Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
З літаратурнай спадчыны. “Рэшты з рэшата” Юркі Голуба

З літаратурнай спадчыны. “Рэшты з рэшата” Юркі Голуба

19 студзеня 2021, 17:29 Культура 23
З літаратурнай спадчыны. “Рэшты з рэшата” Юркі Голуба

Пры жыцці паэт Юрка Голуб (1947-2020) напісаў шмат літаратурных твораў розных жанраў, якія не паспеў выдаць асобнымі кнігамі. Была падрыхтавана да друку і кніжка сатыры і гумару “Рэшта з рэшата”.

Хочацца спадзявацца, што кніжка гэтая абавязкова пабачыць свет, бо ў ёй паэтычныя радкі Юркі Голуба дадуць чытачу прастору для роздуму пра час і яго супярэчнасці. Гумарыстычныя вершы ў неапублікаванай кнізе падаюцца з досціпам і жартам, выклічуць у чытача ўсмешку над праявамі нашых сённяшніх дзён.

Нагадаю, што Юрка Голуб нарадзіўся ў вясковай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Зэльвенскай сярэдняй школы паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Падчас вучобы прымаў удзел ва ўніверсітэцкім літаратурным аб’яднанні “Узлёт”, якім кіраваў прафесар Алег Лойка.

У 1970 годзе ён прыехаў у Гародню. Пачаў працаваць рэдактарам у рэдакцыі літаратурна-музычных перадач на Гарадзенскай абласной студыі тэлебачання. 

У 1978 годзе перайшоў працаваць у газету “Гродзенская праўда”, дзе загадваў аддзелам культуры. Потым зноў вярнуўся на Гарадзенскую студыю тэлебачання, вёў штомесячную перадачу “Гарадзеншчына літаратурная”, у якой знаёміў з творчасцю пісьменнікаў-землякоў.

З 1996 года працуе літкансультантам у “Гродзенскай праўдзе”, рыхтуе штомесячныя літаратурныя старонкі. Дзякуючы яму і былому рэдактару газеты Іосіфу Багіна, з друку выйшлі чатыры штогадовыя альманахі гарадзенскіх пісьменнікаў “Галасы” (2002-2005).

Шлях у літаратуру пачаўся ў 1963 годзе, калі ў Ваўкавыскай раённай газеце быў надрукаваны першы верш паэта. А потым з друку выходзяць яго паэтычныя зборнікі “Гром на зялёнае голле” (1969), “Дрэва навальніцы” (1973), “Векапомнае поле” (1976), “Помню пра цябе” (1983), “Сын небасхілу” (1989), “Поруч з дажджом” (2001), “Зажураны камень” (2002), “Брама зімы” (2004), “Багра” (2006) і іншыя. Па першых публікацыях і зборніках паэт адразу ж заявіў пра сябе ў літаратуры свежа і ярка. Літаратурная крытыка адзінадушна засведчыла тэхнічнае майстэрства паэта. Яго вынаходлівыя метафары адлюстроўвалі шчодрасць перажывання, энергію, рамантычны лад душы, здольнасць адчуваць паўнакроўнасць жыцця, яго магутны пульс. Гэтыя якасці паэт не растраціў і ў сваёй пазнейшай творчасці, аж да канца жыцця.  

Прапаную чытачам “Нашага слова” гумарыстычныя чатырохрадкоўі (“рэшты”) Юркі Голуба. Яны своеасаблівыя і арыгінальныя. А сам паэт быў вельмі таленавітым чалавекам. Шкада, што ён рана адышоў ад нас.

Сяргей ЧЫГРЫН.

 

Папярэджанне

Калі і грошай куры не дзяўбуць,

Ты не думай, што такі багаты,

І ад раю заграбастаў ключ,

Быццам ён і ад уласнай хаты.

 

Перад разводам

Калі паштарка на парог   

У суд прынесла позву,

Дык ён ёй скаргу прыбярог,

Маўляў, чаму так позна?

