30 сакавіка адзначыў 90-гадовы юбілей прафесар Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч.
Так ужо было суджана, што, нарадзіўшыся ў мястэчку Новы Свержань на Меншчыне і правёўшы маладыя гады ў Менску (спачатку студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым аспірантам гэтай прэстыжнай навучальнай установы), Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч усё сваё далейшае жыццё звязаў не са сталіцай рэспублікі, а з яе абласным цэнтрам – горадам Гародняй. Зрэшты, такі ход падзей у значнай ступені вызначыў сам будучы навуковец, які, востра адчуўшы настаўніцкае пакліканне, адмовіўся на размеркаванні выпускнікоў аспірантуры БДУ ад прапанаванага Дзяржаўнай камісіяй перспектыўнага месца ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук і, як згадвае юбіляр, “папрасіўся ў які-небудзь педінстытут”. Ім аказаўся Гарадзенскі.
Усё прыйшлося па душы маладому выкладчыку ў незнаёмым дагэтуль горадзе, які адразу стаў для яго другім домам: і бацька Нёман, які больш за сотню кіламетраў адсюль ахінае яго роднае мястэчка, і старажытныя пабудовы, і ціхія вуліцы з каштанамі, і прыветны прыём рэктара Гарадзенскага педінстытута Дзмітрыя Спірыдонавіча Маркоўскага, як і ўсяго калектыву кафедры літаратуры, на якой Аляксей Міхайлавіч пачаў працаваць у 1957 г.
Навуковы шлях Аляксей Міхайлавіч пачынаў як літаратуразнавец і гісторык літаратуры. У 1963 г. у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР абараніў кандыдацкую дысертацыю “Псіхалагічны аналіз і праблема характару ў прозе Кузьмы Чорнага” пад кіраўніцтвам Ю.С. Пшыркова, якая пазней увасобілася ў манаграфію “Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: аб прозе К. Чорнага” (Мінск, 1981). У іх прааналізаваны шэраг тэарэтычных катэгорый літаратуры і іх рэалізацыя ў творчасці К. Чорнага. Увайшоў у калектыў аўтараў акадэмічнага выдання “Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 2 : Лiтаратура XIX – пачатку XX ст.” (Мінск, 1969), а таксама ўніверсітэцкага падручніка з міні-стэрскім грыфам “Гісторыя беларускай літаратуры. ХІХ – пач. ХХ ст.” (Мінск., 1981), што быў дапрацаваны і перавыдадзены ў 1998 г.
З 1968 па 1974 год Аляксей Міхайлавіч узначальваў створаную кафедру беларускай літаратуры, да 1990 г. заставаўся яе дацэнтам. У 1971 г. быў прыняты як крытык і літаратуразнавец у Саюз пісьменнікаў БССР. Будучы ў цёплых, прыяцельскіх адносінах з вядомымі беларускімі літаратарамі, А. М. Пяткевіч запрашаў іх ва ўніверсітэт. Так, былі арганізаваны сустрэчы студэнтаў-філолагаў з В. Быкавым, У. Караткевічам, Р. Барадуліным, Г. Бураўкіным, Н. Гілевічам, А. Карпюком, В. Іпатавай і многімі іншымі.
На мяжы 80-х – 90-х гадоў, калі павысілася цікавасць грамадства да нацыянальнай культурнай спадчыны, А. М. Пяткевіч выступіў адным з ініцыятараў шырокага ўвядзення дысцыплін, звязаных з беларускай культурай, ва ўніверсітэцкія навучальныя праграмы. Была створана кафедра беларускай культуры, якую Аляксей Міхайлавіч узначальваў з 1991 па 2001 г. Ва ўніверсітэце Аляксей Міхайлавіч на філалагічным, а пазней на гістарычным факультэтах чытаў вялікі курс гісторыі беларускай культуры. Культура становіцца дадатковай спецыяльнасцю на дадзеных факультэтах, якія паслядоўна атрымоўваюць назву “філалогіі і культуры” і “гісторыі і культуры”. А. М. Пяткевіч выкладаў курсы “Музычна-тэатральная культура Беларусі (X-XVIII стст.)”, па гісторыі журналістыкі на Гарадзеншчыне.
