Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Гісторыя Магілёўшчыны. Цімох Рублёў з мястэчка Будзіна. Да 110- годзя пісьменніка

Гісторыя Магілёўшчыны. Цімох Рублёў з мястэчка Будзіна. Да 110- годзя пісьменніка

29 снежня 2020, 20:06 Культура, Навука 89
Гісторыя Магілёўшчыны. Цімох Рублёў з мястэчка Будзіна.  Да 110- годзя пісьменніка

Некалькі год таму знаёмая жанчына краязнавец падаравала мне кнігу са словамі, што яна ёй не дужа патрэбная, а мне, які збірае ўсё беларускае, мабыць, прыдасца….Узяўшы ў рукі дыхтоўнае выданне на 510 старонак, я са скрухай падумаў, што мала ў мяне дома яшчэ якой макулатуры, вось і яшчэ адзін важкі дадатак на паліцу ў пылазборнік… Але, прыехаўшы дадому і разгануўшы кнігу, я не паверыў сваім вачам, гэта было выданне “Дон-Кіхот Ламанчскі. Твор Мігеля Дэ-Сервантэса Сааведра. Менск – 1935.” Але самае каштоўнае для мяне, як магілёўца, было тое, што гэты грунтоўны твор быў у перакладзе з рускай мовы Цімоха Зарэчнага з мястэчка Будзіна Чавускага раёна. Дагэтуль я нічога не чуў пра такога пісьменніка і адразу загугліў у Вікіпедыі, якая дала літаральна нека-лькі сказаў пра біяграфію нашага земляка. Аказалася, што сапраўднае імя творцы Цімох Рублёў, які друкаваўся пад псеўданімамі Цімох Зарэчны і Лявон Радзіміч. Нарадзіўся ў 1910 годзе. Беларускі пісьменнік, педагог і перакладчык. Скончыў Менскі педагагічны інстытут у 1928 годзе. У 1930-х працаваў у “Савецкай Беларусі”, на радыё, у Інстытуце школьнай педагогікі, настаўнічаў. Пераклаў на беларускую мову “Першыя людзі на Месяцы” Г. Уэлса і “Дон Кіхота” М. Сервантэса. Падчас нямецкай акупацыі працаваў настаўнікам на Нясвіжчыне і друкаваўся ў “Беларускай газеце”. Паводле адных звестак у 1944 годзе выехаў у Польшчу, дзе жыў пад прозвішчам Лукашэвіч, паводле другіх – загінуў у час бамбёжкі каля Гарадзеі. У Берліне ў серыі “Народная бібліятэчка” выйшла яго кніга “Адам і Ева. Чабор. Апавяданні”.

У хуткім часе мы з паплечнікамі паехалі на радзіму Ц. Рублёва ў Будзіна, каб на месцы сабраць якія краяўзнаўчыя матэрыялы. Аказалася мястэчка Будзіна досыць вялікай вё-скай за некалькі кіламетраў ад гістарычнага паселішча Радамля, якое па звестках некаторых даследчыкаў лічыцца сталіцай радзімічаў. Таму і не выпадковым атрымліваецца ў нашага літаратара адзін з псеўданімаў Лявон Радзіміч. А калі мы выйшлі  на бераг ракі Проні, на якой раскінулася вёска, і пабачылі маляўнічую пойму ракі, то вырашылі, што сапраўды ў такім прыгожым месцы не выпадкова нарадзіўся пісьменнік. Тут жа на ўскрайку мястэчка паміж пагоркаў знаходзіца добраўпарадкаваная крыніца. Апытаўшы тутэйшых месцічаў мы высветлілі, што сапраўды жылі тут калісьці Рублёвы . Як паведаміла адна жанчына: “А старая Рублёвіха памерла гадоў 15 таму, і вока ў яе было дрэннае, бо, як паглядзіць яна на прыплод жывёлы, то дабра не будзе са скацінай.” А астатнія Рублёвы некуды паехалі… Пасля гэтай размовы мы пайшлі на мясцовыя могілкі, што за вёскай на пагорку, каб пашукаць старыя пахаванні Рублёвых. Але, на вялікі жаль, ніводнай  магілы з гэтага роду мы не знайшлі. Якая цікавая акалічнасць нас уразіла ў размове з месцічамі –  што яны ведаюць пра свайго земляка пісьменніка. І нават, калі сустрэлі на шляху жыхара з суседняй вёскі, то ён таксама сказаў, што чуў нешта пра таленавітага Цімоха Рублёва. Сабраўшы не дужа багаты “краязнаўчы скарб” мы рушылі далей па сваім шляху, але пошукі я не спыніў і звярнуўся затым у Нацыянальную бібліятэку ў Менску. Аказалася, што, нягледзячы на складаны лёс нашага земляка, нешта да нашага часу ў фондах з яго выданняў захавалася. Вось іх пералік: “Зарэчны Ц. Узбунтаваная зямля. Нарысы. Мн. 1930”, “Зарэчны Ц. Сустрэчы: нарысы і фельетоны. Мн. 1930”, “Першыя людзі на Месяцы. Гербэрт Уэльс; пераклад з расійскай мовы Цім. Зарэчнага. (Малюнкі У. Шульца). Менск 1931”, “Ц. Зарэчны. Маладосць: навэлы і апавяданні. Мн. 1931”, “Ц. Зарэчны. Паэма пра геройства. Нарыс. Мн. 1932”, “Пажары: нарысы і фэльетоны. Цім. Зарэчны. Менск. 1932”, “Мігель дэ-Сервантэс Сааведра. Дон-Кіхот Ламанчскі : пер. з рус. Ц. Зарэчнага. Мн. 1935”, “Іншакраінны легіён. Віктар Фінк. Пер. з рус. Ц. Зарэчнага. Мн. 1936”, “Руднянскі пастушок. Цім. Зарэчны. Мн. Дзяржаўнае выдавецтва пры СНК БССР. Рэдакцыя дзіцячай літаратуры, 1941”, “Князеў Іван Ягоравіч. Як у барацьбе з папамі і кулакамі вырас калгас. Пер. з рус. Ц. Рублёва. Мн. 1930.”

