленькай дробачцы, узбагачае краязнаўчы свет гістарычнай Нясвіжчыны.
На занятках клуба, што будуць праведзены ў траўні, тэма творчасці Льва Гумілеўскага будзе прадоўжана. Нашым наведвальнікам мы прапануем аўтобусную экскурсію па горадзе “Нясвіж Льва Гумілеўскага”.
Наталля Дзігмунтовіч, загадчык клуба
“Старонкі гісторыі”. Нясвіж.
Фота 1. Падчас заняткаў.
Фота 2. Леў і Сяргей Гумілеўскія. Помнік стваральнікам першай беларускай оперы Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку.