Вітаю чытачоў і шаноўных “экватарцаў”! Вось незаўважна завяршае сваю хаду 2020-ты год, які выдаўся для нашага народа вельмі выпрабавальным і складаным па ўсіх напрамках быцця. Для літаратурнага клуба “Экватар” ужо тое значна, што мы знайшлі сілы і розум працягваць творчую працу, трымаць сваё сэрца гарачым, а розум халодным. Таму і ўчынкі нашыя добра бачны на старонках альманаха, які мы складаем, па традыцыі, напрыканцы кожнага года. Вельмі прыемна вітаць нашых даўніх сяброў з новымі бадзёрымі творамі, а таксама і тых, хто нядаўна друкуецца. Але я б не стаў кранацца мастацкіх вышынь нашых аўтараў: нам усім бліжэй духоўная еднасць на карысць Бацькаўшчыны, якая перажывае складаны час. Сёння, як ніколі, ад аўтара патрабуецца максімальная ўвага і адданасць Слову, Радзіме, вышэйшаму пры-званню захаваць духоўную чысціню, якая ва ўсе стагоддзі яднала беларускі народ. Таму і аўтары павінны імкнуцца быць на баку дабра, спагады, чалавечнасці. І гэты дух ёсць і будзе ў творах “экватарцаў”, бо іншага шляху няма, калі ты імкнешся спасцігнуць законы мастацтва. Мастацтва ж будуецца менавіта на сплаве сілы духу чалавека, яго імкнення ды прыгожага і праве раскрываць свой уласны творчы свет.
У гэтым годзе альманах сіламі нашай рэдакцыі і, у прыватнасці, шэф-рэдактара Інгі Вінарскай крыху змяніў свой інфармацыйны фармат. Акрамя твораў нашых аўтараў мы змясцілі інфармацыйныя блокі аб творчай дзейнасці літаратурнага клуба па часавай прыналежнасці да пэўных мерапрыемстваў. Так да кожнага інфармацыйнага блока з фотаздымкамі дадаліся артыкулы, рэцэнзіі, прадмовы. Хачу падзякаваць Інзе за шчырыя намаганні па падтрымцы клуба, за пастаянны пошук новых форм працы, уменне арганізаваць творчы, выступоўчы і выдавецкі працэс з высокай якасцю работы па ўсіх гэтых напрамках. Дзякуючы ёй, наш клуб развіваецца ў бок больш высокага прафесійнага ўзроўню.
У альманаху размешчана пяць інфармацыйных блокаў, дзе паказана амаль уся асноўная праца клуба, пачынаючы з выхаду юбілейнага нумара альманаха і заканчваючы літаратурнымі падзеямі гэтай восені. За 2020 год мы разам перажылі шмат яркіх і незабыўных хвілін радасці і надзей. Выйшлі новыя кнігі ў некалькіх нашых аўтараў. Нягледзячы на абмежаванасць магчымасцяў пры правядзенні мерапрыемстваў, прайшлі прэзентацыі, канцэрты ў вайсковых частках, нават у дзіцячых установах, прэзентацыі ў сталічных музеях і бібліятэках. Адным з яркіх момантаў прайшоўшага года, несумненна, было святкаванне 10-годдзя літаратурнага клуба “Экватар” у студзені гэтага года. Прыемна, што юбілей клуба прайшоў, па волі лёсу, у дзяржаўным музеі Максіма Багдановіча, і мы шчыра выказваем удзячнасць за падтрымку ў арганізацыі імпрэзы кіраўніку гэтай установы Міхалу Бараноўскаму. Юбілейнае мерапрыемства прайшло павольна і па-мастацку артыстычна.
Хочацца падзякаваць усім сябрам і калегам, хто шчыра і па-адкрытаму душэўна падтрымаў у 2020 годзе наш клуб, дапамагаў праводзіць імпрэзы, сам выступаў у іх, праводзіў іх і нёс слухачам і гледачам добрае, шчырае мастацкае і спеўнае слова. Асаблівы дзякуй за падтрымку літаратурнага клуба “Экватар” хочацца сказаць загадчыцы бібліятэкі № 1 імя Л.М. Талстога Лоле Іназемцавай.
