Працявае прыцягваць увагу асоба гісторыка і краязнаўца Аляксея Сапунова, чыё 170-годдзе адзначаецца сёлета. Яго спадчыне быў прысвечаны круглы стол з удзелам навукоўцаў, архівістаў і бібліёграфаў, які прайшоў 17 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Гісторык і краязнавец Аляксей Парфёнавіч Сапуноў, нашчадак дваранскага роду, які апісаў гісторыю Віцебска, Полацка, Веліжа, Усвятаў, Невеля, удзельнічаў у перанясенні мошчаў Еўфрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк у 1910 годзе, быў дэпутатам Дзяржаўнай Думы III cклікання, чытаў лекцыі па беларусазнаўстве ў 20-тыя гады, быў зацверджаны на пасадзе прафесара, пакінуў багатую гістарычную спадчыну, перадаў свае кнігі (у тым ліку Статут ВКЛ 1588 года) ў зборы Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (сёння НББ), быў доўгі час незаслужана забытым.
У савецкія гады ён лічыўся буржуазным гісторыкам, і толькі ў 1991 годзе яго імя было вернута грамадскасці, зладжана навуковая кан-ферэнцыя. У яго гонар планавалі назваць сквер у цэнтры Віцебска, а атрымалася вуліца на ўскрайку горада.
Падчас правядзення круглага стала ў НББ 17 сакавіка былі агучаны забытыя факты з жыцця рупліўца беларушчыны, ушанавана яго дзейнасць.
Таццяна Мікалаеўна Захарава, загадчыца музейнага сектара навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі распавяла пра кнігазбор А.П. Сапуно-ва ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша звярнуў увагу на знакаміты “згублены” Статут ВКЛ 1588 г. са збораў Аляксея Сапунова. У 1920-х гг. ён трапіў у зборы Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі. Аляксей Сапуноў прапанаваў дырэктару бібліятэкі Іосіфу Сіманоўскаму набыць Статут і іншыя каштоўныя кнігі са свайго кнігазбору, што пасля пэўных выпрабаванняў і адбылося. У часе Другой сусветнай вайны Статут знік. Праз пэўны час ён трапіў у Беларускую бібліятэку і музей імя Ф. Скарыны ў Лондане.
Надзея Пятроўна Варламава, загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, паведаміла пра архіў А.П. Сапунова ў фондах музея.
Захаваўся асабісты альбом А.П. Сапунова, які ўтрымлівае 142 дакументы да біяграфіі гісторыка з 1883 па 1924 г. Дакументы ў альбоме адлюстроўваюць асноўныя этапы жыццёвага і навукова-даследчага шляху гісторыка.
Сярод найбольш цікавых комплексаў вылучаюцца дакументы аб яго ўдзеле ў дзейнасці Дзяржаўнай Думы трэцяга склікання, пасведчанне дэпартамента Герольдыі Сената аб прызнанні А.П. Сапунова ў спадчынным дваранстве, віншаванні з нагоды 25-годдзя выкладчыцкай і навуковай дзейнасці, пасведчанні аб прысваенні вучонаму Увараўскай прэміі, дыпломы аб абранні яго членам Маскоўскага археалагічнага інстытута, дзейсным членам Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства, Рускага археалагічнага таварыства і інш. Сярод дакументаў змешчаны лісты А. Семянтоўскага, Б. Эпімах-Шыпілы, Д. Даўгялы, П. Шэйна, а таксама ліст ад І. Рэпіна з падзякай за падараваныя асобнікі кніг “Віцебская даўніна”.
Святлана Мікалаеўна Мясаедава, вядучы архівіст Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, нагадала пра дакументы Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці аб жыцці, дзейнасці і спадчыне Аляксея Парфёнавіча Сапунова.
