Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Якім жа быў Дзень роднай мовы ў бібліятэках Лідчыны?

Якім жа быў Дзень роднай мовы ў бібліятэках Лідчыны?

9 сакавіка 2021, 12:48 Мова 43
Якім жа быў Дзень роднай мовы ў бібліятэках Лідчыны?

Міжнародны дзень роднай мовы штогод выступае нагодай для таго, каб дазнацца нешта новае пра беларускую культуру і мову, паглядзець на сябе збоку, адкрыць сваю краіну іншай і ўбачыць у сваёй культуры сапраўдныя каштоўнасці.

Мова яднае нацыю, народ і ўсіх людзей, якія пражываюць на тэрыторыі  краіны. Кожны чалавек павінен  шанаваць сваю мову, традыцыі і культуру свайго народа. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам для ўсіх філіялаў ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”, вельмі важным святам для супрацоўнікаў, чытачоў, наведвальнікаў бібліятэк і звычайных аматараў беларускай мовы. Усе арганізаваныя мерапрыемствы былі накіраваны на папулярызацыю і захаванне беларускай мовы.

Шанаванне роднай мовы распачалі ў філіяле “Дзітвянская сельская бібліятэка” 17 лютага, калі гасцей запрасілі на гадзіну беларускай мовы “Гучы, родная мова!”. Вучні 7 класа ДУА “Дзітвянская сярэдняя школа” з задавальненнем слухалі вершы беларускіх аўтараў, урыўкі з празаічных твораў, бо беларуская мова – гэта родная мова, сакавітая, меладычная і пяшчотная. Кемлівыя знаўцы роднай мовы мелі магчымасць прыняць удзел у інтэлектуальна-пазнавальным моўным турніры. Гульня праходзіла ў вострай і напружанай барацьбе. Святочнасць мерапрыемству надалі музычныя нумары таленавітых вучняў мясцовай школы.

Традыцыйным становіцца ўдзел філіялаў у Агульнанацыянальнай дыктоўцы, сёлета акцыю падтрымалі Лідская раённая бібдіятэка імя Янкі Купалы, філіял “Лідская гарадская бібліятэка № 3”, філіял “Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая”, філіял “Мінойтаўская сельская бібліятэка” і філіял “Дварышчанская сельская бібліятэка”.

SAMSUNG CAMERA PICTURES

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы запрасіла ўсіх ахвочых 19 лютага да напісання 14-й агальнанацыянальнай дыктоўкі, якая была прысвечана 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама Году народнага адзінства ў Беларусі. Таварыства беларускай мовы для напісання дыктоўкі прапанавала ўрывак з кнігі “Глыбокая плынь” Івана Шамякіна, 100-гадовы юбілей якога сёлета адзначаецца. Намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Вацлававіч Суднік таксама прымаў удзел у мерапрыемстве. Чакаючы вынікаў дыктоўкі, усе прысутныя маглі з карысцю бавіць час – супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі адкрыты прагляд літаратуры І. Шамякіна “Пісьменніцкае слова на далоні”. Па выніках дыктоўкі ўсе справіліся выдатна і добра як прысутныя навучэнцы школ г. Ліды, так і дарослыя чытачы і супрацоўнікі бібліятэкі.

Тым жа днём у музейным пакоі “Спадчына” філіяла “Дварышчанская сельская бібліятэка” сабраліся аматары беларускай мовы – вучні ДУА “Дварышчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”, каб разам са сваёй настаўніцай Шостак Ірынай Леанідаўнай напісаць дыктоўку па твору Івана Шамякіна “Глыбокая плынь”.

“З роднай моваю на “ты”” – пад такой назвай прайшла гульня-спаборніцтва для гасцей філіяла “Мінойтаўская сельская бібліятэка”. Для прысутных бібліятэкар правяла некалькі конкурсаў на веданне роднай мовы, гісторыі роднага краю, традыцый беларускага народа. А пасля ўсе разам прынялі ўдзел у напісанні Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая” была праведзена літаратурная гасцёўня “Жыві, мая родная мова!”, на якой прысутным таксама прапанавалі напісанне дыктоўкі, з якой справіліся ўсе на выдатна. Падчас мерапрыемства гучалі вершы і песні на роднай мове, дадаткам стаў агляд кніг “З любоўю да роднага слова”.