 

Студэнт-завочнік

На лекцыі агортваў сум,

Нахмурваў думна бровы,

Была галоўнейшая з дум:

Ці ацялілася карова?

 

Шлюб па разліку

Ён сам сабе пакутнік.

У ролі просты змест:

Жаніцьбаю прыкуты

Да самых спальных месц.    

Арганізм

Амаль што цэглу грыз

І піў амаль  што лакі.

“Нягеглы арганізм…” –

Прачула доктар плакаў. 

 

У вёсцы

Усчаліся перамены,         

І паехаў з хаты дах

На гарод з гурком і кменам,

На агонь у правадах.

 

Раскусіў

У вадаёме бірж

На брокерскую манку

Не клюнуў толькі сліж

Ні ў вечары, ні ў ранку.

 

Уцякач

Хоць хаваўся дзе як мог:

Аліменты ўнюхалі.

З чатырох ён драпаў ног,

Быццам бубны бухалі!

Філасофія

Мне казаў адзін махляр:

“Каб не здохнуць голым,

Ёсць нібыта цыркуляр –

Ставіць з ног на голаў”.

 

Зарплата

Месяц цэлы авадзень

Джаліў мужа дужа –

У зарплатны толькі дзень

Накарміла мужа.

 

Змалку

Кемным вырастаў малы:

Гадавала бабка.

Змалку лез ён за сталы,

Стаў на чарку слабкі.     

 

З “пільных”

Жывучы ўсё ж, няйначай,         

І будзе, пэўна з тых,

Што маюць нюх ганчачы

І слых на сямярых.

 

Плюгавец

З падшывак колішных газет

Свае даносы выдраў.

З палонкі вынырнуў на свет

Сушэйшы, чымся выдра.

 

Неабвержнае ў дарагавізну

Не сорам ласаму кату

Дапасці да смятаны.

Няблага  лішняга каўтнуць

У спосаб самы танны.

 

Сітуацыя

Рубель набраў такі галоп,

Што дзьме ў вушах страшэнна,

Аж вочы  вылезлі на лоб

У жаху, як кішэні.

 

Прыкмета

Даўно ўжо з’едзены запас.

У марах – пляшка горкай.

І кола круціцца ўвесь час

З нястомнаю вавёркай.

 

Банальная гісторыя

Калі ўзяўся быў за гуж,

Тады, законна ў ЗАГСе,

Цягні, здавалася б, як муж,

А ён Фемідзе здаўся.                  

 

Скорагаворка

Пры заменах зноўку змены:

Шалі звольніў зноў Бязмен.

І адразу ў Бязмена

План саспеў далейшых змен.

 

Неверагоднае

Застынь, як слуп, і не дыхні:

А бацюхны! З цырульні

Лісіца з Пеўнем – хоць бы хны! –  

Пад ручку шпацыруе.

 

Спосаб

Дальбог  жа, не хлушу,

Без спешкі ён пакрыху

Дастане з вас душу

І выскрабе на ірху.  

 

Чуткі

На службе ў кабінеце

Меў ласку гаспадар

Зрабіць прэзэнт кабеце,

Як найдаўжэйшы дар.    

 

Дрозд

Небарака даў дразда:

Стаў начальства перыць,

І з ягонага гнязда

Паляцела пер’е.

Вынік

–  На табе! Прыйшоў капец! –

Аж  жахнуўся шэры.

Быў па ўзломах першы спец –

Прышчамілі дзверы.

 

Абразок

Ён намеры дарадцаў крэсліў

І пры тым відавочна цвіў,

І сядзеў у службовым крэсле,

Як забіты па плешку цвік.                  

 

Правіла

Як набіць бітком кішэнь,

Скарыстайце метад:

Гнаць дарадцаў у каршэнь

На шляху да мэты.

 

Просьба

Не маглі б вы падтрымаць

Мой “Праект для людства”?

Могуць дыбам пасмы ўстаць:

Не праект – паскудства.

 

Пакутнік

Смак сямейнага жыцця

Не да смаку, мусіць.

Уявіць яго прцяг

Толькі жонка змусіць.

