• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 20 красавіка 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Успаміны пра дзяцінства, або ў што апраналі Галінку ў даваенны час

Успаміны пра дзяцінства, або ў што апраналі Галінку ў даваенны час

22 сакавіка 2021, 23:50 Культура 2
Успаміны пра дзяцінства, або ў што апраналі Галінку ў даваенны час

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрылася незвычайная выстава дзіцячага адзення 1920-35-х гг. Дзіцячая этнаграфія такой даўнасці – увогуле, рэдкая з’ява для многіх фондаў устаноў культуры. Цікава, што адзенне належыць уладальніцы, якая яго насіла і жыве дагэтуль у в. Голдава Лідскага раёна. Знаёмцеся, гэта Кавальчук Галіна Дзмітрыеўна. У 2020 годзе яна адсвяткавала свой 90-гадовы юбілей!

Сустрэча з гэтай цудоўнай жанчынай адбылася падчас палявых даследванняў у Лідскім раёне з мэтай збору дадатковай інфармацыі па традыцыйным сялянскім касцюме першай паловы ХХ ст. Сярод добразычлівых людзей раёна з актыўным жаданнем дапамагчы этнографу апынулася і старшыня Ходараўскага с/с Баклага Зоя Іванаўна. З разуменнем справы, яна не толькі падзялілася ведамі гісторыі сваёй мясціны, але спрыяла ў пошуках сталых жыхароў вёскі для ўдакладнення мінулых падзей. Выявілася, што і матуля Зоі Іванаўны, Галіна Дзмітрыеўна, з’яўлялецца той самай жывой сведкай першай паловы ХХ ст. Дзякуючы бабулі падцвердзіліся гістарычныя факты, напісаныя ў літаратурных крыніцах, і з’явіліся новыя, характэрныя для Лідскага раёна, былі запісаны назвы слоў прадметаў адзення на мясцовым дыялекце в. Вялікае Сяло.

Самым захапляльным атрымаўся яе аповяд пра ўклад жыцця ў тагачаснай вёсцы, пра дзяцінства і пра тое, у што яе апранала мама да Айчыннай вайны:

– Дзіцячае адзенне ў нашай сям’і замаўлялі тутэйшай краўчысе. Шылі з даматканага палатна, перашывалі з дарослага адзення, пашытага з куплёных тканін, – распавядала Галіна Дзмітрыеўна. – Паколькі я была малодшай у сям’і, акрамя новых убораў, мне ў спадчыну пераходзіў гардэробчык старэйшай сястрычкі Ганначкі.

Высветлілася, што шапачкі на галоўкі дзецям звычайна матулі шылі самі. Гладкія шапачкі з завязкамі пад бараду, пашытыя шчыльна па галаве з баваўнянай тканіны, мелі назву “каптурыкі”, з рушачкамі – шапачкі з “чубкамі”.

Немаўлят спавівалі да паўгода мяккімі льнянымі пялёнкамі і перавязвалі шырокім тканым поясам (каля 3 – 3,5 см) без узору, які называлі “спавівач”. Рабілі гэта так: вызначалі сярэдзіну пояса, пачыналі абмотваць дзіця ад грудзей пад спіну, перакрыжоўваючы канцы, потым наверх і гэтак далей, захопліваючы ножкі, “каб роўненькія былі”, і ўнізе замацоўвалі пояс вузельчыкам. Пад галаву дзецям клалі маленькія падушачкі, напханыя сенцам або пер’ем.

Самы цікавы сярод дзіцячых рэчаў – гэта камплект для хрышчэння. Шапачка з “чубкамі” і доўгая кашулька для немаўляці пашыты з тонкай баваўнянай тканіны, вышыты ў тэхніцы крыжа чырвонымі і чорнымі ніткамі. Маленькі мініяцюрны камплект, пашыты ўручную, з вытанчанай дробнай вышыўкай, выклікае шчырае замілаванне.

– Адзенне для хрышчэння, пашытае на заказ, каштавала грошай, яго бераглі і перадавалі ў спадчыну наступным дзецям сям’і без вызначэння полу. Абавязкова ў час хрыш-чэння завязвалі нацельны крыжык-абярэг на льняной нітачцы, які пасля хрышчэння дзіця насіла не знімаючы. Увогуле, існавала прыкмета, што немаўлят да года суседзям нельга паказваць, каб не ўрачы, таму калыску ў прысутнасці чужых закрывалі накідкай, трымалі малых ў хаце, пакуль не пачнуць хадзіць самастойна. Бывалі выпадкі, калі дзеці, народжаныя напрыканцы года, пасля зімы ўпершыню з’явіўшыся на вуліцы, здзіўлялі суседзяў. Маўляў: “Адкуль ты ўзяўся, малеча? Не паспелі і заўважыць!” – пераказвала ўспаміны сваёй маці, далучыўшыся да размовы, Зоя Іванаўна.

