• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 25 студзеня 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Гісторыя Магілёўшчыны. Таямнічы Змітрок Астапенка

Гісторыя Магілёўшчыны. Таямнічы Змітрок Астапенка

14 снежня 2020, 23:23 Навука 8
Гісторыя Магілёўшчыны. Таямнічы Змітрок Астапенка

Да 110-годдзя пісьменніка

Даслечыкі называюць постаць Змітрака Астапенкі адной з самых загадкавых у беларускай літаратуры. І гэтаму ёсць пэўнае тлумачэнне: неардынарнасць асобы і складаныя гістарычныя варункі наклалі свой адбітак на лёс пісьменніка.

Нарадзіўся Зміцер Емяльянавіч Астапенка 23 лістапада 1910 года на Мсціслаўшчыне ў сям’і настаўніка. Адны крыніцы ўказываюць на месца нараджэння вёску Сяргееўка Шумілінскага раёна, а па іншых звестках гэта мястэчка Калеснікі на Смаленшчыне (зараз Хіславіцкі раён). Юнак вырашае, як і бацька, стаць настаўнікам і паступае ў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. У гэтыя гады ўсходняя Магілёўшчына разам з Мсціславам уваходзіла ў склад Калінінскай акругі з адміністрацыйным цэнтрам у Клімавічах. Па тэмпах беларусізацыі Калініншчына знаходзіцца сярод лідараў у Савецкай Беларусі, і непазбежным вынікам гэтага становіцца моцны краязнаўчы і літаратурны рух. Будучы студэнтам, Астапенка пачынае пісаць свае першыя творы. Пры Мсціслаўскім педтэхнікуме была моцная пісьменніцкая суполка “Маладняка”, якая ў 1926 годзе налічвала шасцёра чальцоў. Друкуецца ў літаратурна-мастацкім дадатку “Сьвітаньне” пры акруговай газеце “Наш Працаўнік”. Вось адзін з яго вершаў тае ўзнёслае пары (тагачасны правапіс захаваны): 

І дзень за ноччу, і ноч за днём

Чаргой бясконцаю праходзіць.

Зьвініць жыцьцё, блішчыць агнём.

Імчыцца ў дзіўным карагодзе.

 

Пайду, пайду на шыр палян

Душой у прасторы акунуся,

Абніме ўсьцяж душа мая

Прасторы маці Беларусі.

 

Пайду на вёску, адгукнусь

Ёй песьняй гулкіх сутарэньняў,

Паклічу звонкую вясну

З вянкамі сонечных праменьняў.

 

І дзень за ноччу, і ноч за днём.

Чаргой бясконцаю праходзяць.

Сьпяваю песьні ў тахт з жыцьцём

Ў яго агністым карагодзе.

 

У вучнёўскім асяроддзі юнак знаходзіць сабе сяброў і аднадумцаў – таксама пачынаючых таленавітых паэтаў. Склалася нават творчая літаратурная суполка, якую называлі “Мсціслаўцы”, “Амсціслаўцы” ці нават “Амсцiслаўская плеяда”. Сярод іншых у суполку ўваходзілі Змітрок Астапен-ка, Аркадзь Куляшоў і Юлій Таўбін. Гэты юнацкі творчы перыяд яскрава апісвае ў сваім вершы-прысвячэнні “На ўсходзе нашага жыцця…” Юлій Таўбін:

 

На ўсходзе нашага жыцця,

Калі ўсход гарэў над намі,

Мы йшлі пад маладосці сцяг

Неабвузданымі хлапцамі.

 

Ці быў пад намі пыльны брук

І гарадоў дарожны камень,

А ці рамонкавы абрус –

Адну мы радасць спатыкалі.

 

І будзем дзякаваць зары,

Пакуль жыццё ў нас не згасне,

За тайны творчае пары,

За гэта радаснае шчасце…

Амсціслаў, 06.01.1930 г.

Пасля Мсціслава Зміцер з 1930 года жыве і навучаецца ў Менску. Працягвае сваё навучанне ў БДУ, а па іншых звестках на літаратурным аддзяленні педагагічнага інстытута. У гэтыя гады выходзяць яго зборнікі паэзіі “На ўсход сонца”, “Краіне”, “Абураныя”. Прымае актыўны ўдзел у культурніцкім і грамадскім жыцці сталіцы. Ён уваходзіць у склад літаратурнага аб’яднання БелАПП. Працуе ў рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. Піша апавяданні, займаецца таксама і перакладамі. Сярод іншага, Зміцер пераклаў, напрыклад, раман М. Горкага “Маці”. Як мы бачым, твочае жыццё Астапенкі было даволі насычаным. Да таго ж ён знаходзіць час, каб дасканала вывучыць некалькі замежных моў, і ў арыгінале чытае Гейнэ і Міцкевіча.  Акрамя гэтага малады літаратар цікавіцца фізікай, тлумачачы гэта працаю над фантастычным раманам “Вызваленне сіл”, першая частка якога выйшла ў часопісе “Маладняк” у 1932 годзе. У бурапенных хвалях творчага жыцця  трапляе ў шэрагі нефармальнай творчай арганізацыі “ТАВІЗ” – “Таварыства аматараў выпіць і закусіць”, прадстаўнікі якой вялі багемны лад жыцця і былі сапраўды схільныя да ўжывання алкагольных напояў. Збіраліся сябры або на кватэры ў Міхася Багуна, або ў рэстаранах ці піўных. Але ўжыванне напояў было не адзіным заганным заняткам маладых творцаў. У той жа час, згодна з даносам, на кватэры З. Астапенкі “збіраліся пісьменнікі для праслухоўвання па радыё замежных перадач белагвардзейцаў-эмігрантаў.” Акрамя таго, паведамляецца, што “ён плануе збегчы ў Заходнюю Беларусь, дзе можна “пісаць, што яму хочацца, а не выконваць сацыяльны заказ партыі”.

