Напярэдадні жаночага дня мы пагутарылі з мілай і прыгожай жанчынай, пісьменніцай і даследчыцай Святланай Дзмітрыеўнай Воцінавай, якая 9 гадоў узначальвала часопіс “Маладосць”. Спадарыня Святлана – аўтар-укладальнік кнігі “Скрозь “Маладосць”.
Восенню 2020 года яна выказала сваю грамадзянскую пазіцыю і ў лютым была звольнена з пасады галоўнага рэдактара часопіса.
– Я вельмі шчаслівая, што мне давялося працягваць традыцыю “Маладосці”, якую калісьці ўзначальваў Генрых Далідовіч, я вельмі яго паважаю і ўдзячная яму асабіста. Пад адной назвай і адным лагатыпам мы займаліся з ім агульнай справай – рэдагаваннем часопіса “Маладосць”. Для мяне гэта вельмі ганарова! Генрых Вацлававіч для мяне – вялікі аўтарытэт.
– У сучаснай ” Маладосці” склаўся свой калектыў і свой стыль. Вашымі сталымі аўтарамі з’яўляюцца Маргарыта Латышкевіч, Ганна Севярынец, Аксана Данільчык і іншыя аўтары.
– Добры рэдактар павінен цаніць і берагчы такіх аўтараў. Леанід Лаўрэш працаваў з “Маладосцю” яшчэ да майго прыходу, меня пазнаёмілі з ім як з адным з аўтараў гістарычных матэрыялаў, і я ацаніла яго каштоўную дакументалістыку. Рубрыку мы назвалі “Factum” на падставе канкрэтных крыніц прэсы. Я сама займаюся пошукамі фактаў, датычных Элізы Ажэшкі і Жылібера, таму для мяне такія рубрыкі – знаходка.
– Спадарыня Святлана, раскажыце, калі ласка, пра сябе.
– Я нарадзілася ў Гародні і пражыла там некалькі месяцаў. Наступны раз прыехала ў Гародню ва ўзросце 12 гадоў. Цяпер я бываю там па некалькі разоў на год, мяне запрашаюць на канферэнцыі і Ажэшкаўскія чытанні. Адчуваю, што гэта мой горад, і як толькі з’яўляецца магчымасць паехаць туды, ува мне ўсё трапечацца! Я люблю Жылібера, бо ён лекар, і шаную Элізу Ажэшку за яе зацікаўленасць батанікай і медыцынай.
У Менску я жыву з 16 год. Да гэтага я вучылася па-беларуску ў Дзяржынскай школе № 3. У 1989 годзе я скончыла школу з залатым медалём, не паступіла ў медінстытут і прайшла без экзаменаў у менскую медвучэльню № 2.
Бацькі арыентавалі мяне на медыцыну, я прыслухоўвалася да іх парадаў. Але загадзя паступіла на падрыхтоўчае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта, мне прысылалі матэрыялы і падручнікі, па якіх я рыхтавалася паступіць на факультэт журналістыкі. Тымі матэрыяламі карыстаюся і зараз часам, у мяне захоўваецца стосік кніжак. Мосцік захоўваецца паміж мной 16-ці гадовай і сённяшняй.
Пасля медыцынскай вучэльні я зноў не паступіла ў інстытут і пайшла працаваць у вядомую стаматалагічную паліклініку на вуліцы Сухой у Менску.
Мне падабалася медыцына, бо ў школе я любіла біялогію і фізіку. (А яшчэ захаплялася астраноміяй і ўдзельнічала ў кон-курсе юных астраномаў у 1986 го-дзе. Аднолькава цікава мне было вучыцца ў розных накірунках).
У мяне з’явілася сям’я, нарадзіўся старэйшы сын. І толькі, калі сыну споўнілася тры гады, я наважылася зноў паступаць на біялагічны факультэт, каб набыць вышэйшую адукацыю, і скончыла яго з чырвоным дыпломам у 2000 годзе. На апошнім курсе я звольнілася са стаматалогіі і пайшла працаваць у Інстытут фізіялогіі Акадэміі навук, на яго базе абараняла дыпломную работу. А потым ў мяне нарадзілася яшчэ адно дзіця. Пасля гэтага ў прыватным стаматалагічным кабінеце я працавала чатыры гады.
