Горад Магілёў яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага з’яўляўся буйным асяродкам праваслаўя з мноствам старажытных храмаў. Спаская царква ў Магілёве выконвала асаблівую ролю, бо Спас лічыўся заступнікам нашага горада. Спаская царква ў Магілёве вядомая з 1478 года. Будынак быў драўляны. Пры храме быў манастыр з манаскімі келлямі. У 1578 годзе кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый даў архіепіскапу Феафану (Багдану) Рэпінскаму грамату на манастыр, але пазней перадаў яго мяшчанам.
У 1594 годзе пабудавана новая царква. З 1618 года, калі магілёўцы не пусцілі ў горад уніяцкага архіепіскапа Іясафата Кунцэвіча, манастыр з царквой на доўгі час пераходзіць да ўніятаў. Амаль трыццаць год манастыром кіраваў намеснік Гервасій Гас-цілоўскі. У 1632 кароль Уладзіслаў IV у сваіх “Артыкулах заспакаення рэлігіі грэчаскай” прызначыў манастыр для рэзідэнцыі епіскапаў Магілёўскай праваслаўнай епархіі, але сойм зноў замацаваў яго за ўніятамі. Па Збораўскай дамове з 1649 года манастыр вяртаецца да праваслаўных, і ў ім жыве епіскап Іосіф Канановіч-Гарбацкі. У 17 стагоддзі, калі манастыр перайшоў да праваслаўных, у ім была зацверджана кафедра епіскапа і, адпаведна, кафедральным саборам стала Спаская царква. У час Паўночнай вайны ў 1708 годзе, калі па загадзе маскоўскага цара Пятра І Магілёў быў цалкам спалены, згарэў і драўляны будынак храма разам з манастыром. І ў 1710 годзе з дошак была пабудавана часовая царква, якая стаяла на падпорах і “хісталася ад ветру”.
У 1740 годзе быў урачыста закладзены мураваны сабор, на які расійская імператрыца Ганна Іаанаўна загадала выдаткаваць 10 тысяч залатых рублёў. Храм павінен быў размяшчацца над высокай Дняпроўскай кручай і яго выява здалёк была добра бачная. Значную фінансавую дапамогу аказвала і імператрыца Елізавета Пятроўна, а яе каштоўныя падарункі захоўваліся ў царкве яшчэ ў пачатку 20-га стагоддзя.
Магілёўскія епіскапы Іосіф і Геранім Валчанскія клапатліва кіравалі будаўніцтвам. У 1742 годзе будынак быў пабудаваны ўжо на палову. А ў 1748 у часы Гераніма Ваўчанскага будаўніцтва дайшло да ўзроўню даху, але ў тым жа годзе здарыўся моцны пажар, і ад новага храма засталіся толькі сцены. У 1754 годзе Г. Ваўчанскага пахавалі ў алтары недабудаванага храма.
У 1755 г. у Магілёў быў запрошаны новы епіскап з Украіны, рэктар Кіева-Магілянскай акадэміі Георгій Каніскі. Епіскап Георгій быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу: грамадскі дзеяч, філосаф і педагог. Дабудавана Спаская царква была менавіта дзякуючы Г. Каніскаму, па запрашэнні якога ў 1756 годзе з Вільні прыехаў вядомы архітэктар Іаган Крыштаф Глаўбіц. Г. Каніскі як заказчык падкрэсліваў, што гэты дойлід “у саёй справе мастак і ў дагаворах пастаянны”. Георгій Каніскі быў пахаваны ў новай мураванай Спаскай царкве і над яго магілай была замацавана медная дошка з эпітафіяй, якую ён сам напісаў:
Колыбель – Нежин, Киев мой учитель,
Я в тридцать восем лет назван:
Святитель.
Семнадцать лет боролся я с волками.
А двадцать два, как Пастырь,
отдохнул с овцами.
За претерпенные труды и непогоду
Архиепископом и Членом стал Синоду,
Георгий именем, я из Конисских дому,
Коню подобен был я почтовому.
Тут трупа моего зарыты кости.
В год семисотый пятый девяностый.
Архітэктар Іаган Глаўбіц (1700 – 1767) – адзін з найбольш вядомых і запатрабаваных архітэктараў у Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне 18 стагоддзя. Стваральнік і самы яскравы прадстаўнік архітэктурнага стылю віленскага барока. Даследчыкі адзначаюць, што яскравай асаблівасцю стылю Глаўбіца з’яўляюцца дзве высокія шматярусныя вежы на галоўным фасадзе, а паміж імі фігурны франтон. Майстар выконваў заказы прадстаўнікоў розных канфесій: каталікоў, праваслаўных, уніятаў і пратэстантаў. На Беларусі Глаўбіцам былі пастаўлены вядомыя помнікі архітэктуры: адбудаваны пасля Паўночнай вайны Сафійскі сабор у Полацку, царква ў Сталовічах, кармеліцкі касцёл у Мсціславе, палац епіскапа і Спаская царква ў Магілёве…
Узнёслы сілуэт Спаскай царквы ўзвышаўся над поймай Дняпра і выразна вылучаўся сярод жылой забудовы верхняга горада. Разам з Багаяўленскім манастыром і ратушай царква з’яўлялася архітэктурнай дамінантай гістарычнага цэнтра Магілёва. Галоўным фасадам яна была арыентавана ў бок ратушы, а алтарнай часткай выходзіла да палаца епіскапа. Пры ўзвядзенні будынка І.Глаўбіц ўлічыў канкрэтныя ўмовы і традыцыі, якія існавалі ў той час у культавым дойлідстве Магілёва. А таму ў архітэктуры царквы былі выкарастаны будаўнічыя прыёмы магілёўскай школы дойлідства. Згодна з беларускім гісторыкам архітэктуры Тамарай Габрусь, Спаскі сабор меў незвычайную для праваслаўя трохнефную крыжова-купальную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Архітэктурны тэрмін “неф” азначае “карабель”, прадаўгаватае памяшканне, частка інтэр’ера, абмежаваная з аднаго ці двух бакоў радам калон , або слупоў. Бывае неф сярэдні, бакавы і папярочны (трансепт).
Працяг будзе.
Алег Дзьячкоў. Магілёў.