У доўгім жыцці вядомай беларускай паэтэсы, заслужанага дзеяча культуры БССР Канстанцыі Буйло (Калечыц) (1893-1986), якую Максім Гарэцкі ў сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры” назваў “найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай у нашай паэзіі”, ёсць і “лідская старонка”: у 1914 годзе, у 21-гадовым узросце, яна настаўнічала на Лідчыне. У тым жа годзе выйшла яе кніга вершаў “Курганная кветка” пад рэдакцыяй народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Мастаком-афармляльнікам вокладкі тае кнігі быў вядомы мастак Язэп Драздовіч, які, дарэчы, пакінуў нам у спадчыну і карціны з выявай Лідскага замка. Варта таксама адзначыць, што ўсяго годам раней, у 1913 годзе, Канстанцыя Буйло напісала адзін з самых вядомых сваіх вершаў – “Люблю” (“Люблю наш край…”). Песня, напісаная пазней на гэты верш, стала народнай. Дзе менавіта настаўнічала паэтэса на Лідчыне? Гэтае пытанне хвалявала многіх даследчыкаў. Паспрабаваў знайсці адказ на яго і навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея, куратар Дома паэта Валянціна Таўлая ў Лідзе Алесь ХІТРУН. Аб гэтым наша з ім гутарка, прыведзеная ніжэй.
– У мяне былі сяброўскія адносіны з лідскім краязнаўцам, былым галоўным рэдактарам і журналістам газеты “Уперад” (цяпер “Лідская газета”) Аляксандрам Васільевічам Жалкоўскім – расказвае Алесь Хітрун. – Яшчэ да маёй працы ў музеі ён перадаваў мне газетныя выразкі, рукапісы, кажучы, што, можа, калі-небудзь яны мне спатрэбяцца. Праз шмат гадоў я прагледзеў гэтыя паперы і знайшоў сярод іх матэрыял, які датычыцца месца работы Канстанцыі Буйло на Лідчыне. Вось некаторыя вытрымкі з гэтага матэрыялу:
“У даведачнай літаратуры сказана, што Канстанцыя Антонаўна настаўнічала на Лідчыне, месцам яе работы названы маёнтак Чаўшклі. Было гэта ў 1914 годзе, пасля заканчэння будучай паэткай кароткачасовых настаўніцкіх курсаў. Дзе ж той маёнтак?.. Нядаўна мне (Аляксандру Жалкоўскаму. – Заўв. аўт.) давялося быць у Маладзечанскім раёне. Там пазнаёміўся з кнігай “Памяць” гэтага рэгіёна. Сустрэў у хроніцы нататку пра Канстанцыю Буйло, біяграфія якой звязана і з г. Маладзечна, і адкрыў для сябе новы факт. Там сказана, што наша шаноўная асветніца вучыла сялянскіх дзетак на Лідчыне ў вёсцы Чашуйкі. Такога паселішча ў Лідскай старон-цы няма, а ёсць вёска Чашэйкі, адносіцца да Ваверскага сельсавета. Дык ці не ў Чашэйках працавала маладая настаўніца ў далёкім 1914 годзе?.. Што тычыцца назваў населеных пунктаў, то іх скажэнні ў канцылярскіх паперах і нават у даведніках – справа не такая ўжо і рэдкая. Так з’явілася падстава меркаваць, што Кан-станцыя Буйло працавала настаўніцай у Чашэйках. Але гэта неабходна пацвердзіць калі не дакументамі, то хоць бы сведчаннямі людзей. Магчыма, на публікацыю адгукнуцца старажылы, што родам са згаданай ці суседніх вёсак, якія чулі ад сваіх бацькоў ці дзядоў, як іх вучыла пані настаўніца з Вільні”.
– Дык што, выходзіць, Кан-станцыя Буйло працавала настаў-ніцай у нашых Чашэйках?
– Магчыма, але не ўсё так проста. Была і вёска з назвай Чаўшклі, і размяшчалася яна ў Ашмянскім раёне Маладзечанскай вобласці – гэта непадалёку ад тагачаснага Лідскага павета. А калі верыць меркаванню Аляксандра Жалкоўскага, што гэта можа быць вёска Чашэйкі, якая знаходзіцца ў Ваверскім сельсавеце Лідскага раёна, то тут можна засумнявацца. У Іўеўскім раёне таксама ёсць вёска Чашэйкі, і ў свой час яна ўваходзіла ў Трабскую воласць Ашмянскага павета Віленскай губерні, потым – у Трабскую гміну Валожынскага павета Наваградскага ваяводства Польшчы. Вядома, што ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Канстанцыі Буйло (імя паэтэсы прысвоена Вішнеўскай сярэдняй школе). Дык ці не сюды, у вёску Чашэйкі Іўеўскага раёна, якая ўваходзіць у склад Юрацішкаўскага сельсавета, накіравалася будучая паэтэса на настаўніцкую работу? Гэта больш верагодна. І гэтая вёска таксама непадалёку ад Лідчыны.