За гэты час пачала пісаць у глянцавыя часопісы матэрыялы пра прыгажосць, здароўе, дзяцей, кулінарыю, а потым пачала ствараць для выданняў рэкламныя тэксты. Так працягвалася пяць гадоў.
Быў час, калі пацыенты, седзячы за шкляным столікам у чаканні прыёму, гарталі каляровыя часопісы з маімі артыкуламі, а я як медсястра ў гэты час дапамагала ўрачам. Тут я зразумела, што ўсё трэба мяняць! Так мая мара пра журналістыку вярнулася да мяне.
Цэлы год я працавала як фрылансер, потым мяне запрасілі ў “Жаночы часопіс”, я працавала там шэф-рэдактарам, потым – намеснікам галоўнага рэдактара, а праз чатыры гады мяне запрасілі ў часопіс “Маладосць”.
У “Жаночым часопісе”да гэтага з’явілася рубрыка “Архіў”, якая з маім прыходам перайшла на беларускую мову. Я хацела, каб у часопісе друкаваліся агляды кніг беларускіх выдавецтваў, я рабіла інтэрв’ю з беларускамоўнымі персонамі. Маімі стараннямі беларуская мова прысутнічала ў “Жаночым часопісе” ў 2008-2012 гадах. Дзесяць гадоў я супрацоўнічала з часопісам “Стаматолаг”, бо ведаю, што спытаць у прафесара-стаматолага.
– Вы падрыхтавалі цыкл адкрытых лекцый пра Ажэшку, пішаце пра яе жыццё.
– З 2014 года я вяла гістарычную рубрыку ў “Жаночым часопісе” і ў “Горадзе жанчын”. Адзін з матэрыялаў быў прысвечаны Элізе Ажэшцы, пры яго падрыхтоўцы мне захацелася даведацца больш, і я пачала раскручваць яе гісторыю.
На правядзенне лекцый мяне натхніла Ганна Севярынец сваімі выступленнямі пра маладнякоўцаў у праекце “На хвалі часу, у плыні жыцця”. Я стварыла цыкл лекцый пра Элізу Ажэшку. Адна з маіх лекцый была прысвечана тэме стасункаў Ажэшкі і Багушэвіча, іншая – цыклу навэл “Glorya Victis”, прысвечаных паўстанню 1863 года.
Сёлета адзначаецца 180 гадоў з дня нараджэння Элізы Ажэшкі, і я хачу зладзіць новы цыкл лекцый пад назвай: “Ажэшка. Дэталі”. Слухачоў зацікавіць, напрыклад, як яна стварала свае гербарыі, так, што кветкі і лісты дагэтуль не пакрышыліся, іх не з’елі насякомыя, у яе была адмысловая тэхналогія.
Ёсць шмат іншых дэталяў, напрыклад, як яе творы перакладаліся і выходзілі ў Злучаных Штатах Амерыкі. Нямногія ведаюць, што творчасць Элізы Ажэшкі перасекла Атлантычны акіян, яе раманы перакладзены на 20 еўрапейскіх моў. Ніводзін наш пісьменнік не друкаваўся ў столькіх краінах у ХIX cтагоддзі!
Часопіс “Маладосць” павінен ганарыцца яшчэ і тым, што першыя вершы Анхелы Эспіносы Руіс былі надрукаваныя менавіта ў нашым часопісе. Пазней яна знайшла сябе і як аўтарка рубрык. У іспанамоўным свеце пасля Карласа Шэрмана яна з’яўляецца галоўным прапагандыстам беларускай літаратуры.
– Распавядзіце, калі ласка, пра Вашых маладых аўтараў. Якія зоркі ў беларускай літа-ратуры будуць разгарацца ярчэй?
– Аўтарскія калонкі, блокі прозы і паэзіі вядуць маладыя. Ужо заявілі пра сябе Андрэй Кулеш, Дар’я Значонак, Дар’я Калакольцава, Канстанцін Касяк, Кацярына Тарасава, Зміцер Крэс, Вольга Ропат, Алена Беланожка, Дар’я Вераб’ёва і Ганна Комар, Дзяніс Шпіронак, Дар’я Палынская, Мікіта Яблыкаў і іншыя.
