Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“САКАВІЦКАГА РЭХА – IV”

“САКАВІЦКАГА РЭХА – IV”

7 красавіка 2021, 00:26 Культура 50
“САКАВІЦКАГА РЭХА – IV”

Ужо стала традыцыяй ад-значаць Сусветны дзень паэзіі падвядзеннем вынікаў гарадскога конкурсу “Сакавіцкае рэха”, які ў чацвёрты раз ладзіць бібліятэка імя Янкі Купалы ўстановы культуры “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных бібліятэк г. Магілева” сумесна з Магілёўскай абласной арганізацыяй ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Магілёўскай гарадской арганізацыяй ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны”.

У гэтым годзе конкурс праводзіўся онлайн з наступнымі умовамі: на адрас арганізатараў конкурсу трэба было даслаць ад 1-го да 3-х вершаў свайго сачынення і відэаролік з выразным яго чытаннем.

У конкурсе прынялі удзел словатворцы розных узростаў і рознага сацыяльнага статусу. У склад журы ўвайшлі: Яраслаў Клімуць, кандыдат філалагічных навук, пісьменнік, выкладчык вышэйшай школы, Мікола Яцкоў, паэт, кампазітар-песеннік, старшыня Магілёўскага абласнога аддзяленя ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, Аляксей Карпенка, паэт, кіраўнік літаратурнага гуртка пры магілёўскай арганізацыі ТБМ, Галіна Жмачынская, загадчыца інфармацыйна-сервіснага сектара бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Ініцыятар конкурсу і вядоўца імпрэзы Тамара Аўсяннікава павіншавала прысутных са святам і сказала некалькі слоў-пажаданняў пачаткоўцам паэтам. Творчых поспехаў зычыла канкурсантам пісьменніца Таццяна Барысік. І па просьбе прысутных прачытала некалькі сваіх вершаў. Старшыня журы Яраслаў Клімуць падвёў вынікі паэтычнага конкурсу і ўручыў дыпломы і падзякі ўдзельнікам.

Пераможцай конкурсу ў намінацыі “Дарослыя” стала Вольга Шпакоўская. Яна даслала на конкурс 3 вершы, пранікнёна іх прачытала. Адзін з іх, прысвечаны любімай бабулі, якая нядаўна пакінула гэты свет:

 

– Дзетка, апранайся цяплей, –

казала мне бабуля познім летам.

Рэхам адгукаецца

                             ўва мне яе голас.

– Ты куды, мая родная, знікла? –

Гарачай хваляй па маёй душы.

Жалем перапоўнена сэрца.

Бабуля адкрывала для мяне зноў

і зноў нешта важнае, забытае…

А за парогам – вечар. Зіма.

Вострая адзінота. Без палёгкі.

 

Вольга Шпакоўская нарадзілася ў 1999 годзе ў Магілёве. Скончыла гістарычна-філалагічны факультэт МДУ імя А.А. Куляшова. Працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў школе № 34 г. Магілёва. Чатыры гады наведвала літаратурны клуб “Святліца”. Раней пісала на рускай мове, а вось апошнім часам звярнулася да беларускай. І паспяхова, бо ўжо друкавалася ў часопісе “Верасень”.

Другое месца заняла Рыма Сорына, якая нарадзілася ў Малдове, але даўно жыве ў Магілёве. І ведаюць яе тут як рускамоўную паэтку. А зараз яна ўзялася за пераклады сваіх вершаў на беларускую мову.

Трэцяе месца ў Іны Навумовіч, актыўнага ўдзельніка “Сакавіцкага рэха”.

Пераможца конкурсу ў намінацыі “Школьнікі” – Ганна Сергяенка, вучаніца 8 класа сярэдняй школы № 25 (кіраўнік Новікава Алеся Уладзіміраўна) прысвяціла свой верш выдатнаму пісьменніку і паэту Уладзіміру Караткевічу.

Другое і трэцяе месца ў вучняў сярэдняй школы № 21 (настаўніца Ірына Алегаўна Адзіянава): Ефрасінні Варапаевай (8 клас) і Стаса Ярмоленкі (6 клас).

Наймалодшы ўдзельнік конкурсу вучань 3 класа сярэдняй школы № 11 Уладзіслаў Баброў (настаўніца Святлана Аляксандраўна Ветрава) атрымаў падзяку за першыя крокі ў паэзіі.

Прыемна, што разам з пачаткоўцамі-паэтамі на падвядзенне вынікаў прыйшлі не толькі настаўнікі, але і бацькі.

 

Да пабачэння “Сакавіцкае рэха – 4”. Да сустрэчы “Сакавіцкае рэха – 5”!

Галіна Жмачынская, Магілёў.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5920
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0017
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0415
Далучайцеся да нас