Аглядаючы новы нумар альманаха, прыемна зазначыць, што на старонках выдання надрукаваны творы нашых старэйшых сяброў клуба: празаікаў Якава Анапрэенкі, Людмілы Сівалобавай, Дзмітрыя Марозава, Жаны Хромавай, паэтаў Вячаслава Данілава і Валянціна Шведава. Пра кожнага з іх я многа магу гаварыць, разважаць і мовіць пра іх творчасць, але адно несумненна – гэта людзі, якія сталі магутнай часткай нашага клуба, яго жывой гісторыяй, і мая ўдзячнасць ім абсалютная.
Творы ў нашым выданні, па традыцыі, надрукаваны як на беларускай, так і на рускай мовах. Зазначу, што ў альманаху змешчаны творы добра вядомых ў беларускім літара-турным асяроддзі аўтараў: Таццяны Барысюк, Міхася Башуры, Інгі Вінарскай, Алеся Емяльянава-Шыловіча, Мікалая Іваноўскага, Івана Лосікава і іншых.
Па склаўшайся ўжо сумнай традыцыі, мы друкуем творы “экватарцаў”, чый шлях зямны ўжо спыніўся. Гэта Валеры Скакун і Уладзімір Марозаў. Кожны з іх шмат працаваў у літаратуры і пакінуў добрую спадчыну і светлыя ўспаміны. У жыццях гэтых аўтараў літаратурны клуб “Экватар” займаў асаблівае месца і дакладна не быў чужым.
Як і раней, з добрым гумарам і веданнем армейскага быту парадавала сваім творам празаік Вікторыя Бялькевіч. Цікавую гісторыю распавяла нам пра герояў былой вайны ўдум-лівы празаік Тарэза Кавальчук. Густа і блізка да жыцця малюе людскія лёсы Алена Крываносава. Асобнае слова падзякі выкажу нашаму пісьменніку і спеваку Дзмітрыю Максімавічу Марозаву: будзьце, сябры, гэтакімі ж энергічнымі, як наш Максімавіч! Кожнае ягонае выступленне на мерапрыемствах “Экватара” заслугоўвае добрых апладысментаў, павагі, ягоная думка поўная жыццёвай мудрасці, яна адчуваецца ў радках і словах, а тонкі гумар заўсёды мае ўласцівасць бадзёрыць дух.
Асаблівую прывабнасць жаночай натуры чытачы могуць адчуць праз вершы Евы Сайнцэр, гераіня якой мае за плячамі вялікі досвед чалавечых радасцяў і турбот. Добры настрой і пазітыў дораць чытачам вершы Ірыны Трунінай, а творы Таццяны Юрэвіч напоўнены любоўю да Бога, незвычайнай дабрынёй і пяшчотай. Трапным філасофскім і лірычным зместам прасякнуты вершы Ігара Шыршова, чалавека з асаблівым і глыбокім позіркам на жыццё. Дзякуючы нашым аўтарам, альманах выдаўся трывалым, насычаным, сучасным.
Так незаўважна прабягае 2020 год, які стаў вялікім выпрабаваннем для нашай краіны, таму я з вялікай удзячнасцю вымаўляю словы падзякі ўсім, хто ў гэтыя дні працаваў і выступаў з намі, нягледзячы на сучасныя складанасці, ствараў цудоўныя радкі, знаходзіў час думаць, меркаваць, параўноўваць, слухаць асяроддзе і хвалі Сусвету. Мы ўсе з’яўляемся яго дзецьмі, а ён дорыць нам свабоду быць творцамі. Але спачатку мы вучымся быць дзецьмі нашай Беларусі, таму нам трэба імкнуцца разам захаваць і развіць духоўны вопыт нашага народа, каб наталіць свой дух сапраўднымі каштоўнасцямі, без якіх творы, як дрэвы без каранёў. Таму – наперад, “экватарцы”, да новых творчых вышынь, да новых творчых дасягненняў!
Кіраўнік літаратурнага клуба “Экватар”, паэт, празаік, журналіст
Вячаслаў Корбут.