На працягу многіх сотняў гадоў кніга з’яўляецца для чалавека крыніцай ведаў, светачам ісціны, зборам мудрасці. Да гэтага часу нішто не змагло замяніць друкаваную кнігу: ні тэлевізар, ні смартфоны, ні электронныя кнігі. Як ні імкнуцца людзі вынайсці чарговую навінку для грамадства, а кніга ўсё роўна застаецца тым адзіным і верным сябрам і дарослым, і дзецям.
У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў, з нагоды Дня праваслаўнай кнігі адбылася сустрэча вучняў 8″Б” класа сярэдняй школы №11 г. Ліды з настаяцелем храма Усіх Святых протаіерэем Уладзімірам Яромічам. Тэмай сустрэчы стала “Праваслаўная кніга: гісторыя і сучаснасць”.
Разам з дарослымі навучэнцы разважалі пра значэнне праваслаўнай кнігі ў жыцці чалавека. Таксама васьмікласнікі мелі магчымасць убачыць, наколькі змяніліся праваслаўныя кнігі ад знешняга выгляду да зместу, змаглі пачытаць старонкі старажытных царкоўных кніг, пазнаёміцца з навінкамі праваслаўнай літаратуры за апошні час.
Падчас сустрэчы адбыўся прагляд відэапрэзентацыі “Гісторыя стварэння кнігі”, пасля чаго айцец Уладзімір распавёў навучэнцам аб прызначэнні богаслужбовых кніг і іх значэнні ў жыцці храма і праваслаўных вернікаў, а таксама патлумачыў школьнікам, наколькі неабходна кніга для кожнага чалавека на працягу ўсяго жыцця.
Мерапрыемства, якое праходзіла ў школьнай бібліятэцы, прыцягнула ўвагу падлеткаў яшчэ і тым, што для іх была арганізавана выстава праваслаўнай літаратуры.
У завяршэнне сустрэчы святар падзякаваў навучэнцам за актыўны ўдзел і пажадаў усім поспехаў у вучобе.
Наталля Анашкевіч,
класны кіраўнік 8 Б класа.