Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Ці патрэбны мове статус дзяржаўнай?

Ці патрэбны мове статус дзяржаўнай?

30 снежня 2020, 21:23 Мова, У свеце 26
Ці патрэбны мове статус дзяржаўнай?

Левы ўрад Іспаніі прапануе пазбавіць іспанскую мову статусу афіцыйнай і ўвогуле аддаць моўнае пытанне на разгляд рэгіёнаў. Апазіцыя лічыць, што такі сцэнар фатальны для іспанскай нацыі.

Год таму іспанскія нацыяналісты былі ў эйфарыі. У свежым штогодніку, выдадзеным Інстытутам Сервантэса, сцвярджалася, што колькасць чалавек, якія размаўляюць па-іспанску, у свеце вырасла да 577 мільёнаў. Такім чынам, іспанская мова стала чацвёртай па распаўсюджанасці мовай на планеце. А ў ракурсе дынамічнага росту іспанамоўнай дыяспары ў ЗША яна нават атрымала шанцы пацясніць на глабальным узроўні англійскую.

Прайшоў год, і настроі ў гэтым асяродку – зусім іншыя. Іспанафілы б’юць у званы, сцвярджаючы, што мове Лоркі і Сервантэса пагражае хуткае выміранне. Усё з-за прынятага 20 лістапада ў парламенце пакета паправак да закона пра адукацыю. Згодна з яго новай рэдакцыяй, з адукацыйнага заканадаўства будзе прыбрана фраза пра тое, што іспанская мова з’яўляецца афіцыйнай дзяржаўнай. Яна ж таксама пазбаўляецца статусу мовы міжнацыянальных зносін. У перспектыве не цэнтральны ўрад, а адміністрацыі іспанскіх рэгіёнаў павінны забяспечыць права вучняў атрымліваць адукацыю на іспанскай мове і мовах аўта-номій у адпаведнасці з Канстытуцыяй, статутамі рэгіёнаў і дзейным заканадаўствам. Пры гэтым аўтаномныя рэгіёны абавязаны забяспечыць адукацыю школьнікам таксама на іспанскай.

Папраўкі былі прынятыя пры 177 галасах “за”, 148 “супраць”, 17 устрымаліся. Галоўным чынам галасы за новыя правілы аддалі дэпутаты ад партый левай кааліцыі – Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі (PSOE) і левай кааліцыі Unidas Podemos. Паколькі гаворка ідзе пра канстытуцыйны закон, для зацвярджэння паправак неабходна было атрымаць абсалютную большасць (176 з 350) дэпутатаў. Сабраць патрэбны гербарый мандатаў удалося за кошт дэпутатаў ад рэгіянальных нацыяналістычных партый Галісіі, Краіны Баскаў і Каталоніі.

Як і трэба было чакаць, правая апазіцыя адразу ўзняла неверагодны лямант. Правыя кажуць: запускаецца працэс вы-цяснення іспанскай мовы з усіх сектараў грамадскага жыцця. У перспектыве гэта прывядзе да таго, што жыхары Іспаніі будуць вучыцца па розных школьных праграмах. Гэта паглыбіць ізаляцыю рэгіёнаў і замарудзіць мабільнасць насельніцтва, прывядзе да стварэння перадумоў фрагментацыі дзяржавы і нават да яе распаду. Дарэчы, пакуль такія прагнозы падаюцца перабольшанымі. На сёння 90 % грамадзян Іспаніі ў побыце гавораць на іспанскай.

Крытыкі новага закона актыўна спасылаюцца на досвед Каталоніі, дзе каталонская мова паступова выцясняе іспанскую са школьнай аўдыторыі. У акругах, дзе пры ўладзе знаходзяцца нацыяналісты, на іспанскай выкладаюцца толькі 25 % вучэбнага матэрыялу. Іх апаненты ў сваю чаргу сцвярджаюць, што статыстыка не адлюстроўвае сумнай рэальнасці. З-за засілля іспанамоўнай культурнай прадукцыі па-за школьнымі класамі моладзь усё роўна выкарыстоўвае іспанскую. Ускосна, як піша Financial Times, пра гэта сведчаць і вынікі нацыянальных школьных конкурсаў па веданні іспанскай мовы і літаратуры. Прызавыя месцы там традыцыйна атрымліваюць каталонскія школьнікі.

Так ці інакш, шмат хто сапраўды лічыць, што іспанскай мове нешта пагражае. Інакш на мінулым тыдні ў 12 гарадах краіны не прайшлі бы маніфестацыі за захаванне для іспанскай мовы статусу дзяржаўнай. Многія культурныя арганізацыі, уключаючы Каралеўскую іспанскую акадэмію, выказалі заклапочанасць рэформай, заклікаўшы прыняць закон, які не “ставіць пад сумнеў выкарыстанне іспанскай мовы на тэрыторыі любога рэгіёна і забараняе ствараць перашкоды для навучання на ёй”.

Цяпер аматары іспанскай спадзяюцца, што законапраект удасца заблакаваць у нетрах Сената, які павінен накласці на яго сваю рэзалюцыю. Зрэшты, старшыня кансерватыўнай Народнай партыі Пабла Касада загадзя заявіў, што ў іншым выпадку падасць у Канстытуцыйны Суд, паколькі папраўкі супярэчаць Канстытуцыі.

Спрэчкі вакол мовы адсунулі на задні план іншыя, не менш цікавыя аспекты рэформы. Са старой версіі закона прыбраны словы пра тое, што дзяржава “абавязана падтрымліваць прыватныя школы”. Гэта сапраўдная міна пад недзяржаўныя школьныя ўстановы. Напрыклад, як піша выданне Voz de Almeria, новыя правілы прымусяць зачыніць 80 % каталіцкіх школ. Акрамя таго, усім школам як прыватным, так і дзяржаўным, забаронена паасобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак. Адукацыя павінна быць сфакусаваная на праблемах дэмакратыі, экалогіі і фемінізму. Вучні павінны будуць глыбока вывучаць гісто-рыю дэмакратыі ў Іспаніі з улікам гендарнай праблематыкі.

Фактычна, левыя намагаюцца трансфармаваць навучальныя ўстановы ў інкубатары для гадавання сваіх выбаршчыкаў. Зрэшты, Іспаніі характэрная дастаткова частая ракіроўка правых і левых кабінетаў. Няма сумневу, што як толькі ўлада зменіцца, правыя паспрабуюць узяць рэванш.

Алег Новікаў.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы
Грамадства

На дзіцячым «Еўрабачанні» ў Мінску перамагла дзяўчынка з Польшчы

26 лістапада 2018, 09:1715
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3215
Далучайцеся да нас