Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Таццянін дзень прывітала сталічная бібліятэка імя Талстога

Таццянін дзень прывітала сталічная бібліятэка імя Талстога

9 лютага 2021, 09:44 Культура 34
Таццянін дзень прывітала сталічная бібліятэка імя Талстога

Для паэтычнага тэатра “Арт.С.” стала ўжо традыцыяй правя-дзенне штогод святкавання Таццянінага дня. І традыцыйна – ізноў жа – праводзіць гэтае святочнае мерапрыемства супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, паэтка, пісьменніца, навукоўца Таццяна Барысюк. Не стаў выключэннем з правіла і 2021 год. Аднак нейкія змены ўсё ж адбыліся – упершыню імпрэзу, прысвечаную Таццянінаму дню, прымала бібліятэка № 1 імя Л.М. Талстога.

Мерапрыемства прызначылі на нядзелю, 24 студзеня – г. зн. напярэдадні свята ўсіх Таццян 25-га студзеня. У пэўны час пачалі збірацца людзі: выступоўцы, запрошаныя госці, аматары паэзіі. У нейкі момант пачуўся лёгкі стук абцасаў, і ў залу ўплыла вядоўца імпрэзы Таццяна Барысюк. Дарэчы, святочным сукенкам спадарыні Таццяны можна было б прысвяціць асобны артыкул у модным часопісе: доўгія і кароткія, расклёшаныя і строга па фігуры, упрыгожаныя стразамі, крышталямі і г.д. На гэты раз сукенка была блакітная са срэбрам, упрыгожаная драпіроўкамі…

І вось імпрэза пачалася. Напачатку Таццяна Барысюк павіншавала ўсіх Таццян, усіх студэнтаў і ўсіх прысутных з Таццяніным днём і пажадала плёну ва ўсіх справах.

З цудоўным святам вас, Таццяны!

Хай вашы дні ляцяць без хмараў,

Шанцунак будзе спадзяваны

І здзейсняцца ўсе вашы мары!

 

І лёс хай не перашкаджае

Вам быць шчаслівымі заўжды!

І хай анёлы ашчаджаюць

У студзеньскія халады!

 

Далей вядоўца зазначыла, што мерапрыемства, прысвечанае Таццянінаму дню, паэтычны тэатр “Арт.С” гэтым разам праводзіць сумесна з літаратурным клубам “Экватар”.

Увогуле, нельга не адзначыць, што ў 2021 годзе святкаванне Таццянінага дня спадарыня Барысюк праводзіла ў дванаццаты раз, але для кожнай з гэтых імпрэз Таня пісала асобны сцэнар. Спіс выступоўцаў таксама змяняецца кожны год.

Прысутныя пачулі ад вядоўцы шмат цікавых рэчаў. Канешне, напачатку быў кароткі экскурс у гісторыю свята ўсіх Таццян і студэнтаў, якое пачалі адзначаць у 1755 годзе ў Расіі, калі імператрыца Елізавета Пятроўна падпісала Указ пра заснаванне Маскоўскага ўніверсітэта. Потым спадарыня Барысюк звярнулася да гісторыі імені Таццяна і распавяла, што “Таццяна” перакладаецца з грэчаскай мовы як “арганізатарка”, “наладжвальніца”, “заснавальніца”. Таццяны валявыя, актыўныя, рашучыя, прынцыповыя, артыстычныя, эгацэнтрычныя, інтраверткі. Не выносяць аднастайнасці, маюць моцную волю. Іх інтэлект высокі, але заўсёды накіраваны на рашэнне практычных задач – ніякіх абстракцый. Таццяны – надзейныя сяброўкі.

Дарэчы, менавіта свайго ста-рога сябра яшчэ з 90-х гадоў, спадарыня вядоўца запрасіла выступіць першым. Гэта быў паэт, пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут, ён жа – кіраўнік літаратурнага клуба “Экватар”. Спадар Вячаслаў распавёў прысутным некалькі гісторый са свайго жыцця, звязаных з Таццянамі. Потым ён прачытаў шэраг сваіх лірычных вершаў, сярод якіх быў, канешне, паэтычны твор, прысвечаны ўсім Таццянам.

…Я дачакаюся, Таццяна!

Ты – маёй мары небакрай.

Яна ўсіхнулася, бы панна,

Рукой махнула: выбачай!

 

Ці ж гэта словы апраўдання?

Мо горычы цяжкой уздых?

