Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Цуд на Каляды

Цуд на Каляды

19 студзеня 2021, 17:15 Культура 48
Цуд на Каляды

Цуд на Каляды ўсё ж такі адбыўся! Рыхтуючы перавыданне кнігі “Дудары Глыбоцкага краю” корпаўся ў старых газетах і натрапіў на неймаверна цудоўную легенду, якая на адной кароткай старонцы тэксту змястоўна, лірычна і прыгожа апавядае як нараджэнне Божага Дзіцяткі злілося з нараджэннем беларускага народа. Тэкст быў надрукаваны ў калядным нумары віленскай газеты “Родны край”, 5 студзеня 1934 года.

Газета “Родны край” выходзіла ад 1 студзеня 1933 да 29 лістапада 1936 – была заходнебеларускай газетай, органам Таварыства беларускай асветы. Мела асветніцкі кірунак, адстойвала правы беларусаў у Польшчы. Друкавала гістарычныя матэр’ялы. Выдадзены 104 нумары, пасля чаго выданне было забаронена польскай пракуратурай. Тэкст легенды падпісаны ініцыяламі М.Ш. – псеўданім Міхася Шчаснага, аднаго з рэдактараў газеты, выхавацеля ў Віленскай беларускай гімназіі, пазней настаўніка школы ў Тургелях, на пачатку вайны сасланага немцамі на прымусовую работу ў Нямеччыну. Далейшы лёс аўтара мне пакуль невядомы. Так прыгожа пра беларускую дуду ў прозе пісаў толькі ў сваім апавяданні-перасказе “Дудар” Вацлаў Ластоўскі. Хай гэты цудоўны тэкст вернецца да нас у форме вось такога сімвалічнага каляднага цуду-віншавання.

Віталь Воранаў.

Беларуская легенда

Калі на небе заяснела магутным і асляпляючым блескам Віфліемская зорка, якая сваім з’яўленнем кранула не адзін народ, яе святло даляцела і да бедных сяліб – Крывіча, Дрыгвіча, і Радзіміча. Першы з іх нішчыў лясы пад ворную зямлю на абшарах будучага Полацкага княства; другі паляваў з якойсьці першабытнай дзідай на розную звярыну, якую давала паўсоннае Палессе; а трэці цягаўся па разлеглых смаленскіх раўнінах. Калі заяснела яркая і прыгожая зорка, штось кранула іх струны паганскай душы. Зацікавіла іх гэта нязвычайнае з’явішча. Мала здольныя да далёкіх падарожжаў, як і іх патомкі, аднак пастанавілі выправіцца ў свет, каб чаго даведацца ад людзей. А на ўсякі выпадак, каб і сябе не асмяяць і сваім хатам не зрабіць падрыву, узялі з сабой такія-сякія падаркі. Крывіч запхнуў за пазуху некалькі локцяў найцянейшага палатна і рознакаляровы пояс; Дрыгвіч – напоўніў жбанок залацістым мёдам, якога хапала ў лясных борцях; пад паху скруціў скуру з барчыстага мядзведзя, а за пояс заткнуў новыя лапці. А Радзіміч узяў вышываны ручнік, некалькі жменяў сушаных яблыкаў і грушак, а таксама дуду.

Глухімі лясамі, ледзь прыкметнымі сцежкамі дабрылі яны да шырокага гасцінца і вельмі здзівіліся , убачыўшы сябе; бо кожны з іх думаў, што толькі ён адзін ёсць на свеце. Вось тут яны пазнаёміліся і ў далейшую дарогу пайшлі разам.

Доўга яны ішлі, доўга, аж нарэшце прыйшлі да нязнанага места Віфліема, а на яго прадмесці ўбачылі шопу, з каторай толькі што выйшлі багатыя каралі.

Вельмі дарагія скарбы ляжалі каля жолаба, у каторым знаходзілася на пляцёнцы з саломы вельмі прыгожае Дзіцятка, не звяртаючае някай увагі на дарагія падаркі каралёў.

Нясмелыя нашыя падарожнікі падыйшлі да жолаба, нізка пакланіліся і з паспехам пачалі раскладаць свае сціплыя гасцінцы, але раптам зрабілася ім сорамна, калі ўбачылі дарагія падаркі каралёў. Аднак жа зрабілася дзіва: бо вось, Божае Дзіцятка працягнула ручку да каляровага пояса, а другую да дуды і радасна пачало смяяцца. Заўважыла гэта і Маці, прыгожасці якой дзівіліся падарожныя, і выцягваючы да іх рукі сказала:

– Мае вы беларускія госці (дзеля таго, што прыбылыя былі ў белым адзенні і мелі ясныя валасы), шчыра вам дзякую за гасцінец, які паходзіць ад шчырага сэрца і ад мазольнай рукі. Кажу вам, што не загінуць на вашай зямлі – ані лён залацісты, ані шоўкавая воўна, ані бурштыновы мядок. Ваша душа будзе чыстай, як белае палаценца, жыццё так прыгожым, як гэты пояс, а салодкім, як гэты мядок і вясёлым, як гэта дуда.

Адыйшлі з радасцяй тры падарожнікі, бяручы з сабой на памятку па жменьцы сена, на каторым ляжала Дзіцятка.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0517
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2116
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2816
Далучайцеся да нас