Міжнародны дзень роднай мовы на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны быў адзначаны 21 лютага напісаннем дыктоўкі па тэксце Міколы Ермаловіча “Мова – сцяг народа”, які прадыктавала выкладчыца 50-тай менскай гімназіі Валянціна Аляксандраўна Драгун.
“Нацыянальнае абуджэнне бярэ свой пачатак з усведамлення роднай мовы як свайго сцяга, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце”, – гаворыцца ў тэксце дыктоўкі.
Ганаровы старшыня ТБМ Алег Анатольевіч Трусаў узгадаў пра гісторыю запачаткавання нацыянальнай дыктоўкі.
– Мы пішам яе ўжо у 14-ты раз. З такой ідэяй 13 гадоў таму ўпершыню выступіў Уладзімір Падгол, які звярнуўся з прапановай у розныя грамадскія арганізацыі і партыі, яго падтрымаў Віктар Івашкевіч.
Для напісання першай дыктоўкі на сядзібу ТБМ былі запрошаны дыпламаты еўрапейскіх краін. Дыктоўка з удзелам дыпламатаў дала шырокі рэзананс. З тых часоў мы пачалі запрашаць да ўдзелу ў дыктоўцы беларусазнаўцаў, музыкаў, артыстаў і ўсіх, хто любіць прыгожае мастацкае слова. Дыктоўка пачала праводзіцца ў бібліятэках, музеях, палацах культуры і стала сапраўдным святам!
Пяць гадоў таму тыдзень беларускай мовы быў абвешчаны на рэспубліканскім узроўні і назва “Нацыянальная дыктоўка” атрымала падтрымку ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі.
Год таму ў адной толькі Гарадзенскай вобласці ў напісанні дыктоўкі ўдзельнічалі каля 100.000 чалавек, а па ўсёй краіне – не менш за 200.000 чалавек. Мова тады адчувае сябе поўнакроўнай, калі людзі на ёй пішуць.
Да сёлетняй дыктоўкі мы падрыхтавалі тэксты нашых юбіляраў: І. Шамякіна, Н. Гілевіча, М. Ермаловіча, – адзначыў Алег Трусаў.
– Жадаю вам моцы, энергіі і свабоды! Наперад з беларускім словам!, – прамовіла да ўдзельнікаў дыктоўкі на заканчэнні старшыня ТБМ Алена Мікалаеўна Анісім.
На памяць аб сённяшняй падзеі кожны ўдзельнік атрымаў дыскі з запісамі беларускіх песень.
Эла Дзвінская,
фота аўтара.