Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Дому Таўлая – 10 гадоў. Недапетая песня яго жыцця і творчасці

Дому Таўлая – 10 гадоў. Недапетая песня яго жыцця і творчасці

26 студзеня 2021, 13:30 Культура 20
Дому Таўлая – 10 гадоў. Недапетая песня яго жыцця і творчасці

Супрацоўнікі Дома паэта Валянціна Таўлая ў Лідзе многае робяць для таго, каб тыя лідскія паэты, якіх ужо няма з намі, не былі забытыя, каб не былі забытыя і іх творы. І ў гэтым артыкуле з дапамогай куратара Дома Таўлая Алеся Хітруна мы раскажам пра аднаго з паэтаў Лідчыны, аб якім сёння памятае, на жаль, толькі старэйшае пакаленне лідзян, – пра Леаніда Казачэўскага.

Ён пражыў кароткае жыццё, але пакінуў пасля сябе яркія вершы, на якія ў свой час звярнуў увагу Васіль Быкаў. Асобнай кнігай гэтыя вершы так і не выйшлі, аднак ёсць надзея, што зборнік вершаў Леаніда Казачэўскага, намаганнямі ў першую чаргу літаратурнага музея, усё-такі ўбачыць свет. Гэта патрэбна для захавання памяці пра паэта, на сёння амаль забытага.

Матэрыялы, якія датычацца жыцця і творчасці маладога і перспектыўнага лідскага паэта Леаніда Пятровіча Казачэўскага (1938-1963), чыё жыццё, на жаль, абарвалася рана і трагічна, сабраны ў архіве Дома Таўлая ў асобную тоненькую папку. Матэрыялаў няшмат – гэта выразкі з газет, пісьмы, фатаграфіі. Апошнімі папка значна папоўнілася некалькі месяцаў назад дзякуючы сябру Леаніда Казачэўскага, лідзяніну, салісту калектыва рэтрапесні “Мерыдыян” і хору ветэранаў працы “Майскія зоры” Палаца культуры горада Ліды Славаміру Васільевічу Шкленніку. Сярод перададзеных Славамірам Васільевічам фатаграфій ёсць і здымкі з пахавання паэта, па якіх бачна, што ў пахавальнай працэсіі ішло вельмі шмат людзей – значыць, Леаніда Казачэўскага ў Лідзе (а магчыма, і не толькі ў Лідзе) ведалі многія, ён паспеў пакінуць значны след на зямлі і добрую памяць пра сябе.

Паводле ўспамінаў Мікалая Дзелянкоўскага, колішняга загадчыка аддзела пісьмаў і кіраўніка літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі газеты “Уперад” (цяпер “Лідская газета”), Леанід Казачэўскі (сябры і калегі называлі яго Лёня), малады рабочы электрастанцыі, пачаў супрацоўнічаць з рэдакцыяй у 1959 годзе, дасылаў туды свае вершы, якія ахвотна друкавалі. Ён быў і сябрам абласнога літаратурнага аб’яднання, вершы яго, акрамя газеты “Уперад”, друкаваліся ў газетах “Гродзенская праўда”, “Знамя юности”, “Сельская газета”, у часопісе “Нёман”. Разам з кіраўніком літаб’яднання пры рэдакцыі газеты “Уперад” (пазней “Сцяг працы”) ён дапамагаў пачынаючым паэтам Лідчыны.

Творчасць Леаніда Казачэўскага была заўважана нават такой вялікай постаццю ў беларускай літаратуры, як Васіль Быкаў. Вось што пісаў Быкаў ва ўступным слове да падборкі вершаў Казачэўскага ў альманаху “Дзень паэзіі-90”: “Леанід Казачэўскі толькі яшчэ падбіраўся да сваёй першай паэтычнай кніжкі, калі трагічны выпадак абарваў яго маладое, вечна занятае, турботнае жыццё. Ён шэраг гадоў працаваў у лідскай газеце “Уперад” і шмат ездзіў па калгасах і селішчах, удзельнічаў у грамадскім жыцці раёна, выкройваючы кавалачак часу, каб напісаць які верш… Канешне, зроблена ім небагата, але тое, што засталося людзям, дае падставу меркаваць, што з гэтага маладога журналіста мог бы вырасці добры беларускі паэт са сваім бачаннем свету, актыўным стаўленнем да жыцця… Аб чым бы ні пісаў Леанід Казачэўскі – харастве роднай зямлі, сваім маладым сучасніку і яго пачуццях, – у ягоных радках заўсёды шмат ад добрай юначай душы, захопленай жыццём і ўлюбёнай у чалавека”.

Жыў Леанід Казачэўскі ў Лідзе, у прыватным доме па вуліцы Камуністычнай (дзесьці ў раёне сучаснага “Віталюра”). Славамір Шкленнік дакладна ведае, дзе размяшчаецца гэты дом.

Як ужо адзначалася, Леанід Казачэўскі трагічна загінуў у 1963 годзе. Ён утануў, купаючыся ў Нёмане, 27 ліпеня, не дажыўшы тыдня да свайго 25-годдзя. Хутка пасля таго трагічнага выпадку памерла яго маці.

Праз шмат гадоў, у 1997 годзе, Мікалай Дзелянкоўскі перадаў у рэдакцыю “Лідскай газеты” папку, у якой ім было сабрана больш за дваццаць вершаў Леаніда Казачэўскага, надрукаваных у розных перыядычных выданнях. У былога кіраўніка літаб’яднання была мара выдаць гэтыя вершы асобнай кніжачкай, каб малады таленавіты паэт не быў забыты. Тагачасны галоўны рэдактар Іван Швакель падтрымаў гэтую прапанову. Рэдакцыя кінула кліч па лідскіх прадпрыемствах, каб дапамаглі ў зборы грошай на выданне зборніка “Недопетая песня” (да 60-годдзя з дня нараджэння Леаніда Казачэўскага), але тады, у складаныя 90-я, ніхто з прадпрыемстваў не адгукнуўся, кніжка вершаў так і не выйшла.

– Мне вядома, – гаворыць Алесь Хітрун. – што рукапіс зборніка “Недопетая песня” Мікалай Дзелянкоўскі (якога ўжо няма ў жывых) захоўваў у сябе дома. Я знайшоў яго адрас, па якім зараз пражывае яго сын Валерый Мікалаевіч. На жаль, той рукапіс не захаваўся. Не знайшоў я яго і з дапамогай праўнучкі Мікалая Дзелянкоўскага Ганны Раманаўны. Хутчэй за ўсё, рукапісныя матэрыялы проста выкінулі на сметнік, не надаўшы ім якога-небудзь значэння. Вельмі шкада!

Аднак Алесь, як куратар літаратурнага музея і даследчык, усё роўна не пакідае думкі рэанімаваць творы Леаніда Казачэўскага, усё ж такі выдаць іх асобна. Будзем спадзявацца, што гэты зборнік усё ж такі будзе выдадзены, як выйшлі некалі зборнікі вершаў Максіма Багдановіча, Валянціна Таўлая – паэтаў, чыё жыццё таксама было кароткім (Таўлай, між іншым, зноў жа так і не пабачыў сваёй кнігі пры жыцці). А яшчэ супрацоўнікі Дома Таўлая звяртаюцца да чытачоў: можа, хто яшчэ памятае Леаніда Казачэўскага, магчыма, захоўвае фотаздымкі, вершы, газетныя выразкі – просьба перадаць іх у Дом Таўлая. Памяць пра Леаніда Пятровіча і яго вершы павінны жыць!

Аляксей

КРУПОВІЧ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0616
Далучайцеся да нас