Пачуцці зведалі звяданне,

Як квецень скінулі сады…

 

Наступная выступоўца нарадзілася з Таццянай Барысюк у адзін год і ў адзін і той жа месяц. А таксама іх абедзвюх у адзін і той жа дзень прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў – 10 сакавіка 2004 года. На гэтым супадзенні заканчваюцца, бо імя ў гэтай паэткі зусім не Таццяна, а Інга. Следам за Вячаславам Корбутам перад прысутнымі выступіла Інга Вінарская. Яна выйшла да аўдыторыі з новым нумарам альманаха “Літаратурны экватар”, паколькі з’яўляецца яго шэф-рэдактарам, дызайнерам і тэхнічным рэдактарам. Адтуль жа Інга чытала і свае вершы, але зусім не зімовыя, а вясновыя і летнія, бо сказала, што зімой вельмі хочацца лета, а яшчэ вясны на яе заканчэнні – з усімі гэтымі пялёсткамі і квеценню.

…Трава ў расе, пялёсткі зіхацяць,

Пачаўся дзень сінечаю нябёснай.

Ад захаплення думак лёгкі сцяг

Са свежасцю дыхнуў красою роснай.

 

І пад дажджом з пялёсткаў бы ізноў

Было свабодна, радасна надзіва,

Нібы дайшоў да лёсавых асноў

Жыцця ўсяго – раптоўна і пачціва.

 

З вершамі пра прыроду і каханне перад прысутнымі выступіла ўчарашняя школьніца, сённяшняя студэнтка Лінгвістынага ўніверсітэта Любоў Раманава. Гэта была самая маладзенькая выступоўца, і яе вершаваныя творы зала прымала асабліва цёпла.

Паэт, пісьменнік, кнігавыдавец, грамадскі дзяяч Міхась Башура на святкаванне Таццянінага дня завітаў упершыню, але ні на хвіліну аб гэтым не пашкадаваў. Чытаў зімовыя вершы і творы пра каханне.

Пачуцці маюць колер.

Настрой – тым больш.

Мы гэтага не бачым

і нават не імкнёмся.

Тым лепш для нас,

бо колер маем

і мы самі…

 

Паэт, пісьменнік, літаратуразнавец Юрась Нераток натхнёны і паэзіяй, і музыкай. Ён часта выступае з песнямі пад гітару, піша творы ад імя розных арыгінальных лірычных суб’ектаў. Спадар Юрась арганізаваў выданне некалькіх кніг калектыўных твораў, што з’яўляецца вельмі рэдкім для сучаснай беларускай літаратуры. Ён – архітэктар малых форм паводле сваёй асноўнай сферы дзейнасці. На святочнай вечарыне, прысвечанай Таццянінаму дню, Юрась Нераток прачытаў шэраг сваіх эксперыментальных твораў, якія мелі вельмі цікавую форму.

Валянцін Шведаў не так даўно выдаў кнігу вершаў “Міг на часавай стужцы”. Адтуль ён і прачытаў прысутным некалькі сваіх вершаў пра прыроду і пра каханне.

Адно з тых адвечных

                              у свеце пытанняў:

Дык што ж уяўляе сабою каханне?

Адкуль нам прыходзіць? Знікае куды?

Якія ў душы пакідае сляды?

 

З сустрэчы пачнецца

                               зусім выпадковай,

Ці выспее з доўгіх адносін сябровых?

І вось загарэлася зоркай яно.

Сп’яніла, атруціла, нібы віно…

 

І, канешне, падборку вершаваных твораў прачытала прысутным вядучая святочнай вечарыны Таццяна Барысюк. Гэта былі і новыя вершы, і творы з яе кнігі “Аўтапартрэт”, і паэтычныя опусы з альманаха “Літаратурны экватар”.

Самы прыгожы мужчына – каханы.

Мне не хапае пяшчотных абдымкаў.

Быць з Вамі разам –

                            мне так нерэальна,

а быць у пекле наяўным – так звыкла.

 

Я ратавалася б Вашымі вуснамі,

позіркам Вашым і Вашай усмешкай.

Я – у адчаі і на сэрцы – вусцішна.

Я несвабодна, а з Вамі – бязмежна.

Вы – непазбежнасць…

Напрыканцы імпрэзы адбылася святочная віктарына, па ўмовах якой, хто першы адказваў на пытанні вядоўцы, звязаныя з Таццянамі і днём 25 студзеня, той атрымоўваў прыз. Гэта было сапраўды весела! Завяршылася імпрэза, прысвечаная Таццянінаму дню, фотасесіяй выступоўцаў з усімі ахвотнымі сфатаграфавацца.

Інга Вінарская,

паэтка, пісьменніца, журналістка.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1418
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2516
Далучайцеся да нас