Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Гісторыя Магілёўшчыны. Мястэчка Расна

Гісторыя Магілёўшчыны. Мястэчка Расна

20 красавіка 2021, 12:08 Спорт 0
Гісторыя Магілёўшчыны. Мястэчка Расна

У Дрыбінскім раёне на старажытным шляху з Магілёва ў Мсціслаў ёсць досыць вялікае мястэчка Расна. Гэтае мястэчка на сённяшні дзень адно з самых “насычаных” гістарычнымі помнікамі на ўсходзе Беларусі. Тут, перажыўшы нейкім дзівам усе нягоды мінулага стагоддзя, захаваліся: касцёл, сядзіба, млын, бровар, стайня, парэшткі царквы, цікавыя габрэйскія могілкі….

На думку географа В. Жучкевіча, тапонім “Расна” ўтвораны ад аднайменнай расліны.  Расна вядомае з часоў Вялікага Княства Літоўскага. У 1430 г. з’яўляецца ўладан-нем князя Свідрыгайлы. А з 1499 г. належыць мсціслаўскаму князю М. Жаслаўскаму. У пачатку 16 стагоддзя павятовы горад Мсціслаўскага княства. У 1753 годзе заснавана езуіцкая місія, і былі пабудаваны: школа, місіянерскі дом і касцёл на фундуш уладальніка графа Пацея. Расна належала Пацеям, у 1848 годзе Еліяшэвічу, а з 1870 года адстаўному падпалкоўніку Спыткову. Па інфармацыі А. Мяцельскага ў 1784 годзе тут налічвалася 65 двароў і 218 жыхароў, касцёл і царква. Мястэчка мела квартальную вулічную забудову. У час паўстання 1863 – 64 гадоў паўстанцкі атрад Л. Звяждоўскага захапіў і спаліў усе справы, што знаходзіліся ў кватэры станавога прыстава. Ужо ў 1882 годзе ў Расна меліся вадзяны млын, сукнавальня, крупадзёрка, маслабойня, крама і карчма. У 1897 годзе было 137 двароў, пражываў 931 чалавек, працавалі дзве конныя крупадзёркі, вадзяны млын з сукнавальняй, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, царква, касцёл, сінагога, царкоўна-прыходская школа, тры яўрэйскія малітоўныя дамы, багадзельня. У год бывалі два кірмашы.

Для тых, хто цікавіцца гісторыяй, у Расна варта абавязкова завітаць. Па сведчанні археолага Еўдакіма Раманава, яшчэ напрыканцы 19 стагоддзя ў наваколлі вёскі знаходзілася 2 курганныя могільнікі, і якіх было адпаведна 4 і 9 насыпаў. Калі пад’ехаць да Расна з боку Магілёва, то  адразу спыніцеся каля шыльды-ўказальніка з назвай мястэчка. З правага боку вы пабачыце негусты хвойны лес, дзе знаходзяцца мясцовыя габрэйскія могілкі. Надмагільныя помнікі добра захаваліся. Калі прыкладзеце намаганне ў пошуках, то знойдзеце досыць вялікі помнік, які зроблены з каменя ручных жорнаў.

Далей ваш шлях павядзе праз пойму рачулкі Вербаўка, якая з’яўляецца прытокам Проні. Калі ўз’едзеце на пагорак у самім мястэчку, з правага боку пабачыце вялікі мурава-ны жылы будынак.  Варта да яго ўважліва прыгледзецца. Раней гэта была праваслаўная царква, якая ў 1937 годзе была афіцыйна зачынена і напрыканцы 1940-х гадоў перабудавана пад вучэбны корпус школы-інтэрната. З тарца захавалася паўкруглая апсіда.

 Далей па шляху не варта разганяць машыну, бо хутка ўгледзіце з левага боку манументальны касцёл з калоннамі ў глыбіні квартала. Касцёл Святога Казіміра – гэта помнік архітэктуры ў стылі класіцызму. Спачатку быў драўляны касцёл, у 18 стагоддзі пастаўлены на сродкі рагачоўскага старасты Міхала Пацея. У час пажару касцёл згарэў, і мураваны быў пабудаваны к 1819 году. Касцёл – трохнефная базіліка з прамавугльнай апсідай. Быў накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад выдзелены 4-х калонным дарычным порцікам, які завяршаецца трохвугольным франтонам. Па баках порціка знаходзяцца нішы. Бакавыя фасады таксама з 4-х калоннымі порцікамі. Унутры храм падзелены на нефы 16 калонамі. Было 4 алтары. Касцёл знаходзіцца ў аварыйным стане.

Далей па шляху праедзеце праз дамбу да сядзібы Спытковых. З правага боку пабачыце маляўнічую сажалку з вадзяным млынам. Млын пабудаваны ў часы НЭП-у мясцовым прадпрымальнікам Пеўзнерам. Сядзіба знаходзіцца на пагорку і дамінуе над наваколлем. Сядзіба пабудавана напрыканцы 19 стагоддзя ў стылі неакласіцызму. Сядзібны комплекс уключае ў сябе: сядзібны дом, бровар, свіран, стайню і іншыя гаспадарчыя будынкі. Яшчэ гадоў 20 таму ў панскім доме знаходзілася мясцовая школа, але школу перавялі ў новы будынак, і помнік архітэктуры, на вялікі жаль,  пачаў прыходзіць у заняпад.

Краявіды і помнікі Расна абавязкова зацікавяць аматараў даўніны. А на мясцовай сажалцы ў гарачы летні дзень можна прыемна адпачыць і скупацца пасля дарогі. Калі па гаспадарску падыйсці да гістарычнай спадчыны Расна і захаваць старадаўнія  помнікі, то гэтае мястэчка стане сапраўдным упрыгожваннем нашай Магілёўшчыны.

Алег Дзьячкоў,

Магілёў.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Паказ мод Miami Swim Week 2019 Art Hearts Art Yaers Fashion TV
Культура

Паказ мод Miami Swim Week 2019 Art Hearts Art Yaers Fashion TV

14 жніўня 2019, 15:2923
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0619
80 гадоў Міколу Чарняўскаму
Культура

80 гадоў Міколу Чарняўскаму

25 студзеня 2023, 11:0617
Парламент Венесуэлы абвесціў пра надзвычайнае становішча
Грамадства

Парламент Венесуэлы абвесціў пра надзвычайнае становішча

13 сакавіка 2019, 09:3717
Далучайцеся да нас