– Алесь, у тваім даследаванні сустракаецца яшчэ адна назва вёскі…
– У творы пісьменніцы Марыі Купчынавай “Изгибы истории, или Семь загибов на версту. Часть 3” (пра жыццё і творчасць Канстанцыі Буйло) гаворыцца, што Канстанцыя, скончыўшы кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні, рыхтуе вучня да паступлення ў гімназію ў доме яго бацькоў. Пра якога вучня тут ідзе гаворка? З кнігі “Літаратурная Брэстчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы” (2008, аўтары – В. Ляшук і Г. Снітко) мне стала вядома, што ў Баранавіцкім раёне Берасцейскай вобласці ёсць вёска Горнае Скробава (уваходзіць у склад Гарадзішчанскага сельсавета). Сюды ў 1912 годзе (як бачым, ёсць нестыкоўка з годам) прыехала працаваць хатняй настаўніцай Канстанцыя Буйло, якая пасля заканчэння настаўніцкіх курсаў шукала любы заробак і ахвотна прыняла запрашэнне памешчыка Дзеўчапольскага падрыхтаваць ягонага сына Толю да паступлення ў гімназію. Памешчык шукаў на месца настаўніцы менавіта дзяўчыну, бо Толя нядаўна страціў маці. Сын Дзеўчапольскага вельмі палюбіў маладую настаўніцу. У Горным Скробаве Канстанцыя Буйло вучыла таксама сыноў панскага эканома. Дарэчы, у маёнтку Дзеўчапольскага маладая паэтэса напісала шмат вершаў (магчыма, і знакаміты “Люблю”), дзве п’есы.
– Але ці ўваходзіла вёска Горнае Скробава ў Лідскі павет?
– Берасцейская вобласць суседнічае з Гарадзенскай. Візуальна на карце Горнае Скробава знаходзіцца непадалёку (праз пяць кіламетраў ад паўночнай ускраіны вёскі праходзіць мяжа з Гарадзенскай вобласцю). Я прыйшоў да думкі, што Канстанцыя Буйло, ведаючы, што непадалёку размяшчаецца тэрыторыя лідскіх зямель, аднесла тую мясцовасць, дзе працавала, да Лідскага павета.
– У цябе ўзнікла і пытанне наконт навучальнай установы, дзе Канстанцыя праходзіла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы. Раскажы, калі ласка, і аб гэтым.
– Наш музей зрабіў запыт у Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы з просьбай прадаставіць інфармацыю аб беларускай паэтэсе Канстанцыі Антонаўне Буйло, а менавіта – куды яна была накіравана па размеркаванні з Віленскага ўніверсітэта прыкладна ў 1912-1914 гадах. Праз пэўны час прыйшоў адказ, у якім паведамлялася, што з 1832 да 1919 года Віленскі ўніверсітэт быў закрыты, навучанне ў гэтай установе ў дадзены адрэзак часу не праводзілася, а значыць, Канстанцыя Буйло перад Першай сусветнай вайной не магла скончыць настаўніцкія курсы ў Віленскім універсітэце. Узнікае яшчэ адно пытанне: у якой установе адукацыі Вільні паэтэса скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы? Можа, у прыватнай установе? Гэта таксама трэба высветліць.
Увогуле, складваецца ўражан-не, што Канстанцыя Антонаўна спецыяльна заблытвала літаратуразнаўцаў. Вось што пісала яна сама ў пісьме да сястры Іны: “Мяне вельмі хвалюе мой архіў, я многае знішчаю паціхеньку, не хачу, каб пасля мяне хтосьці капаўся ў маёй душы, у маіх запісах, у маім вельмі складаным і вельмі горкім жыцці”. Магчыма, у архіве паэтэсы былі і запісы аб яе настаўніцкай рабоце ў маладосці, якія маглі б дапамагчы ў вызначэнні дакладнага месца гэтай работы. Ці сапраўды на Лідчыне яна настаўнічала і ці мае яна дачыненне на лідскай зямлі? На жаль, гэтых запісаў мы ўжо ніколі не знойдзем.
Гутарыў
Аляксей КРУПОВІЧ.