У 1994 г. ВАК Расійскай Федэрацыі прысвоіў А. М. Пяткевічу званне прафесара. Прафесар А. М. Пяткевіч паспяхова перадае прыклад навуковай творчасці маладзейшаму пакаленню: пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны тры кандыдаты навук па спецыяльнасці “Гісторыя і тэорыя культуры”.
Гісторыя беларускай культуры і мастацтва, а таксама краязнаўства, рэгіяналістыка, біяграфістыка ўваходзяць у сферу навуковых даследаванняў А. М. Пяткевіча з канца 80-х-гадоў. Прафесар А. М. Пяткевіч вывучае ролю ў развіцці беларускай культуры Я. Купалы і Я. Коласа, А. Міцкевіча і Э. Ажэшкі, М. Васілька і А. Карпюка, Я. Карскага, І. Анацэвіча і многіх іншых. Акрамя вядомых імён, даследуе творчасць літаратараў, навукоўцаў і краязнаўцаў Гарадзеншчыны.
Вынікі даследаванняў А. М. Пяткевіч друкуе ў матэрыялах навуковых канферэнцый, у рэспубліканскіх, абласных газетах, выданнях беларускай дыяспары за мяжой. Таксама А. М. Пяткевіч апублікаваў каля двухсот энцыклапедычных артыкулаў у “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі”, “Беларускай энцыклапедыі”, “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, “Гродно. Энциклопедический справочник”, “Янка Купала. Энцклапедычны даведнік”. Грунтоўным унёскам у краязнаўства Гарадзеншчыны з’яўляюцца кнігі прафесара “Пісьменнікі прынёманскага краю” (Гродна, 1986), “Літаратурная Гродзеншчына. Мясціны. Людзі. Кнігі” (Мінск, 1996), “Старонкі спадчыны. Культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы” (Мінск, 2006). У навуковай інтэрпрэтацыі культурніцкіх працэсаў на Беларусі для прафесара А. М. Пяткевіча важную ролю заўсёды адыгрывала канкрэтная асоба творцы, яе лёс, характар, матывацыя і пачуццёвасць. Дадзены падыход прасочваецца ўсю творчую дарогу навукоўца і літаратурнага крытыка, пачынаючы з яго першых артыкулаў, манаграфій і ўвасобіўшыся ў біяграфічным даведніку “Людзі культуры з Гродзеншчыны” (Гродна, 2000), які стаіць на бібліятэчных паліцах моцна растрапаны праз павышаную папулярнасць чытачоў.
Спецыфічным навуковым інтарэсам А.М. Пяткевіча з’яўляецца гісторыя перыядычнага друку і кнігадрукавання Гарадзеншчыны, што адлюстравалася ў манаграфіях “Маршруты кніжнага слова. З гісторыі кнігі, друку на Гродзеншчыне” (Варшава, 2002), “Слова і кніга Прынёмання” (Гродна, 2016). Цікавасцю да кнігі А.М. Пяткевічу ўдавалася падзяліцца праз тэлеэкран: у 1973-74 і 1976-1989 гадах ён вёў на гарадзенскім тэлебачанні праграму “Кнігарня”, у якой знаёміў гледача з навінкамі мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры.
Унікальнай з’яўляецца падрыхтаваная А.М. Пяткевічам кніга-альбом “Аўтографы – разам” (Гродна, 2018), што змяшчае падаравальныя надпісы на кнігах з асабістай бібліятэкі Аляксея Міхайлавіча. Сярод 577 аўтографаў тут утрымліваюцца арыгінальныя пажаданні вядомых людзей, такіх як В. Быкаў, У. Караткевіч, Г. Бураўкін, Н. Гілевіч, Я. Брыль, Л. Геніюш, А. Мальдзіс, В. Іпатава і інш.
З нязменным клопатам аб захаванні і папулярызацыі нацыянальнай і рэгіянальнай спадчыны Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч спрычыніўся да стварэння Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-этнаграфічнага музея (Мастоўскі раён), а таксама музея Цёткі ў Астрынскай СШ (Шчучынскі раён), куды шчодра, па традыцыі, закладзенай папярэднікамі-асветнікамі, перадаваў свае рукапісы і кніжныя рарытэты.
