Пасля перапынку аднавілася штомесячнае правядзенне пасяджэнняў літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Знамянальна, што першае ў бягучым годзе такое паседжанне было прысвечана выхаду новай – ужо сёмай – кнігі аднаго з найстарэйшых і найбольш аўтарытэтных лідскіх пісьменнікаў Уладзіміра Гаўрылавіча Васько. Называецца гэта новая кніга “На перавалах часу”.
Уладзімір Васько – асоба даволі вядомая на літаратурнай Лідчыне (ды і не толькі Лідчыне). Амаль трыццаць гадоў ён аддаў працы ў “Лідскай газеце”, у тыя ж гады быў кіраўніком літаратурнага аб’яд-нання пры ёй (дарэчы, ён жа даў літаб’яднанню назву – “Суквецце”). З 2007 года з’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Як пісьменнік друкуецца ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку. Выдаў кнігі паэзіі “Прасветленасць” (1981), “На схілах берагоў” (1997), “Кругазварот жыцця” (2011), кнігі прозы “Лясная рап-содыя” (2013), “Зігзагі лёсу” (2017, аўтабіяграфічная кніга), кнігі паэзіі і прозы “Энергія душы” (2018), “На перавалах часу” (2021).
У кнізе “На перавалах часу”, акрамя традыцыйных раздзелаў “Вершы” і “Проза”, ёсць новыя для аўтара раздзелы: “Байкі”, “Разважанні аб літаратуры” (у апошні ўвайшлі рэцэнзіі Уладзіміра Гаўрылавіча на кнігі асобных лідскіх паэтаў). Па ўласным прызнанні аўтара, работа яго над новай кнігай пачалася не з вершаў, а з аповесці “Памылка”, якая спачатку была задумана як апавяданне. Аўтару падуладны розныя літаратурныя жанры: вершы, байкі, апавяданні, аповесці. У якім бы жанры ён ні пісаў, мова твораў сакавітая і вобразная, думкі аўтара глыбокія, кожны твор дыхае энергіяй душы творцы – душы, якая імкнецца ўвабраць у сябе сусвет, зліцца з навакольнай прыродай, жыва рэагаваць на розныя праявы жыцця. Аўтар задумваецца над пройдзеным жыццёвым шляхам, над прызначэннем паэта, над лёсам чалавецтва і ўсёй планеты.
За герояў яго празаічных твораў перажываеш, з цікавасцю сочыш за тым, як складваецца іх лёс, як складваюцца іх адносіны паміж сабой. Байкі напоўнены жывым народным гумарам, тра-пнымі апісаннямі дзейных асоб (пераважна жывёл), раскрыццём іх характару праз асаблівасці іх мовы. А ў вершах чытач знойдзе і пейзажную, і інтымную, і грамадзянскую, і філасофскую лірыку. Аўтар улюбёны ў жыццё, поўны стваральнай энергіі, жадання дзейнічаць, пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку.
Хачу абняць душой сусвет.
Кіпіць энергія, бы магма.
Не афрыканская я малпа,
а просты сённяшні паэт.
Паэт умее радавацца кож-наму дню, заўважаць незвычай-нае і прыгожае ў звы-чайным:
Глядзі, які радасны, велічны дзень!
Якія цюльпаны, ружы якія!
На лісці зялёным, зусім маладым,
расінкі брыльянтамі
свецяцца ярка.
Квітнее вясёлка, квітнеюць сады.
Бывай, дажджавая
пралётная хмарка!
Пазбавіцца ад дрэннага настрою, ад тугі паэту дапамагаюць навакольная прырода, мясцовыя краявіды. Паэт разумее мову прыроды, умее ўбачыць у яе з’явах штосьці незвычайнае: “я з дубам гаманю, бы з атаманам”, “стаіўся корч ваўчыцаю галоднай”, “музычна плюскаюцца хвалі і дражняцца з прыгнутаю лазой”. Прырода (напрыклад, лес) уздымае настрой, натхняе на новыя вершы:
Прызнацца, весела тут мне,
прасторна новенькай задуме.