 

На смех курам

Хоць ходзіш з пыхай у абдымку,

Ад “славы” сам ільснішся ўвесь,

Зрабі, балесны, дзірку ў здымку

І ў курніку яго павесь.

 

Запозненыя

Ім салаўіны гурт абрыд,

Што ўсе гаі агучваў ладам,

Тады заенчалі наўзрыд,

Калі з гаёў зрабілі ляда.

 

Разборка

Ляталі шклянкі, нібы пёркі.

Тынкоўка меціла абрус.

Была бандыцкая разборка?

Ды не – сямейны землятрус!

 

Нос кан’юктуршчыка

Цікаўнасць не ідзе на знос.

Варушыць  чуйным носам,

Таму і адпаведна нос

Павевы часу носіць.

 

Шыльда

Ты як яго не драй,               

Не стане опус пекным,

Хаця й па назве “Рай”,

На самай справе – пекла.

 

Празаік-скаржнік

Ён галавы на злом

Над скаргамі ішачыў,         

У прозе касталом

Ды і ў жыцці няйначай.

 

Эпапея

Падаўжэў раманны стос

“Дзе стракочуць конікі”.

І да класікі б дарос –

Не пускаюць штонікі.

 

Крытык

Раскалупаў у творы глей:

Спажыва дробная на плыткім.

Ды толькі сунуўся глыбей –

Адразу задрыжалі лыткі.

 

Пісака

Сумленне згорнута ў дзве столкі.

Паскубваць ласы каравай.

І да таго ён здольны толькі

Брахаць здалёк на караван.

Бываліца

Часопіс “Выспятак” знянацку

Ціск атрутных плётак вызнаў.

Каб плёткі раздзяліць па-брацку,

Здалі рэдактару на візу.                       

 

Альманах

Салідны знешне альманах:

На ім – не вокладка, а вечка.

І хоць рэдактар там – манах,

А Бога не знайсці са свечкай.

 

Пачатковец

Шырокі жэст і зык.

Сваё не ўпусціць з возу.

Па службе адстаўнік,

Даіць прыстаўлен прозу.

 

Дама з рыфмамі

Яе цягнулі, хто як мог,

У нерат творчай секцыі,

Што нават застыдаўся Бог         

З аказіяй інспекцыі.

 

Імпэт

Шпурляў, расхрыстана, імпэт

На травы і на месік.                       

Для жонкі быў нібы паэт,

У муз – сябе намеснік.

 

Парада

Даўно прыгонным куража

Было б не лішнім спахапіцца:

Дарма – напоўніцу іржаць

І дурня клеіць на дурніцу.

 

Нязгодны

Граміла з вежу ростам

У кішэні шыш скруціў.

Завецца тое проста –

Пасіўны супраціў.

 

У крэсле

Склаў сабе адмысловы  спісак

“Утрымацца  як на кані”:

Ад чужых адварочвай пысак,

Сваякоў, чым далей, гані!

 

З досведу

Жанчыны ўсе – адно ў адно:

У іх наўме заўжды тусоўка.

Калі ж піхаць цябе на дно –

Яны піхаюць паасобку.

 

Акуратыст

Сабе самому загадаў –

Даносіў пад капірку.

У кнігу шчыра заглядаў,

Як у дзвярную дзірку.

 

“Змагары”

Змагаліся за мір,

А ў выніку – за грошы.

Сцягі працёртыя да дзір

Аб іхнія галёшы.

 

Трыбун

А словы ён – мастак лушчыць

Трыбунна-пенна-палымяна.

Хаця і лысіна блішчыць,

Але пад ёй рыштунак цьмяны.

 

Спявак

Быў салістам – хоць куды:

Хутка ў спевах вырас.

Ды насталі халады –

Гай змяніў на клірас.

 

Не хацела

Не хацела гаварыць,

Выдаваць сакрэты.

Ой, душа агнём гарыць,

Пад пярынай грэта.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2615
Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая
Культура

Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая

6 чэрвеня 2024, 23:1915
Далучайцеся да нас