Чытаючы творы Цімоха Рублёва пачынаеш разумець, што многія з іх аўтабіяграфічныя і могуць нам дапамагчы ў вывучэнні жыцця і творчасці пісьменніка.  Вось, як прыгожа і сакавіта ён апісвае свае мясціны дзяцінства ў апавяданні “Сосны”: “Пахнуць сосны празрыстасцю бурш-тынавае смалы, сьлязьмі купальскага каханьня, каралямі сьпелае маладзіцы; пахнуць шумам шурпата-ўпэўненым, лапуховым, – трывогаю векавечна-ўнутранай, дурнап’янай, – сумам надламана -хваравітым, калакалушным; пахнуць сосны сакавітасьцю сыраежак і баравікоў, шыгальлем вільготнае зямлі, дымам закопчаных смалакурань. Бабіным летам пахнуць сосны… А больш за ўсё пах-нуць сосны ўспамінамі аб маленстве. Лазіў па стромкіх дрэвах высока, аж дух займала, і сэрца загаралася жахам; суніцы і чарніцы зьбіраў па ўзгорках і равох, – люба разгарнуць па-параць і знайсьці чырвоны вугалёк – ягадзіну; зязюлю слухаў у стомленыя дзённай сумятнёй вечары, – яна зычыла шчасьце лёгкакрылае і жыцьцё сунічнае; коні вадзіў на начлег, – вылі ваўкі, пугамі цокалі вартаўнікі, ях сабачы трывожыў цемень ночы… На ўскраі лесу, за амшараю, жыта каласілася, сокам зямлі налівалася, – смачныя прожмы з пульхных зернят, н’т смачней за казку аб папоўскім парабку і за сьлёзы дзяцінае радасьці”.

Калі захочаце даведацца пра няпростыя часы калектавізацыі, пра хутары і “нехацімцаў”, то варта пазнаёміцца з кнігай Ц. Рублёва “Пажары. Нарысы і фельетоны” 1932 года выдання. Тут прысутнічае шырокая геаграфія няпростага жыцця беларуса на абшарах савецкай Беларусі ў пераломны час: мястэчка Глуск і Дукора, Лельчыцы і Полацк з Га-радком, вёска Новая Слабада ў Прапойскім крэдытным таварыстве і  настаўнік Кастусь з Рудні, што на Віцебшчыне, Халапенічы з пажарнікамі і “цэнтр цэнтраў” Клімавічы…

А вось так выглядае ўсход сонца на Месяцы ў перакладзе Ц. Рублёва з Г. Уэльса “Першыя людзі на месяцы”: “Усход сонца на месяцы. Тое, што мы ўбачылі, абяцала для нас мала добрага. Наш балён ляжаў на зусім круглым дне вялікага, досыць глыбокага кратэру. З усіх бакоў узьнімаліся бадай што старчковыя скалістыя сьцены. З захаду падаў слабы прамень нябачнага для нас сонца і асьвятляў шэры хаос брудных каменьняў, паміж якіх там-сям бялеў сьнег. Потым выявілася, што гэтыя каменьні зна-ходзіліся ад нас на адлегласьці ня менш дванаццаць міль і што іх лепш было-б назваць кручамі, але ў той час, дзякуючы адсутнасьці паветра, мы думалі, што яны ўзьнімаюцца амаль што поплеч з намі. Навакол мы бачылі безьліч грэбеняў, выступаў, узгоркаў, верхавін, і ўсё гэта было ахутана таямнічым шэрым дымам, аж да разьзяўленай чарнаты неба. Там-сям выдаваліся конусы нейкай белай масы. Спачатку я думаў , што гэта сьнег, але потым выявілася , што мы бачылі камлыгі цьвёрдага замерзлага паветра…”.

І, канешне ж, варта пагартаць легендарнага Дон-Кіхота “Менскага” выдання. Кніга аздоблена шматлікімі чорна-белымі малюнкамі, якія досыць цікава гучаць: “Санчо ўзяў за недавуздак асла адной з сялянак і стаў перад ёю на калені”, “Санчо павярнуў Расінантэ, зусім здаволены тым, што можа цяпер клясціся, што яго пан – вар’ят”, “Але велікадушны леў, не зварочваючы ўвагі на Дон-Кіхота, павярнуў  да яго свае сядалішчныя часткі”. А вось якое вершаванае завяршэнне твора:

“Тут ляжыць ідальго слаўны,

Так адважны Дон-Кіхот,

Што і смерць сваю ў змаганні

Перамог ён, дастаслаўны,

І жыве – хаця памёр.

Ні ва што сусвет лічыў ён,

Страшным пудзілам ён жыў,

Быў вар’ятам на здзіўленне

Ўсяму свету, – а ў час смерці

Ў ясным розуме ён быў.”

 

У жыцці Цімоха Рублёва на сённяшні дзень больш пытанняў, чым адказаў. Варта і надалей вывучаць яго біяграфію і літаратурную спадчыну. Вялікі дзякуй супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія дапамаглі мне ў зборы інфармацыі і матэрыялаў. 

Алег Дзьячкоў,

Магілёў.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0216
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0715
Далучайцеся да нас