Знаходжу тэмы я ў дупле
і ў гняздзе дразда на дубе.
Уражваюць таксама па-сапраўднаму паэтычныя, узнёслыя, рамантычныя вобразы інтымных вершаў. Напрыклад:
…Юная каханая мая
мне падарыла залатыя вёслы,
і лодку з пазалочанай кармой,
і ветразь, нібы лебедзь,
белы-белы…
Або такія параўнанні, метафары: “у цябе паходка нібы хваль акорд”, “салаўіны песенны прыбой”, “блікі сонца грудзі цалавалі” і г. д.
Ёсць у кнізе і вершы, у якіх аўтар задумваецца над будучым Зямлі, выказвае свае хваляванні з нагоды глабальных экалагічных праблем, узброеных канфліктаў у розных кропках планеты, а таксама пажаданні, “каб на Зямлі ўсе жылі ў вечнай згодзе”, “захаваць багацці нашы ў нетрах, стронцыям зямлю не запляваць”. “Калі заменім атамную бомбу на свежы і салодкі, смачны кекс?” – задаецца пытаннем аўтар.
І, канешне ж, аўтару блізкая тэма паэта і паэзіі. Ён гаворыць, што голас сапраўднага паэта прыемны для слыху, у гэтым голасе не адчуваецца здрады, фальшы і ён прыходзіць да паэта ад Бога. Паэт раіць такому ж паэту:
Не спі, а твары па начах,
эпітэты складвай, як дровы.
Каб талент зусім не зачах,
шапчы ад бяздушша замовы.
Круціся, хвалюйся, гары…
Асобны верш аўтар кнігі прысвяціў літаб’яднанню “Суквецце”. Верш “Літаб’яднанню “Суквецце””, а таксама некаторыя іншыя вершы Уладзіміра Васько былі зачытаны падчас прэзентацыі яго новай кнігі ў раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На прэзентацыі, акрамя лідскіх паэтаў, прысутнічалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар “Лідскай газеты” Кацярына Серафіновіч, намеснік старшыні Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Станіслаў Суднік, галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Галіна Курбыка, некаторыя сябры Уладзіміра Васько. Прысутныя віншавалі Уладзіміра Гаўрылавіча з выхадам новай кнігі і жадалі яму моцнага здароўя, нязгаснага натхнення, новых творчых здабыткаў, яшчэ шмат гадоў тварыць і прыходзіць на паседжанні “Суквецця”.
Аляксей КРУПОВІЧ
Уладзімір ВАСЬКО
* * *
Ад зоркі да зоркі – мой крок.
Натхнёны іду па сусвеце.
Абвостраны слых, абвостраны зрок.
Насустрач Купала едзе ў карэце.
Спыняе каня і руку падае,
у Вязынку просіць заехаць –
і радасць з вялікай нагоды тае
пульсуе на Марс і на Месяц.
З Купалам паўсюль прагну быць –
у вёсках і буйных сталіцах,
і нацыі верна служыць,
і краем сваім ганарыцца.
Пацалавацца
Раскладу касцёр па-над ракой,
буду ім да ночы любавацца.
Я хачу спаткацца тут з табой,
я хачу з табой пацалавацца.
Будзе міла полымя шугаць,
будзе дым над гаем слацца, слацца.
Хай гарыць агнём мая туга!
Ты бяжы сюды пацалавацца!
Салаўіны песенны прыбой
стане з чыстым небам хвалявацца.
Я хачу сустрэцца тут з табой,
я хачу з табой пацалавацца.
Уяўленне
На месцы не ўтрымаецца ўяўленне:
яму зацесны ціхенькі куток.
Яно то вылівае на патэльню
з бялка аблокаў сонечны жаўток,
то гойсае з планеты на планету,
абы пад цёплай коўдрай не драмаць,
то памагае здольнаму паэту
метафары ў космасе шукаць.
Яго не схопіш, як быка за рогі,
не кінеш, бы саломінку пад плот.
У яго непрадказальныя дарогі,
няўлоўны, не заблытаны палёт.