Паэтычнай кніжкай “У старой хаце” нам, сябрам ТБМ Глыбоцкага раёна, адкрыўся малады паэт Максім Нікіфаровіч. Ён знайшоўся на курсах “Мова-нанова”. Выданне кнігі ажыццявілі карэктар Зміцер Лупач, вярстальшчык Леанід Юрык, ілюстратар Руслан Рагоўскі.
Кніга – заўсёды радасць для творцы. Першая кніга, дык нібы і сама радуецца – яна ж змесціва чалавечай шукальнай душы…
“Абвастрэнне суму з кожным годам адбываецца часцей і крые сабой рэмісію радасці”, – гэтыя словы аўтара раскрываюць духоўны змест кнігі.
Старая хата (на вокладцы кнігі) сімвалізуе духоўную пустку на радзіме, яе закінутасць праз мову, дзе знікла радасць чуць дарагую мелодыю дзядоў: “У старой хаце прывіды жывуць… у старой хаце не паліцца святло… Старую хату зараз пакрыла забыццё: гісторыя яе сям’і даўно памерла”. Дык не павінна ж памерці Айчына, трэба ратаваць яе родным словам.
“Апошні верлібр прысвячу табе,
толькі табе, а не цэламу свету.
Свет не натхняе, што тоне ў ганьбе,
ён мала вядомы маладому паэту”.
А дзядоўскія хаты, якія “прасвіствае вецер”, “руйнуе трактар і рыдлёўка”, зразумелыя і родныя. Дзяды і на тым свеце “пакутуюць бясспрэчна”, – нефантастычна адчувае і заяўляе аўтар, – але пакутуюць не за свае грахі – за разбурэнне памяці пра іх. І адчувае ўнук-паэт, што “дзедавы рукі жывуць у галаве”, і ўяўляе, што ён, “як самотны птах… ляціць па-над зямлёй, палітай крывёй”.
Зямля, Курапаты, пакуты ў паветры.
Я – птах, адчуваю іх шэрым крылом.
І трывога аўтара кнігі расце:
Зямля Курапацкіх крыжоў
Не вынесе новай эпохі,
Бо цяжыцца сімвал Хрыстоў,
Што ў дрэве застыў на Галгофе.
Паэтам-грамадзянінам, які патрэбны Радзіме, выяўляецца аўтар па накіраванасці думак, якія сур’ёзна мацаюць жыццё, аналітычна пранікаюць у з’явы сёняшніх падзей. Светабачанне трывожнае, балючае. І кожны верш ставіць вострае пытанне, і адказ сумлення паэта шчыры.
Усё набіваеш кішэні?
Колькі ж табе трэба?
Вы ж першыя для пакарання мішэні,
Сочыць за вамі Неба!..
Паэт не той, хто счэплівае канструкцыі і сам гадае, што б гэта азначала. Максім ідзе ад наяўнасці і ўнутранай ацэнкі. Асабіста сваёй. Расце выяўленнем і пранікаецца аналізам.
Як спрабаваў я каршуна злавіць
І прыручыць…
Казаў каршун мне, напужаўшы трохі,
Што сярод іх не знойдзеш халуёў,
Бо велічныя птахі не ідуць на крохі…
Усё гэта лёс дваровых вераб’ёў.
Тканку наступнага верша пранізвае чалавечая спачувальнасць:
Хто ж гэтай спёкай не ідзе
Купацца да ракі?..
…І вязень паляціць туды
Душой…
І мусіць занырне
Ў ваду, што капае з вачэй.
Паэт разумее, што свет трымаецца на людзях – на любові, якая праяўляецца праз розум і пачуццё адказнасці ў душах. Дык вылучаецца промень смутку, дзе самы пранізлівы боль – “ад страты людзей блізкіх”, “Самая блізкая мова – матчына… Самыя ўтульныя месцы не ў замках – у дзедавай хатцы на ўскрайку вёскі”. А ў людскім свеце ён адкрывае:
“Розум зараз не ў модзе…
Якой належыш ты пародзе –
звычайны люд ці слізкі смоўж?”
Паэт робіцца філосафам. І агарнуў ён думкай з’явы. Спытаўся сам у сябе, дзе ён? І атрымаліся вершы: “Няма мяне”, “Маё натхненне”, “Іду туды, адкуль з’явіўся”, “Іх спіны лашчылі дубіны”, “Лес”, “У вялікім горадзе”, “Складаны выбар”, “Малюнак смутку”, “Якім заўтра будзе дзень?”, “Слязіліся вочы”, “Я ўчора бачыў смерць”, “Як адшукаць сябе?”, “Што ёсць жыццё для паэта?”, “Што маю акрамя жадання?”, “Як памірае лістота дрэў?”…
Ён жыццём малады. І творчасцю. На яго вяку ўвесь імклівы, шалёны свет краіны гучыць на расейскай мове. Але Максім з блісцінкай гумару трапна заўважае пра свята духоўнай радасці патрыётаў: “Спачатку было слова, якое грымнула па-беларуску”.
Ёсць у кнізе лірычныя вершы з цікавымі метафарамі:
Рог, што гарыць у пазалотах,
Табе прыладжу на дуду,
Каб месяц адчуваўся ў нотах.
Або: “Краты пілаваў прамень пякучы”, “неба разышлося у абшарах, звалілася моўчкі зіма, у белых, яскравых фанфарах”. А “завіруха прозы”? – гэта ўжо знаходка захапляльная! – кажа паэтычная дарадца, (М.Н.), якая азнаёмілася з часткай вершаў Максіма.
І рэфрэн ён уводзіць – прыём пабу-довы верша – такі, напрыклад:
Калі адвал сталёвы не кране зямлю,..
Памёр араты.
Калі навой пацёрты нітку не возьме,..
Памёр ткач,
Калі Радзіму дзікі вораг пазайме,..
Памёр ваяр.
Калі памёр араты,
Калі памёр ткач,
Калі памёр ваяр –
Памёр паэт.
Безумоўна, бо пра каго ж ён напіша?
Рэфрэн узмацняе думку ў вершах: “Маё натхненне”, “Беларусь жыве”, “Няма мяне”.
Мне радасна, што ў Максіма Нікафаровіча – выразны грамадянскі почырк і талент думкі, пачуццёвасць душы, вобраз-нае мысленне.
Разам з тым яшчэ шмат недапрацовак у наяўных творах, шырока заўважна ў кнізе шурпатасць верша. Думка не заўсёды ўкладваецца ў форму верша. Назіраецца кульгавасць радка, рыфмы, рытму. Часам перазакручанасць думкі, трасянкавы ўкід слоў, не трапных наватвораў. Безумоўна, гэта залежыць ад нешырокага пакуль запасу беларускага слоўніка ў творчай працы. Спасцігаючы “мову нанова”, піша пяро не заўжды адмыслова. Але творчая праца наперадзе. І хочацца зычліва заключыць агляд першай паэтычнай кнігі Максіма зарыфмаванымі радкамі:
Ёсць юнак, які ўзяўся за мову –
Дух Ачыны стварыць і партрэт.
Ёсць паэт, які мацае слова
І нырнуць хоча ў вобразны свет.
І нырнуў у яго і заплакаў…
Выйшла кніжка – люстэрка душы.
Там, у ёй, верш яго не балакаў –
Ён зайшоўся пытаннем: “Як жыць?”.
Марыя Баравік,
Глыбокае-Падсвілле, ТБМ.