11 снежня скончылася зямное жыццё шчырага беларуса, адраджэнца, сябра Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Аляксандра Іванавіча Місцюкевіча.
Шлях яго да беларускай Беларусі быў невыпадковы, працяглы, як і многіх савецкіх беларусаў. Нарадзіўся ён 14 ліпеня 1943 г. на Слонімшчыне, дзе яго продкі з даўніх часоў захоўвалі і баранілі сваю беларускую адметнасць. З дзіцячых гадоў да заканчэння Дзераўноўскай сярэдняй школы ён жыў і фарміраваўся ў беларускім моўна – культурным асяроддзі, і пазней яму не спатрэбілася асаблівых высілкаў для вывучэння мілагучнай роднай мовы. Пасля была вучоба ў прафтэхвучылішчы электратэхнікі, 3 гады службы ў савецкім войску, навучанне ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі, які ён закон-чыў у 1975 г. з дыпломам інжынера – энергетыка. Гады навучання і служба ў арміі, праца прарабам па пракладцы высокавольтных электраліній, на розных інжынерных пасадах у Гроднаэнерга фарміравалі яго як звычайнага стандартнага савецкага беларуса, у якога адна радзіма – Савецкі Саюз і адна агульная мова – руская.
Але сямейная, вясковая, школьная беларуская загартоўка не загінула, а ў сярэдзіне 80-х гадоў з перабудовай атрымала моцную падтрымку. Абуджалася нацыянальнае жыццё ў рэспубліках, расла нацыянальная самасвядомасць беларусаў.
Аляксандр Місцюкевіч нібыта чакаў гэтага часу. Пасля працоўнага прафесійнага росту пачынаецца новы, духоўны ўздым у яго жыцці. Ён, інжынер, энергетык, паглыбляецца ў вывучэнне сапраўднай, нескажонай савецкімі гісторыкамі гісторыі Беларусі, яе культуры, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці горада. Калі пачалі ўзнікаць у Гародні першыя суполкі Таварыства беларускай мовы, Аляксандр Іванавіч стварыў такую першасную арганізацыю ў Гроднаэнерга, дзе ён працаваў у гэты час. Працаўнікі вытворчага аб’яднання з задавальненнем слухалі паведамленні вучоных універсітэта, пісьменнікаў па праблемах беларускай гісторыі, культуры, мовы. Новы штуршок у нацыянальным адраджэнні атрымала арганізацыя пасля прыняцця Закона аб мовах, які паслядоўна рэалізоўваўся ў Гроднаэнерга пры актыўным удзеле сп. Місцюкевіча. Справаводства на прадпрыемстве было пераведзена на беларускую мову, вытворчыя нарады і “лятучкі”, навучанне ў вучэбным цэнтры праводзіліся таксама па – беларуску. Як ініцыятыўны сябар Таварыства Аляксандр Місцюкевіч удзельнічаў у шматлікіх мерапрыемствах гарадской арганізацыі. Яго грамадская актыўнасць садзейнічала таму, што ён пасля стварэння абласной арганізацыі Таварыства быў абраны намеснікам старшыні рады, а з 1999 г. узначальваў 9 гадоў Гарадзенскую абласную арганізацыю і ў многім садзейнічаў росту яе аўтарытэту ў грамадстве і сярод дзяржаўных органаў. На гэтай пасадзе ён клапаціўся аб выкананні Закона аб мовах, выкарыстанні беларускай мовы ў дзяржаўных і грамадскіх структурах, на прадпрыемствах, аб пашырэнні беларускамоўнага навучання, наданні гораду беларускага аблічча, ушанаванні памяці выдатных дзеячоў беларускай культуры (В. Быкава, А. Валынчыка, А. Цыхуна). Для вырашэння гэтых праблем Аляксандр Іванавіч сустракаўся з кіраўнікамі абласнога і гарадскога выканкамаў, начальнікамі і загадчыкамі аддзелаў выканкамаў, работнікамі пракуратуры, кіраўнікамі прадпрыемстваў. Яго радавала, што вуліцы горада набылі беларускія назвы, што ў гарадскім транспарце і на вакзалах гучыць беларуская мова, што кожны год адкрываліся па два беларускамоўныя першыя класы, што і пры яго ўдзеле ўшанавана памяць Заслужанага дзеяча культуры А. Валынчыка … Хаця не ўсё ўдавалася здзейсніць, што яго засмучала.
Аляксандр Місцюкевіч, патрыёт беларускай песні, разам з гарадзенскім кампазітарам Я. Петрашэвічам склалі і выдалі “Беларускі спеўнік” (2002 г.), дзе прадстаўлены 72 беларускія песні розных жанраў.
Аляксандр Місцюкевіч, патрыёт сваёй малой радзімы, шмат гадоў працаваў у архівах Гародні і Менска, у бібліятэках, паглыбляўся ў інтэрнэт, вывучаючы гісто-рыю Слонімшчыны, родных мясцін – Піроніма, Львоўшчыны, Ісаевіч, Дзераўной. Вынікам яго пошукаў стала цікавая кніга “Падарожжы па родных мясцінах” (2016 г.), дзе прасочаны лёс многіх пакаленняў землякоў за некалькі стагоддзяў. Кніга – падарунак сучаснікам.
Аляксандр Іванавіч усе гады да апошніх дзён, нягледзячы на праблемы са здароўем, не замыкаўся на хатніх справах, не адрываўся ад грамадскага жыцця, удзельнічаў у справах Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Штогод ён знаходзіў шчодрых спонсараў для падпіскі на газету Таварыства “Наша слова”, з’яўляўся сябрам абласной рады.
Такім ён і застаецца ў памяці ўсіх, хто яго ведаў: працавітым, адкрытым, добрасумленным, сяброўскім, гатовым паслужыць людзям – шчырым, сапраўдным беларусам.
Сябры абласной і гарадской радаў Гродзенскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы
імя Ф. Скарыны.