Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:02 Грамадства, ТБМ 51
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

Вялікую страту панесла беларуская навука. 17 студзеня пайшоў у іншы свет доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Міхайлавіч Лыч.

Леанід Міхайлавіч Лыч нарадзіўся ў сельскай сям’і ў мястэчу Магільнае на Уздзеншчыне. Пасля вайны ён навучаўся ў Менскім статыстычным тэхнікуме, вайсковым вучылішчы, скончыў гістарычны факультэт Башкірскага педагагічнага інстытута ў Уфе (1957) і з 1958 г. працаваў настаўнікам.

З 1962 года ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, Леанід Міхайлавіч прайшоў шлях ад старшага лабаранта да галоўнага навуковага супрацоўніка (2016). У 1989 годзе Леанід Міхайлавіч пасля абароны дысертацыі стаў доктарам гістарычных навук, у 1993 годзе атрымаў званне прафесара. Л.М. Лыч быў старшынём Тапані-мічнай камісіі пры Прэзідыюме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1992-1996).

“На нашых вачах, – успамінаў пісьменнік Уладзімір Содаль, – ціхмяны, лагодны характарам чалавек паступова зрабіўся змагаром – змагаром за нацыянальную самабытнасць беларусаў, нашу гістарычную памяць. Гэта прыйшло, зразумела, не адразу, але – назаўжды. Колькі ж ім аб гісторыі нашай зямлі і мовы было напісана! Прац глыбокіх, аналітычных, прасякнутых болем, а не “паложаным” навукоўцу алімпійскім спакоем. Аб’ектыўнасць, але не абыякавасць, – каштоўная рыса гэтых даследаванняў”.

Неабходнасці выкарыстання беларускай мовы ў грамадскім жыцці Леанід Лыч прысвяціў шэраг кніг:  “Беларуская нацыянальная ідэя: тэарэтычны і практычны аспекты”(2010), “Беларускае нацыянальнае пытанне ў калейдаскопе думак” (2014) “Беларуская мова на скрыжаваннях трох палітычных рэжымаў” (2016) і іншыя.

Пытанням беларускай культуры былі прысвечаны навуковыя працы Леаніда Лыча:  “Гісторыя культуры Беларусі ( разам з У. І. Навіцкім. 2-е выд. – Мн., 1997), “Уніяцкая царква Беларусі: этнакультурны аспект, (2-е выд. – Мн. Кнігазбор), “Культурнае супрацоўніцтва беларускага і ўкраінскага народа – гарант захавання іх нацыянальнай ідэнтычнасці” – (Мн, 2013).

Адну са сваіх кніг “Рускі прафесар на ніве беларускага нацыянальнага адраджэння” Леанід Міхайлавіч прысвяціў сваёй жонцы – доктару педагагічных навук, прафесару Ефрасінні Георгіеўне Андрэевай. У цяжкія часы хваробы Леанід Міхайлавіч даглядаў яе 9 гадоў пасля перанесенага інсульта.

Леанід Міхайлавіч вельмі часта выступаў на навуковых канферэнцыях, імпрэзах і сустрэчах. Адным з вельмі яскравых і моцных стала яго выступленне на канферэнцыі ў Інстытуце гісторыі НАН, прысвечанае 100-годдзю БНР у 2018 годзе.

– Гэта быў вельмі эрудзіраваны, даступны, дэмакратычны чалавек, які кан-тактаваў з усімі, не зважаючы на свой узрост, – успамінае публіцыст і паэт Я.С. Гучок. – Я быў рэдактарам некалькіх яго кніг, якія ён рыхтаваў у выдавецтве “Народная асвета. – Вельмі арганічна Леанід Міхайлавіч звязваў веды ў розных галінах навук з беларускай нацыянальнай ідэяй. Ён цаніў у людзях інтэлект, справядлівасць, беларускасць.

– У маёй памяці ён застанецца як светлы, надзейны, адданы беларускай справе чалавек, – напісаў у Фэйсбуку  дырэктар выдавецтва “Кнігазбор” Генадзь Вінярскі. – Выдавецтва “Кнігазбор” выдала з дзясятак кніг і брашур Леаніда Лыча. Леанід Міхайлавіч неаднаразова абіраўся ў Раду МГА Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, у якой браў актыўны ўдзел.

– Ад нас  пайшоў рыцар беларускага слова і беларускай культуры, – адзначыў Уладзімір Азёма. – Ён выпраменьваў светлую энергію. Не забуду моцны поціск яго рукі і таварыскасць! Нам будзе вельмі не хапаць яго.

– Мы нарадзіліся на адным гасцінцы і дзесяцігоддзямі жылі на адным гасцінцы, – кажа Станіслаў Суднік, – і ўвесь час пра гэта памяталі. Старадаўні гасцінец Нясвіж – Магільнае ішоў праз маю вёску Сейлавічы і ўліваўся ў Магільным у вуліцу Нясвіжскую. Пасля Рыжскага міру за Бузунамі прайшла мяжа, і гасцінец перастаў дзейнічаць. Не аднавіўся і пасля вайны. Я не раз расказваў Леаніду Міхайлавічу пра мае спробы аднавіць гэты  гасцінец, ажывіць яго, зрабіць ізноў патрэбным і бойкім, але, на жаль, пакуль што з гэтага нічога не атрымалася.  А ўсё ж гэты гасцінец звязваў нас на працягу не ведаю колькіх ужо гадоў і дзесяцігоддзяў і да самага сённяшняга дня. Бо можна было мяжой падзяліць Беларусь, але нельга было падзяліць любоў да Бацькаўшчыны і мовы. Яна была аднолькавай і на ўсходзе Нясвіжчыны, і на захадзе Уздзен-шчыны.

Падрыхтавала Эла Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5418
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
Мова

Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

14 лютага 2025, 07:3216
Далучайцеся да нас