Кацярына Масэ рэгулярна друкуе ў “Маладосці” пераклады з нямецкай і іншых моваў, вяла больш года рубрыку “Код паэзіі”, Марына Яромка вяла рубрыку “Міжкніжжа”. Блок перакладаў вядуць студэнты Дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (англійская, кітайская, іспанская мовы і іншыя).
Наш часопіс не можа існаваць без матэрыялаў цудоўнага даследчыка Наталлі Бахановіч. Зміцер Кузьменка – аўтар рубрыкі “Е-закладкі”, ён напісаў цудоўны твор пра Кастуся Каліноўскага.
Усім аўтарам я зычу шчаслівага творчага лёсу!
Я выступала з лекцыямі пра сучасныя літаратурныя выданні ў Гарадзенскім і Баранавіцкім універсітэтах. У дзяржаўным медуніверсітэце – з тэматычнымі лекцыямі да юбілею У. Караткевіча і іншых пісьменнікаў. Мяне запрашалі на іспыты на факультэт журналістыкі як галоўнага рэдактара літаратурнага выдання. Будучыя журналісты і філолагі павінны ведаць сучасныя літаратурныя часопісы. У такіх аўдыторыях я заахвочвала іх чытаць і выпісваць літаратурныя часопісы, дасылаць свае творы. Маладыя людзі, якія маюць амбіцыі, павінны спрабаваць надрукавацца ў такіх часопісах. І мы, рэдактары, заўсёды працавалі як педагогі і псіхолагі. Настаўнікі павінны рэкамендаваць часопісы.
– Вы прадстаўляеце новае пакаленне інтэлектуалаў, пішаце пра такіх асобаў, як Павел Сапоцька і іншых.
– Мы пішам пра такіх асоб, якія ўжо нечага дасягнулі, могуць паслужыць прыкладам, якімі варта натхняцца, калі выбараць сябе прафесію.
Не так даўно па запрашэнні перакладчыка Анатоля Іванавіча Бутэвіча я пісала прадмову да новага тома Элізы Ажэшкі, які выйшаў у серыі “Беларускі кнігазбор” у 2020 годзе. У яго ўвайшлі раман “Над Нёманам” і пяць навэл “Glorya Victis” – “Слава пераможаным”. У час паўстання 1863 го-да Эліза Ажэшка была сувязной партызанскага атрада, была асабіста знаёмая з Францішкам Багушэвічам, Рамуальдам Траўгутам. Водгулле паўстання адчуваецца ў цыкле навэл “Glorya Victis”.
Калі я перабірала ўсе творы, у навэле “Яны” я знайшла радкі, у якіх гаворыцца пра мары і марнасць. У паўстанцаў была мара вызваліць сваю зямлю, але не трэба думаць, што гэта была марнасць. Мары – гэта можа быць пыл, які насыпае над магіламі курганы, але “некалі адкрыецца магіла, і з яе выйдзе пераможная праўда вялікіх сноў”- пісала Э. Ажэшка. Калі я прачытала гэтыя радкі, у мяне мурашкі пабеглі па скуры, бо ў нас, сапраўды, раскрылася магіла, якае мае дачыненне да тых падзей – адбылося перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага, і з магілы выйшла вялікая праўда, як у Ажэшкі, “пераможная праўда вялікіх сноў”. Думаю, што тая падзея вельмі моцна каталізавала наступныя падзеі, а Ажэшка гэта прадказала. Яна выкарыстала гэта як вобраз, а аказалася – прадказанне.
– Вы ўдзельнічаеце ў праекце “На хвалі часу ў плыні жыцця,” і ўвекавечваеце тых пісьменнікаў, якія жылі 100 гадоў таму. А сённяшнія, такія, напры-клад, як Павел Севярынец, хто пакутуе і церпіць, застаюцца без увагі.
– Наша грамадства падзелена на часткі. Ёсць тыя, хто гэтую творчасць ужо ацаніў. Гэта тая меншасць, якая ўсё разумее. Ёсць яшчэ і Вышэйшая Справядлівасць, з вышыні якой ўсё відаць.Той, хто заслугоўвае памяці, вернецца да чытачоў і праз стагоддзе.
Гутарыла
Эла Дзвінская.