Сукеначкі летнія і зімовыя былі прыкладна аднолькавага фасону: на гестцы (рус. – кокетке), якая зашпільвалася гузікамі на спінцы, з раўнамернымі складкамі па полках спераду і ззаду, з доўгімі рукавамі.

Хочацца дадаць, што ў Лідскіх вёсках практыкавалі пашыў сукеначак з ільнянога палатна, якое ткалі на абрусы. Яно было танчэйшае, чым паўсуконнае, і ўзорыстае.

Бацькі Галіны Дзмітрыеўны трымалі ў гаспадарцы авечак. З воўны матуля прала ніткі, вязала на прутках цёплыя рэчы, такія як камізэлькі (рус. – жилетки), рукавічкі, панчошкі, шкарпэткі. Зімой у дзяўчынак былі валёнкі. Гэта сведчыць аб дабрабыце сям’і: без цёплага абутку дзеці ў бедных сем’ях маглі ўсю зімку на печцы прасядзець. Хатні абутак, падобны на тапкі, вязалі з ільняных нітак шыдэлкам. Называлі “лапці”. Хаця на Гародзеншчыне былі распаўсюджаны і іншыя назвы: такія як “пасталы”, “чуні”, “цюмпы”.

Бабуля, дарэчы, захавала хатні камбінезон, перашыты з куплёнай ніжняй бялізны, дзе гузікамі служылі кавалачкі галінак (у в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна драўляныя гузікі, напрыклад, называлі “парцурбалкі”). Дзяўчынкам у халоднае надвор’е, як хлопчыкам, адзявалі портачкі, пашытыя з куплёных тканін, цёплыя камбінезоны, каб не памарозілі ногі.

Полаўзроставае адрозненне ў адзенні традыцыйна яшчэ доўга захоўвалася сярод вясковага насельніцтва, асабліва гэта датычылася галаўных убораў: дзяўчынкі і жан-чыны завязывалі хусты, хлопцы даношвалі за старэйшымі мужчынамі футравыя шапкі, картузы. У сярэдзіне ХХ ст. паўсюдна былі распаўсюджаны “канаплянкі” – крамныя клятчастыя хусты з махрамі, якія для дзяцей замянялі вопратку. Хусты былі не толькі цёплыя, але мяккія і зручныя. Завязывалі іх так: складалі вуглом, пакрывалі галаву і плечы, далей перакрыжоўвалі канцы пад пахамі і завязвалі на спіне, запраўляючы вугал хусты пад вузёл. Многія дзеці зімой так і хадзілі ў пачатковую школу.

Пад канец размовы вельмі хацелася пачуць адказ на пытанне: з чым жа гуляла Галіна Дмітрыеўна, калі была маленькай Галінкай?

– Помню, што мама мне давала льняную торбачку, у якой ляжалі рознакаляровыя лапікі. Я любіла іх перабіраць, – з усмешкай адказала бабуля. – А якія цацкі ў нас былі, і ў што мы гулялі, я раскажу вам у наступны раз!

Аўтар артыкула:

Ірына Дыдышка,

метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
FaceApp састарыла 150 мільёнаў твараў па ўсім свеце. Чым гэта небяспечна?
Грамадства

FaceApp састарыла 150 мільёнаў твараў па ўсім свеце. Чым гэта небяспечна?

18 ліпеня 2019, 22:0522
Бітва на Ворскле: як Літва хацела Русь аб’яднаць
Грамадства

Бітва на Ворскле: як Літва хацела Русь аб’яднаць

14 жніўня 2019, 15:1420
Дзеля здароўя цялеснага і духоўнага нашага народа
Грамадства

Дзеля здароўя цялеснага і духоўнага нашага народа

23 верасня 2020, 07:5719
Перспектывы і магчымасці для перакладчыкаў!
Грамадства

Перспектывы і магчымасці для перакладчыкаў!

19 сакавіка 2021, 15:5519
Далучайцеся да нас