4 лютага 2021 года не стала сябра Саюза журналістаў Беларусі, ветэрана Беларускага радыё, сябра ТБМ імя Ф. Скарыны і даўняга падпісчыка штотыднёвіка “Наша слова” Анатоля Ільіча Чачоткі. Яму было 78 гадоў.
Асабіста я стараўся не прапускаць перадачы славутага радыёжурналіста. Ён сам захапляльна распавядаў і знаходзіў цікавых суразмоўцаў, якія падымалі самыя разнастайныя надзённыя праблемы і даносілі іх толькі на роднай мове. Я не чуў ні адной перадачы спадара Анатоля, якую б ён вёў на чужой мове! Нават ў самыя ліхія антыбеларускія гады. Ён не здраджваў аднойчы прынятаму прынцыпу: карэспандэнцкі тэкст павінен гучаць толькі на роднай мове. Нават тады,калі інтэрв’ю дае паляк ці немец. За чатыры дзесяцігоддзі працы журналістам Беларускага радыё ён скалясіў усю краіну, самыя аддаленыя яе куточкі. Гэта асабліва падкрэсліваюць ветэраны радыё. Яны расказваюць, што на стале, за якім працаваў А. Чачотка ляжала мапа Беларусі, на якой той адзначаў мясціны, якія наведаў ў чарговай камандзіроўцы. Дык праз чатыры дзясяткі год плённай працы на той мапе ўжо не было не адзначаных раённых цэнтраў, мястэчкаў і буйных вёсак! Якой не была скупой дзяржава на адзнакі за добрую працу, але тое-сёе перапала. Тройчы ўзнагароджваўся медалямі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР за цыкл радыёнарысаў пра людзей беларускай вёскі, таксама стаў лаўрэатам прэміі Саюза журналістаў Беларусі…
У 1991 годзе за цыкл перадач “Мікрафон перабудовы” сваім лаўрэатам А. Чачотку назвалі прафсаюзы Беларусі. Але больш за ўсё спадар Анатоль ганарыўся званнем “Выдатнік тэлебачання і радыё”.
…Спадар Анатоль мяне асабіста запрашаў пацікавіцца сваёй хатняй бібліятэкай. У невялічкай кватэры творцы можна было ўбачыць больш за тры тысячы тамоў.
Анатоль Чачотка супрацоўнічаў таксама з рознымі дэмакратычнымі выданнямі.
Выказваю спачуванне родным і блізкім памерлага.
Аляксей Шалахоўскі,
гісторык культуры