Да Дня смеху – 1 красавіка – у работнікаў Дома Таўлая адносіны асаблівыя. Па-першае, сам Валянцін Таўлай, чыё імя носіць літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея, у гады вайны пісаў гумарыстычна-сатырычныя вершы для партызанскай газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну!”. Па-другое, куратара Дома Таўлая, навуковага супрацоўніка музея Алеся Хітруна многае звязвае з беларускім гумарыстычным часопісам “Вожык” (які, дарэчы, сёлета адзначае 80-гадовы юбілей): яго гумарыстычныя творы не раз друкаваліся ў гэтым часопісе, з “Вожыка” пачаўся выхад Алеся на прасторы рэспубліканскага друку. А яшчэ куратар Дома Таўлая ездзіў на свята гумару ў Аўцюкі – беларускую сталіцу гумару. Нарэшце, па-трэцяе, сябруюць з гумарам лідскія паэты – у іх шмат адпаведных твораў. Вось і было вырашана ў Доме Таўлая адзначыць Дзень смеху адкрыццём выстаўкі “Мастацкая мікстура – шарж і карыкатура”, выстаўкі работ вядомага мастака-шаржыста Канстанціна Куксо (з эпіграмамі да гэтых шаржаў не менш вядомага беларускага паэта Рыгора Барадуліна).
– На Канстанціна Куксо я выйшаў праз беларускага літаратуразнаўца Сяргея Шапрана, з якім пазнаёміўся два гады назад у Менску, на кніжным фестывалі “Прадмова”, – расказвае Алесь Хітрун. – Тады ж я набыў кнігу Сяргея Шапрана “Беларускі гістарычны анекдот”, у якой сабраны анекдатычныя гісторыі з жыцця класікаў беларускай літаратуры. Аўтар кнігі збірае таксама шаржы, і на вокладцы кнігі змешчаны знакамітыя шаржы Канстанціна Куксо. Ёсць у літаратуразнаўца і кніга шаржаў мастака “Абразы без абразы”. Пазней праз інтэрнэт я звязаўся з самім шаржыстам, які жыве ў Маскве, папрасіў у яго дазволу на выкарыстанне ягонай кнігі “Абразы без абразы” для выстаўкі ў Доме Таўлая ў Лідзе. І ён дазволіў. Дарэчы, родам Канстанцін Мікіціч з Менска, скончыў філалагічны факультэт БДУ, яго шаржы змяшчаліся ў многіх беларускіх і расійскіх часопісах і газетах, у тым ліку ў часопісе “Вожык”.
Алесю пашанцавала, што патрэбная яму кніга шаржаў Канстанціна Куксо прысутнічала на выстаўцы мініяцюрных кніг з калекцыі мянчаніна Яўгена Ксяневіча, якая ладзілася ў Доме Таўлая год назад. Многія шаржы з кнігі Алесь тады сфатаграфаваў. У лідскіх бібліятэках гэтай кнігі, на жаль, няма. Пры падрыхтоўцы выстаўкі прыйшлося выкарыстаць таксама яе PDF-варыянт у інтэрнэце, архіў шаржаў, дасланы Сяргеем Шапранам.
Шаржы, прадстаўленыя на выстаўцы ў Доме Таўлая (больш за 40 работ), – на класікаў беларускай літаратуры, хаця ёсць у мастака і шаржы на беларускіх і расійскіх артыстаў, акцёраў, кампазітараў. Класікі хоць і выяўлены ў карыкатурным выглядзе, але не высмейваюцца – гэта проста погляд на іх мастака-шаржыста. Выстаўка, якая размясцілася ў калідоры літаратурнага музея, падніме настрой кожнаму, хто сюды зойдзе, падштурхне ўспомніць дзеячаў айчыннай літаратуры, былых і цяперашніх, убачыць іх асобы ў іншым ракурсе. Трэба адзначыць, што акрамя шаржаў Канстанціна Куксо і эпіграм Рыгора Барадуліна экспазіцыя змяшчае шаржы і эпіграмы іншых аўтараў. На выстаўцы таксама змешчаны памятныя сувеніры, прывезеныя Алесем Хітруном у 2012 годзе з беларускай сталіцы гумару – Аўцюкоў.
Першымі наведвальнікамі новай выстаўкі сталі ў дзень яе адкрыцця – 1 красавіка – лідскія паэты, у творчым багажы якіх ёсць гумарыстычныя творы (тады ж, на адкрыцці выстаўкі, у Доме Таўлая адбыўся своеасаблівы вечар гумару, на якім паэты выступалі, чыталі вершы, расказвалі смешныя гісторыі з жыцця). З вуснаў Алеся Хітруна прагучала прапанова да лідскіх паэтаў даслаць у Дом Таўлая анекдатычныя гісторыі пра сябе, каб у будучым гэтыя гісторыі сабраць у адной кнізе – лідскім аналагу кнігі Сяргея Шапрана “Беларускі гістарычны анекдот”. Праз газету Алесь Хітрун звяртаецца і да лідскіх мастакоў – паспрабаваць сябе ў ролі шаржыстаў і даслаць у літаратурны музей шаржы на паэтаў Лідчыны (канешне ж, без абразы – як у знакамітага Канстанціна Куксо).
Аляксей КРУПОВІЧ.