І сёння, рупячыся аб нацыянальнай памяці, навуковец, пачынаючы з 2010-га, штогод рыхтуе і выпускае “Беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар (на матэрыяле Гродзеншчыны)”, змест якога складаюць круглыя даты прыкметных асоб і падзей рэгіёна. Да 90-гадовага юбілею прафесар А. М. Пяткевіч падрыхтаваў і выдаў кнігу сваіх успамінаў, што паслужаць важнай крыніцай па гісторыі як Купалаўскага ўніверсітэта, так і роднага краю.
Гэтакі пазітыўны настрой і заўсёдны аптымізм, адкрытасць разам з выключнай працаздольнасцю і неадступнай патрэбай служыць “высокім і святым інтарэсам” спрыялі педагагічнаму і навуковаму сталенню прафесара, на чыім творчым рахунку сёння 537 публікацый па літаратуразнаўстве, культуралогіі, краязнаўстве, сярод якіх 18 кніг, і тысячы ўдзячных вучняў, якім Аляксей Міхайлавіч прывіў асаблівую пашану і неабыякавасць да лёсу роднага краю і інтарэс да яго вывучэння.
Аляксей Пяткевіч шырока займаецца грамадскай дзейнасцю. Ён з’яўляўся старшынём Гарадзенскай гарадской рады ТБМ імя Ф. Скарыны (1989-2002 гг., 2004-2020 гг.), сябрам Рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны (2002-2021 гг.), сябрам рэдкалегіі газеты “Наша слова” (1997 г. -па сёння), сябрам Рэспубліканскага навуковага савета “Народная творчасць і быт беларусаў” (1978-1989), Міжнароднага камітэта беларусістаў (1990-2000 гг.), Міжнароднага камітэта славістаў (1990-1995 гг.), з’яўляецца сябрам Міжнароднага Купалаўскага фонду (з 1991 г.).
Спіс асноўных работ:
- Пяткевіч, А. М. Майстэрства партрэтнай характарыстыкі / А.М. Пяткевіч // Полымя. – 1958. – № 5. – С. 218-224.
- Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры / Акадэмія навук БССР, Інстытут літаратуры імя Я. Купалы. Т. 2 : Лiтаратура XIX – пачатку XX ст. / [рэдкалегія: В.В. Барысенка і інш.]. – 1969. – 616 с.
- Пяткевіч, А. М. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: аб прозе Кузьмы Чорнага / А.М. Пяткевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. – 157 с.
- Гісторыя беларускай літаратуры, XIX – пачатак XX ст.: падручнік для філалагічных факультэтаў педагагічных інстытутаў БССР / [Л.С. Голубева і інш.]. – Мінск : Вышэйшая школа, 1981. – 412 с.
- Пяткевіч, А. М. Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі. – Мн. : Выд. цэнтр “Бацькаўшчына”, 1996. – 96 с.
- Пяткевіч, А. М. Людзі культуры з Гродзеншчыны: даведнік / А.М. Пяткевіч. – Гродна : ГрДУ, 2000. – 354 с.
- Пяткевіч, А. М. Старонкі спадчыны: культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы / А.М. Пяткевіч. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 2006. – 239 с.
- Матыўная прастора беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя: манаграфія / [І. В. Жук, А.М. Пяткевіч і інш.]. – Гродна : ГрДУ, 2009. – 255 с.
- Пяткевіч, А.М. Музычна-тэатральная культура Беларусі (Х-ХVIII cтст.): дапаможнік па курсе “Гісторыя беларускага тэатра і кіно” для студэнтаў спецыяльнасці 1-03 01 08 – Музычнае мастацтва. Спецыяльныя музычныя дысцыпліны па курсе “Гісторыя беларускай культуры” для студэнтаў усіх спецыяльнасцей / А.М. Пяткевіч. – Гродна : ГрДУ, 2010. – 47 c.
- Пяткевіч, А.М. Слова і кніга Прынёмання / А. М. Пяткевіч. – Гродна : ЮрСаПрынт, 2016. – 207 с.
- Пяткевіч, А.М. Пратэстанцкая друкарня ў наднёманскім мястэчку / А.М. Пяткевіч // Маладосць. – 2017. – № 3. – С. 124-127.
- Пяткевіч, А.М. Аўтографы – разам / А.М. Пяткевіч. Гродна, ЮрСаПрынт, 2018. – 293 с.
- Пяткевіч, А.М. Водгулле з маёй дарогі. Успаміны / А.М. Пяткевіч. – Гродна : ЮрСаПрынт, 2021.