Сярод памятных дат, якія адзначаюцца ў 2021 годзе, 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны займае асаблівае месца: і па маштабах выпрабаванняў і страт, і па ўплыве на ход сусветнай гісторыі. Не пакінула гэтую дату без увагі і Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Днямі ў канферэнц-зале бібліятэкі адбылася навукова-практычная канферэнцыя “VIII Лідскія чытанні” на тэму “Вайна і памяць: старонкі гісторыі Лідскага краю”, прымеркаваная да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Удзел у канферэнцыі прынялі педагогі і навучэнцы лідскіх школ, краязнаўцы, навуковыя супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея, работнікі і чытачы бібліятэк.
Якой жа прыйшла вайна на лідскую зямлю? Колькі бяды, болю, пакут яна прынесла жыхарам Лідчыны і як адбілася на іх жыцці? Якія яе трагічныя наступствы? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні паспрабавалі даць удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі. Адметнай асаблівасцю сёлетніх Лідскіх чытанняў стала вялікая колькасць дакладаў, прадстаўленых наву-чэнцамі школ. Падрастаючае пакаленне цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, годна пераймае эстафету памяці, памятае аб загінулых і бязвінна забітых.
З дакладам “Помнікі Вялікай Айчыннай вайны Лідскага раёна” перад прысутнымі выступіла галоўны спецыяліст аддзела культуры Лідскага райвыканкама Лілея Хвайніцкая. Лілея Андрэеўна падкрэсліла, што кіраўніцтвам раёна прымаюцца меры па падтрымцы помнікаў і месц пахаванняў у належным стане, аддзел культуры пастаянна працуе з уласнікамі помнікаў па пытаннях аховы гістарычна-культурнай спадчыны. Навучэнкі СШ №11 Алена Лычкоўская і Ганна Юнда расказалі аб складзеных імі экскурсійных маршрутах па месцах баявой славы горада і раёна. З гісторыяй помнікаў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беліцкага сельсавета азнаёміла прысутных навучэнка Беліцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Марына Карповіч.
Супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея Наталля Хацяновіч і Наталля Валынец азнаёмілі з артэфактамі той вайны ў музейных фондах, а таксама нагадалі асноўныя падзеі 1941-1944 гадоў на Лідчыне, ад пачатку вайны да вызвалення горада. У ходзе канферэнцыі былі таксама закранутыя балючыя тэмы палітыкі генацыду (Рэната Ігнатовіч, СШ № 1), халакосту (Дар’я Ус, СШ № 11), Лідскага гета (Ніна Хілько, СШ № 6).
Асобныя даклады былі прысвечаны канкрэтным людзям. Так, навучэнка СШ №1 Ганна Каламыцкая расказала пра лёс малавядомай лідскай падпольшчыцы Сабіны Шавырынай, а настаўніца СШ № 11 Наталля Анашкевіч – аб сваёй бабулі Ганне Аляксандраўне Раік, якая ў гады акупацыі дапамагала партызанам (дарэчы, менавіта бабуліну мару – стаць педагогам – рэалізавала ў сваім жыцці Наталля Мікалаеўна).
Да падзей верасня 1939 года – першых дзён Другой сусветнай вайны – звярнуўся ў сваім дакладзе лідскі краязнавец і пісьменнік Станіслаў Суднік, які распавёў пра ваенны лёс 77-га пяхотнага палка Ковенскіх стральцоў, які перад вайной дыслакаваўся ў Лідзе. Галоўны бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі Галіна Курбыка азнаёміла з самымі значнымі кніжнымі выданнямі з фонду бібліятэкі, у якіх адлюстраваны ваенныя гады на Лідчыне. Выстаўка гэтых выданняў “Хвалюючы летапіс Перамогі” дзейнічала ў той дзень у канферэнц-зале.
Трэба адзначыць, што сярод гасцей канферэнцыі прысутнічаў пракурор Лідскага раёна Станіслаў Дмухоўскі. Станіслаў Юр’евіч нагадаў аб узбуджэнні ў бягучым годзе Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд і звярнуўся да прысутных з просьбай падзя-ліцца наяўнымі фактамі, інфармацыяй па пытанні генацыду на Лідчыне.
Яшчэ адной асаблівасцю сёлетніх Лідскіх чытанняў стаў удзел раённай бібліятэкі ў дабрачынным праекце “Добрая бібліятэка”, арганізаваным ТАА “OZ. Прыносім радасць” (г. Менск), галоўная мэта якога – садзейнічаць стварэнню безбар’ернага гу-манітарнага асяроддзя, дзе ў кожнага ёсць доступ да патрэбнай літаратуры. У канферэнц-зале ў дзень Лідскіх чытанняў быў устаноўлены спецыяльны бокс для збору кніг, і любы ахвочы мог прыняць удзел у праекце, падзяліўшыся літаратурай з хатняй калекцыі. Уся сабраная літаратура была перададзена ў сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр “Лідскі клубны дом”, кіраўнік якога Ганна Савук расказала гасцям канферэнцыі аб рабоце арганізацыі.
Што ж датычыцца дакладаў, якія прагучалі, то на аснове іх бібліятэка выдасць зборнік “Вайна і памяць: старонкі гісторыі Лідскага краю”, які стане каштоўным дапа-можнікам для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны ў разрэзе Лідчыны.
Аляксей КРУПОВІЧ.
Фота Лідскай бібліятэкі.