У мінулую нядзелю, 14 лютага, таленавітаму беларускаму празаіку, драматургу, публіцысту, лаўрэату Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1994), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1993), Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2019) Уладзіміру Ягоўдзіку споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння.
Родам пісьменнік з вёскі Кастровічы Слонімскага раёна. Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай і Зэльвенскай школах-інтэрнатах. У 1978 годзе скончыў філфак Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у розных рэспубліканскіх выданнях, быў рэдактарам газеты “Дзеці і мы” часопісаў “Бярозка” і “Лесавік”.
У 1984 годзе з друку выйшаў першы зборнік прозы Уладзіміра Ягоўдзіка “Стронга”. Калі паспрабаваць вылучыць нейкую адну, галоўную рысу першай кнігі пісьменніка, то гэта, як пісала ў той час Таіса Грамадчанка, відаць, будзе шчырасць. Шчырасць пачуцця, якім быў сагрэты кожны радок, шчырасць ягонай думкі. І гэта, сапраўды так. Але не толькі шчырасць, а яшчэ праўдзівасць і пошукавая адметнасць. Героямі яго першай “Стронгі” былі равеснікі, такія, як ён тады, была моладзь. У кожнага з герояў па-рознаму складваліся і свой лёс, і свае клопаты, але ўсе яны ўласнымі ўчынкамі і ўзаемаадносінамі сцвярджалі дабрату і чалавечнасць, маральную чысціню і няпросты характар.
Праз тры гады пасля беларускага выдання першага зборніка Уладзіміра Ягоўдзіка, ягоная “Стронга” выходзіць у Маскве на рускай мове ў перакладзе Валянціны Шчадрыной з прадмовай Уладзіміра Калесніка. “Галоўнае для пісьменніка – тэма чалавека, пошукі сэнсу і сутнасці жыцця ў нашым складаным свеце”, – пісаў у прадмове Уладзімір Калеснік. Пісаў і зычыў маладому тады празаіку быць і заставацца сабой. І ён застаўся, і застаецца сабой да сённяшніх дзён.
Услед за “Стронгай” выходзяць дзесяткі новых кніг Уладзіміра Ягоўдзіка. Гэта кнігі аповесцяў, апавяданняў, дзіцячых казак, нарысаў, рэцэнзій, партрэтаў пісьменнікаў і мастакоў, кнігі аб прыродзе, зборнікі гістарычных твораў і дзіцячых п’ес і г.д. І ўсё, як сказаў некалі Янка Брыль, “мне прыемна засведчыць, з цікавасцю перачытваецца, хораша гаворачы гэтым пра сваю таленавітасць”.
Нам сёння не хапае твораў для падлеткаў-школьнікаў. Але вельмі было б дарэчы, калі б настаўнікі і вучні чыталі-перачытвалі сёння аповесць Уладзіміра Ягоўдзіка “Вочы Начніцы”. Першае выданне пабачыла свет у бібліятэчцы часопіса “Маладосць” у 1989 годзе з прадмоўкай Уладзіміра Конана. Такіх аповесцей з тонкім лірызмам і светлай музыкай слова сёння не хапае нашым школам.
З 2012 года Уладзімір Ягоўдзік плённа распачаў выданне сваіх новых кніг. У асноўным усе яны прысвечаны беларускай прыродзе, беларускай гісторыі, легендам і паданням і адрасаваны найперш школьнікам і настаўнікам. У 2012 годзе выходзіць кніга пісьменніка “Сіні калодзеж”, у якую ўвайшлі 100 беларускіх легенд і паданняў, пераказаных аўтарам. У 2013 годзе – кніга аб прыроде “Год-карагод”, потым – кніга апавяданняў і мініяцюр “Лясныя таямніцы”, прысвечаная рэкам, азёрам і крыніцам, затым – кніга казак “Медзяны дзядок”, куды пісьменнік уключыў аповесць-казку “Янка і Ружа”, беларускія народныя казкі і казкі народаў свету ў яго пераказах і г.д.
Пісьменнік добра ведае дзіцячую псіхалогію, умее размаўляць з маленькімі чытачамі пра самае вялікае, непаўторнае, агульначалавечае. Дзеці любяць яго творчасць, а ён любіць сустракацца з імі.
