Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Музейна-педагагічны занятак “Лён – табе пашана і паклон!” у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі наведалі вучні 8 класа СШ № 11 г. Ліды

Музейна-педагагічны занятак “Лён – табе пашана і паклон!” у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі наведалі вучні 8 класа СШ № 11 г. Ліды

12 студзеня 2021, 23:21 Культура 41
Музейна-педагагічны занятак “Лён – табе пашана і паклон!” у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі наведалі вучні 8 класа СШ № 11 г. Ліды

Візітоўнай карткай Беларусі на працягу стагоддзяў з’яўляецца лён. Кожны беларус жадае купіць адзенне з лёну. Гэта і практычна, і прыгожа. А калі мы едзем за мяжу, то абавязкова вязём сувенір з беларускага лёну. Гэтую прыгожую і карысную расліну, асабліва яе цвіценне, услаўляюць паэты, пісьменнікі, мастакі.

У наш час усе работы па вырошчванні і апрацоўцы лёну механізаваны. Замест ручной працы ўсю работу выконваюць машыны як на палях, так і на льнозаводах і ткацкіх камбінатах. А як жа было раней? Як лён вырошчвалі нашы продкі? Як атрымоўвалі з расліны з такім цвёрдым сцяблом мяккую нітку? Як з нітак ткалі льняное палатно? Які быў кошт льнянога палатна?

Пра гэта і многае іншае вучні 8 Б класа сярэдняй школы № 11 г. Ліды даведаліся падчас наведвання музейна-педагагічнага занятка “Лён – табе пашана і паклон!” у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.

Куратар выставы Ірэна Антонаўна Клімовіч падрабязна знаёміла юных наведвальнікаў з усімі этапамі працы нашых продкаў з ільном.

Земляробчыя работы ў першую чаргу былі звязаны з падрыхтоўкай зямлі да сяўбы. Сяляне ўзворвалі поле драўлянай сахой, пасля чаго можна было прыступаць да сяўбы лёну. Па традыцыі, гэтай працай займаліся мужчыны. Згодна з народнымі прыкметамі, рабіць гэта можна было толькі ў пятніцу і суботу. Калі засяваннем лёну займаліся мужчыны, то на-ступныя этапы працы, звязаныя з вырошчваннем і апрацоўкай лёну, пераходзілі ў жаночыя рукі. Асабліва важнае значэнне займала праполка льнянога поля ад пустазелля. У сярэдзіне жніўня ільняныя галоўкі станавіліся залаціста-карычневага колеру – гэта было сігналам да таго, што лён паспеў і прыйшоў час для яго ўборкі з поля. Традыцыйна лён вырывалі з каранямі (церабілі), каб захаваць даўжыню валакна, і звязвалі ў снапы для прасушкі. Зерне выбівалі пранікам, а атрыманую трасту адпраўлялі на поле не менш, чым на 1-2 месяцы, каб вылежаўся ў росах, вымачыўся дажджамі.

Высушаны лён зноў трапляў у рукі жанчын. Цяпер у ход пускаліся самыя розныя прылады працы: церніца, трапло, драўляныя або металічныя грабяні. Усе гэтыя прылады працы былі прадстаўлены на выставе. Вучні нават паспрабавалі на практыцы авалодаць уменнем працаваць з імі.  Для часання валакна выкарыстоўваліся і шчоткі, якія выраблялі пераважна з свінога шчаціння, звязанага ў пучкі і з аднаго боку пакрытага смалой, каб шчацінкі не рассыпаліся.  Валакно ж, атрыманае пасля часання (кужаль, альбо кудзеля) скручвалася ў “лялечкі”, “круцелькі”, “скруткі” ці спляталася ў косы, і ў такім выглядзе захоўвалася да прадзення.

У старажытнасці пралі на верацяне, і гэта займала велізарную колькасць часу. У канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя, дзякуючы з’яўленню “калаўротка” (ад беларускага “кола круціць, паварочваць”), тэхналагічны працэс прадзення значна паскорыўся. Хлопцы і дзяўчаты ўбачылі ў дзеянні два тыпы калаўроткаў, якія былі прадстаўлены на выставе. 

Як даведаліся вучні, на Беларусі была шырока распаўсюджана традыцыя сумеснага жаночага прадзення, так званыя “вячоркі” ў якім-небудзь адным з вясковых дамоў. Далейшы лёс спрадзенай ніткі – гэта кросны і ўмелыя рукі ткачыхі.

Пасля знаёмства з працэсам апрацоўкі лёну і прыладамі працы ўвага хлопцаў і дзяўчат была звернута на наступную экспазіцыю выставы, у якой прадстаўлена вялікая колькасць ільняных вырабаў. Посцілкі, дываны, абрусы, палотны, ручнікі, мужчынская і жаночая вопратка. Гэта ўся незвычайная для сучаснага чалавека прыгажосць калісьці была створана жаночымі рукамі лідскіх ткачых. А зазірнуўшы ў куфар, які раней служыў людзям замест шафы, дзяўчаты ўбачылі вырабы, якія калісьці іх аднагодкі рыхтавалі сабе ў пасаг.  

Сапраўднае “падарожжа ў часе” здзейснілі вучні падчас правядзення музейна-педагагічнага занятка “Лён – табе пашана і паклон!”  Яны не проста пашырылі веды  пра жыццё, побыт, культурныя традыцыі нашых продкаў, а выкарысталі ўнікальную магчымасць разгледзець прадметы з усіх бакоў, практычна іх асвоіць.

Наталля Анашкевіч,

класны кіраўнік 8 Б класа.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0026
З Ражством праваслаўных вернікаў!
Грамадства

З Ражством праваслаўных вернікаў!

7 студзеня 2020, 18:2224
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0923
Зміцер Захарэвіч. ЗІМОВАЯ  ГРАФІКА
літаратура

Зміцер Захарэвіч. ЗІМОВАЯ ГРАФІКА

29 студзеня 2026, 22:5021
Далучайцеся да нас