Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“Галоўнае, каб беларус з беларусам пачаў размаўляць па-беларуску”

“Галоўнае, каб беларус з беларусам пачаў размаўляць па-беларуску”

31 сакавіка 2021, 23:08 Мова 30
“Галоўнае, каб беларус з беларусам пачаў размаўляць па-беларуску”

Цікаўнасць людзей да роднай мовы становіцца ўсё больш відавочнай у розных кутках краіны. А калі б колькасць такіх людзей узрасла ў сотні разоў? У тысячы? А калі б бацькі напісалі заявы аб выбары адукацыі сваіх дзяцей у садках і школах на беларускай мове? Гэта б ужо была воля народа, перакананая жыхарка Слуцка Алена Дубіцкая.

 – Большую частку свайго жыцця я жыла ў вёсцы Сорагі Слуцкага раёна, дзе была беларускамоўная школа, і там увогуле не было моўнай праблемы. У Слуцку ж няма аніводнай беларускай школы. Калі дзесяць гадоў таму я пераехала з вёскі ў Слуцк, пачала з суседзямі па пад’ездзе размаўляць на рускай мове. Якое ж было маё здзіўленне, калі суседзі адказвалі мне па-беларуску! Высветлілася, што большасць жыхароў майго дома таксама пераехалі з вёсак, каб працаваць на Слуцкім мясакамбінаце.

У нашым мікрараёне знаходзяцца дамы цукровага камбіната, жыхары якога таксама з лёгкасцю падтрымліваюць размову па-беларуску.

У цэнтры горада ўжо інакш. Адказваюць на рускай мове, але многія хваляць мяне і дзякуюць за родную мову. Відавочна, што так размаўляю не я адна, бо прадавачкі даволі звыкла пачалі казаць “дзякуй”, “калі ласка”. Так, была сведкай, як жанчына ў вулічным шапіку купляла малочныя прадукты і замаўляла іх на добрай беларускай мове. Прадавачка ў адказ прыязна пасміхалася і нават пажадала “смачна есці”. У шапіку, дзе прадаюцца газеты, прадавачка не толькі падзякавала па-беларуску і пажадала “ўсяго найлепшага”, але і паабяцала наступны раз поўнасцю абслужыць па-беларуску.

 

Паводле слоў Алены Андрэеўны, аднойчы яна ўсё ж такі сутыкнулася з абразай беларускай мовы.

 

– У сувязі з эпідэміяй каронавіруса я цяпер меней камунікую з людзьмі на вуліцах. Таму зарэгістравалася ў суполцы-чаце “Слуцкая телега”. Там больш за 2 тысячы ўдзельнікаў. Допісы і каментары ў большасці рускамоўныя. Аднойчы ў адказ на мой беларускамоўны каментар адзін з удзельнікаў чата назваў беларускую мову “сабачай”. Была вельмі здзіўлена рэакцыяй шматлікіх рускамоўных случчан, якія “на-кінуліся” на аўтара зняважлівага каментара. Людзі пісалі пра неабходнасць павагі да роднай мовы. Называлі яго “небеларусам” і нават прапаноўвалі пакінуць краіну, заблакаваць карыстальніка і г. д. Магчыма, гэты ўдзельнік чата быў заблакаваны адміністратарам альбо змяніў нік, бо такіх абраз болей я не сустракала. Наадварот, пасля гэтага выпадку павялічылася нават колькасць беларускамоўных каментароў, а “Слуцкая телега” нават ператварылася ў “Слуцкі воз”.

 

– Як уратаваць нашу мову ў такіх неспрыяльных абставінах, калі ўлада з дзвюх дзяржаўных моў фактычна падтрымлівае толькі адну – расійскую?

 

– Мова – галоўны вынік развіцця беларускай культуры. Люстэрка нашага існавання, адбітак нашых душ. Аніякія прагматычныя інтарэсы не прыводзяць да нацыянальнага абуджэння народа. Нішто не зможа перамагчы волю людзей, калі яна моцная і калі яна ёсць. Заўсёды можа стацца так, як гэтага захочуць людзі. Можна без вялікай бойкі, без шуму і страт у корані перамяніць становішча і высока падняць беларускую мову ў нашай краіне. Патрэбныя толькі ахвота і крышку змагання. А галоўнае, каб беларус з беларусам пачаў размаўляць па-беларуску. У мяне ёсць адчуванне, што многія людзі пачынаюць гэта разумець.

 

– Наколькі ведаю, вы таксама робіце спробы беларусізаваць прадукцыю прадпрыемстваў?

 

– Так, я вяду перапіску з многімі прадпрыемствамі: прашу беларусізаваць надпісы на ўпакоўцы прадуктаў, этыкеткі. Часта атрымліваю ў адказ, што “ў нас дзве дзяржаўныя мовы” і рускамоўнае афармленне не супярэчыць заканадаўству. Некаторыя камбінаты аргументуюць адмоўны адказ тым, што экспартуюць прадукцыю ў Расію. Як быццам расіяне не змогуць зразумець, што яны купляюць, калі замест “сахара” будзе напісана “цукар”.

Радуе, што пасля дзвюх старонак аргументацыі на карысць дзяржаўнай рускай мовы напрыканцы тое ж ААТ “Слуцкі сыраробчы камбінат” паведаміла, што “пры распрацоўцы новых этыкетак і закупцы новага пакавання ўлічыць пажаданні спажыўцоў аб маркіроўцы прадукцыі на беларускай мове або на беларускай і рускай мовах”. Тое ж самае паабяцала і ААТ “Здравушка-мілк”.

Разам з маёй знаёмай у сярэдзіне лютага наведалі нашу слуцкую цэнтральную пошту (аддзяленне сувязі Слуцк – 9). Калі тая выказала пажаданне атрымаць квіток на падпіску на беларускай мове, высветлілася, што ў наладах моўнай панэлі адсутнічала беларуская мова. Пасля запісу ў кнізе заўваг і прапаноў аб магчымасці атрымання паслугі па-беларуску атрыманы адказ, што цяпер рэалізавана магчымасць уводу даных на беларускай мове. І, што цікава, адказ кліентцы быў дастаўлены наўпрост у рукі, а супрацоўніца службы дастаўкі пры ўручэнні заказной карэспандэнцыі прадэманстравала добрую беларускую мову.

 

А калі б колькасць такіх людзей узрасла ў сотні разоў? У тысячы? А калі б бацькі напісалі заявы аб выбары адукацыі сваіх дзяцей у садках і школах на беларускай мове? Гэта б ужо была воля народа.

Зінаіда Цімошак,

г. Слуцк.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Незабыўны Альберт Паўловіч
літаратура

Незабыўны Альберт Паўловіч

21 лістапада 2025, 13:3822
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0919
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0618
ЦВК зьняў забарону на здыманьне фота на выбарчых участках
Грамадства

ЦВК зьняў забарону на здыманьне фота на выбарчых участках

8 жніўня 2019, 16:1318
Далучайцеся да нас