Вельмі карыснай для школьнікаў атрымалася кніга Уладзіміра Ягоўдзіка “Шлях Рагвалода” (2013). Яна прысвечана беларускай гісторыі, а таксама сюды ўвайшоў і пераказ славутай “Аповесці мінулых гадоў”. Здзівіў літаратар нас і выданнем “Быў знак на небе” (2015) – кнігай аб прыродзе Беларусі ў з’явах і падзеях. Што гэта значыць? Ды тое, што ў кнізе аўтар сабраў самыя цікавыя звесткі пра беларускую прыроду за тысячу гадоў, занатаваныя ў летапісах і на старонках друкаваных выданняў, пачынаючы з 1002 года, калі “ў той год з неба плылі зоркі, і было шмат дажджоў”…
Зусім нядаўна ў выдавецтве “Народная асвета” выйшла з друку новая кніга пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка “Вочы Зямлі: Вандроўкі па роднай Беларусі”. Гэтае прыгожае і захапляльнае выданне прысвечана багаццям нашай беларускай прыроды. Аматары прыроды, а найперш гэта вучні сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, з радасцю прачы-таюць артыкулы пра аблокі над азёрамі, пра зачараваную Свіслач і палескую Амазонію, пра Нарачанскія казкі і мядзвежыя нетры, пра беларускія лясы, крыніцы і разнастайных звяроў. Па словах Уладзіміра Ягоўдзіка, у новай сваёй кнізе ён спалучыў звесткі пра беларускія лясы, азёры, рэкі, крыніцы з народнымі паданнямі і легендамі. “Таму, спадзяюся, – адзначае пісьменнік, – што выданне гэтае стане верным сябрам тым, хто хоча пашырыць і ўзбагаціць свае веды па геаграфіі, біялогіі і гісторыі роднага краю”.
Уладзімір Ягоўдзік – сапраўды таленавіты і вопытны літаратар. Некалькі гадоў таму ён стварыў серыю “Скарбы Беларусі” і ў гэтай серыі выдаў шмат цудоўных кніжак для юных і дарослых чытачоў. Свет пабачылі ўжо выданні, прысвечаныя нацыянальным паркам “Прыпяцкі”, “Браслаўскія азёры”, Бярэзінскаму біясфернаму запаведніку, азёрам Беларусі, матылькам, ваўкам, камяням, дзятлам, зубрам і г.д.
З 1995 года выдаваў Уладзімір Ягоўдзік і свой прыватны цудоўны часопіс сяброў прыроды “Лесавік”. Але “Лесавік” закрылі, бо тыя ўмовы, якія выдаўцу прапанавалі ў міністэр-стве друку, паставілі выданне проста на калені, таму выдаваць часопіс ужо не было сэнсу.
Уладзімір Ягоўдзік – добры і цікавы драматург, які хораша стварае п’есы для юных гледачоў. Берасцейскі тэатр лялек у 1983 годзе паставіў яго першую п’есу-казку “Залатое зярнятка”. А потым праз два гады сцэнічнае жыццё ў Берасці атрымала другая казка Уладзіміра Ягоўдзіка “Сонейка, свяці!”. Лёс “Сонейка…” быў даволі шчаслівы. Па гэтай п’есе купалаўцамі быў запісаны радыёспектакль на Беларускім радыё, быў пастаўлены мюзікл у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры. І што самае неверагоднае, гэтую п’еску “Ваапинформ” выдаў у Маскве ў 1987 годзе ў перакладзе на рускую мову, а Міністэрства культуры Украіны – па-ўкраінску. А далёка на Камчатцы (Расія), у мясцовым абласным тэатры лялек жыццё атрымала п’еса драматурга “Пякла баба калачы” (у суаўтарстве з А. Пыжыкам).
Шчаслівай на сцэнічнае жыццё была і п’еса Уладзіміра Ягоўдзіка “Усміхніся, прынцэса!”. У 1991 годзе рэжысёр Мікалай Варвашэвіч паставіў яе на сцэне Слонімскага беларускага драматычнага тэатра пад назвай “Прынцэса і салдат”. А Беларускае радыё па гэтай п’есе падрыхтавала радыёспектакль. Дарэчы, на радыё часта ў 1990-я гады гучалі п’есы драматурга.
Радыёспектаклем “Калі тупне зайка” па п’есе Уладзіміра Ягоўдзіка заслухоўваліся юныя слухачы рэспублікі ў канцы 1980-х гадоў. Спектакль па гэтай п’есе, але пад назвай “Сакрэты вогніка”, дэманстраваўся і па Беларускім тэлебачанні…
Цяпер пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік працуе над новымі літаратурнымі творамі. Ён піша пра родную прыроду, пра мастакоў і пра нашу гісторыю. Пажадаем яму і надалей шчаслівага літаратурнага і жыццёвага лёсу, здароўя і аптымізму. З юбілеем, дарагі мой зямляк і сябра!
Сяргей ЧЫГРЫН.