Для сяброў лідскіх арганізацый ГА “Таварыства беларускай мовы” 14-я Агульнанацыянальная дыктоўка традыцыйна прайшла ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 3”.

Сапраўдная любоў да сваёй краіны неймаверная без любові да сваёй мовы. Кожны чалавек з дзяцінства пачынае гаварыць, думаць, разважаць на роднай яму мове. У філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” прайшла паэтычная гадзіна “Гімн роднай мове”, прымеркаваная да святочнага дня. У гэты дзень прайшлі гучныя чытанні вершаў беларускіх пісьменнікаў: П. Панчанкі, У. Дубоўкі, М. Танка, К. Цвіркі і інш. з навучэнцамі ДУА “Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў”.

Філіял “Гудская сельская біліятэка” ветліва сустрэў гасцей на гадзіне роднай мовы “Каласы роднай мовы”. Вучні 6-9 класаў мясцовай школы завіталі на мерапрыемства і апынуліся на сапраўдным спаборніцтве знаўцаў і аматараў беларускай мовы.

Юных чытачоў чакалі ў філіяле “Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка” на мерапрыемстве “Свет беларускіх кніг!”, дзе яны змаглі пазнаёміцца з пісьменнікамі, якія пісалі на беларускай мове, выкарыстоўвалі яе ў сваім жыцці, ганарыліся і паважалі беларускае слова. Каб лепш валодаць, умець размаўляць і разумець беларускую мову, для дзяцей былі праведзены віктарына “Беларускія перакладчыкі” і гульня “Мовазнаўцы”. Хлопчыкі і дзяўчынкі паразважалі, для чаго чалавеку і дзяржаве трэба мець уласную мову, а таксама называлі іхнія самыя любімыя беларускія словы. Для дзецей быў арганізаваны адкрыты прагляд літаратуры “Роднае слова ў кнігах”.

Не пакінуў без увагі святочны дзень і філіял “Iнтэграваная бiблiятэка аграрарадка Бердаўка”, дзе быў праведзены вечар “Роднай мовы жывыя вытокi”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Удзельнiкi мерапрыемства змаглі пазнаёміцца з гiсторыяй узнiкнення беларускай мовы, яе фармаваннем і асаблівасцях, пазнаёмілі з  вуснай народнай творчасцю i з творамі пiсьменнiкаў-юбiляраў 2021 года.

Цікавыя імпрэзы прайшлі ў Мажэйкаўскай і Тарноўскай сельскіх бібліятэках.

SAMSUNG CAMERA PICTURES

І гэта толькі частка яскравых і найцікавейшых мерапрыемстваў, якія прайшлі ва ўтульных залах бібліятэк Лідчыны. Спадзяемся, што мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове, нікога не пакінулі абыякавымі, і бібліятэкары змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што трэба ведаць і любіць – “зямлі бацькоўскай слова”. Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі перажыць моцныя пачуцці радасці і гонару за сваю Радзіму, пераканацца, што родная мова – бясцэнны скарб, якім усе павінны ганарыцца і які павінны шанаваць.

Наш кар.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!
Грамадства

Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!

9 лістапада 2018, 09:2817
Каля 20 школ па ўсёй краіне ўдзельнічаюць у "інавацыйным" праекце: у часткі навучэнцаў бяруць адбіткі пальцаў
Грамадства

Каля 20 школ па ўсёй краіне ўдзельнічаюць у "інавацыйным" праекце: у часткі навучэнцаў бяруць адбіткі пальцаў

21 снежня 2018, 12:0016
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс.  ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ
Мова

Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс. ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ

9 лютага 2022, 22:2216
Далучайцеся да нас