Пасля 1917 г. гісторык працаваў у савецкіх установах. У Віцебскім губернскім статы-стычным бюро ён узначальваў секцыю дэма-графічнай статыстыкі (1918-1919), спрабаваў сабраць разам і зберагчы метрычныя кнігі цэркваў, касцёлаў. У Віцебскім губернскім архіўным фондзе (1919-1922) кіраваў так званым “другім аддзелам”, займаўся абследаваннем ліквідаваных архіваў дырэкцый вучэбных, навуковых, фінансавых, гандлёвых, гарадскіх устаноў, паштова-тэлеграфных кантор. 67-гадовы прафесар наве-дваў такія месцы, куды цяжка было дабрацца ў той неспакойны час. Ехаў па магчымасці цягніком, а часцей за ўсё – на конях, хворых і галодных. Адначасова Аляксей Парфёнавіч працаваў і як інструктар камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва (1920-1921), дапамагаў арганізоўваць музейныя ячэйкі ў Суражскім, Сенненскім, Полацкім паветах. Матэрыяльная становішча навукоўца было вельмі дрэнным.
Ён з’ехаў са сваёй сядзібы ў вёсцы Бернікі ў Віцебск “для разбору архіўных дакументаў”, валасны выканкам аддаў дом Аляксея Парфёнавіча, адзіную яго маёмасць, “нейкім чырвонаармейцам”, якія хутка разабралі і перавезлі яго у суседнюю вёску. Да канца жыцця вучоны жыў на кватэры, якую здымаў. Ён атрымаў пенсію за два дні да смерці.
Ірына Уладзіміраўна Градоўкіна, загадчыца навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі паведаміла пра дзейнасць А.П. Сапунова ў Віцебскай вучо-най архіўнай камісіі (1909-1919).
Гэта арганізацыя, нягледзячы на кароткі перыяд існавання, стала своеасаблівым навуковым, адукацыйным, культурным цэнтрам, які кансалідаваў мясцовую інтэлігенцыю ў справе аховы гістарычных помнікаў, даследавання і папулярызацыі гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, археалогіі роднага краю, збірання прадметаў даўніны, выяўлення старажытных дакументаў.
Людміла Уладзіміраўна Хмяльніцкая, гісторык, рэдактар гістарычнага навукова-папулярнага альманаха “Віцебскі сшытак” сабрала звесткі пра ўшанаванне памяці прафесара А.П. Сапунова ў перыяд з 1924 па 2021.
Аднаўленне памяці пра вучонага пачалося намаганнямі Н. Дарафеенка, затым у 1960-я і 1970-я гг. – А. Падліпскага. Аднак, 1000-год-дзе Віцебска было адсвяткавана без згадак пра Сапунова, тым не менш з 1980-х гг. імя славутага віцябляніна, дзякуючы выхаду шэрагу края-знаўчых прац па гісторыі нашага краю, пачало вяртацца ў беларускую навуку.
Сапраўднае аднаўленне памяці пра гісторыка пачалося з 1990-х, калі ў Віцебску пачалі праводзіць чытанні імя А.П. Сапунова, круглыя сталы, адзначаць яго юбілеі, пачало дзейнічаць грамадскае аб’яднанне “Віцебскі краязнаўчы фонд імя Сапунова”, а таксама выходзіць прысвечаныя яму кнігі (аўтарства А. Падліпскага, Л. Хмяльніцкай, Д. Газіна) і ўрэшце быў пастаўлены памятны знак у гонар славутага віцябляніна на месцы фальварка Кахоўка, які належаў раней Сапуновым. За апошнія два дзесяцігоддзі выйшаў шэраг артыкулаў па матэрыялах гісторыка аўтарства В. Шышанава, Н. Шаркоўскай, В. Давідоўскай, Н. Варламавай.
Выстава ў гонар 170-годдзя з дня нара-джэння А.П. Сапунова і навуковы круглы стол – важныя звенні ў ланцужку ўшанавання памяці, а таксама ўвагі да навуковых прац знакамітага гісторыка і краязнаўца, сапраўднага рупліўца даўніны з Віцебска.
Нядаўна зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі “Книжное наследие А.П. Сапунова” быў выдадзены Нацыянальнай бібліятэкай, – паведаміў А.А. Суша. Выстава “Руплівец беларускай даўніны” ў траўні будзе экспанавацца ў Віцебску.
Падрыхтавала Э.Дзвінская.