Вось як апісвае ў сваіх успамінах незвычайныя здольнасці і фантазію Аста-пенкі пісьменнік Ян Скрыган:

“А было так. Мы з ім кватаравалі ў сваіх гаспадынь за вакзалам. Аднаго разу ішоў я з Дома пісьменнікаў дадому, і на парозе мяне нагнаў Астапенка. Ідзём, нешта гамонім па дарозе, і недзе ўжо блізка каля вакзала Астапенка, нешта жартаўлівае расказваючы, раптам кажа:

– Слухай, Янка, паступай у ГАБ.

– Што за ГАБ такі? – пытаюся ў Астапенкі.

– Група Адданых Бацькаўшчыне,  – сказаў Астапенка і разрагатаўся.

Я тут жа суняўся і строга, нават сярдзіта кажу Астапенку:

– Каб такіх жартаў я ад цябе больш не чуў!

– Не, дык я ж жартую! – зноў разрагатаўся Астапенка. – А ты, аказваеццца, надта пужлівы.

Гэта было каля вакзала. Далей мы ішлі нейкі час моўчкі.

Я падумаў, што Астапенка вельмі любіць вострыя жарты. Да таго ж ён не раз мне гаварыў, як у думках ён лётае на прыдуманым ім аэраплане па чужых краінах, спускаецца недзе ў чужых гарадах. Што ён можа спусціцца на тым аэраплане на любой плошчы любой сталіцы свету, бо ён ведае тыя гарады як свае пяць пальцаў.

– Хочаш, я нарысую табе план любой сталіцы свету, з назвамі плошчаў, вуліц?

Фантазіі ў яго былі заўсёды вельмі крылатыя, у гэтым яму можна было пазайздросціць. “

Можна прыгадаць адзін цікавы факт: яшчэ ў 1929 годзе, у той час, калі толькі распачаліся масавыя арышты “ворагаў народа”, Змітраку Астапенка прыснілася лунанне бел-чырвона-белага сцяга над Домам ураду.

Першы арышт таленавітага пісьменніка адбыўся ў 1933 годзе па справе “Беларускай народнай грамады”.

Зміцер быў асуджаны “за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі” да трох гадоў зняволення. Знаходзіўся на пасяленні ў Марыінску Кемераўскай вобласці. Але вязня-літаратара вызваляюць датэрмінова летам 1935 года, і ён едзе жыць у Маскву, дзе працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў мясцовай школе. Акрамя таго, Астапенка нейкім дзівам паступае і вучыцца ў МДУ.

У снежні 1936 года адбыўся другі арышт за “антысавецкую дзейнасць.” Допыты і катаванні працягваліся шэсць месяцаў. Пад час ціску Астапенка “згадаў”, што ў сваёй контррэвалюцыйнай арганізацыі яны з сябрамі абмяркоўвалі жыццё ў незалежнай капіталістычнай Беларусі, а менавіта ён прыдумаў яшчэ і штрафаваць там за карыстанне рускай мовай…

На гэты раз хлопцу далі восем год лагераў. Па этапе ён трапляе ў Магілёў тыдні на два, потым Ворша і затым Навасібірск.

А потым узнікае чарговая загадка ў жыцці Змітра Астапенкі. У 1942 годзе ён або збягае з лагера, або датэрмінова зноў вызваляецца і жыве ў Маскве. Нават займаецца літаратурнай творчасцю і піша апавяданні, вершы і паэмы. Вось адзін з самых узнёслых яго твораў таго трагічнага часу, які датуецца 1943 годам:

 

Паклянёмся любіць наш край!..

Паклянёмся, што ў нашыя сэрцы

Не ўкрадзецца ні страх, ні адчай,

Ні спалох немінучае смерці.

Мы ў гэтым кляліся калісь  –

У гады залатога юнацтва.

Гэты час і пара надышлі –

Клятвы нашыя мусяць спагнацца.

Той, хто вырас на гэтай зямлі,

Хто ўсмактаў яе цяжкія сокі, –

Ведай: час і пара надышлі

На геройства, на подзвіг высокі.

І цяпер, калі грому гармат

Кулямёт падпявае па-брацку,

Ўспомні брата забітага, брат,

Ўспомні, сын, скатаванага бацьку!

Будзем помніць, як цяжкі кашмар,

Як баёў і нягоды выснову –

Ненавіснага ворага твар,

Ненавіснага ворага мову.

Паклянёмся Радзіму любіць!

Яна з верай на нас паглядае.

Ў нашых сэрцах жыве й будзе жыць

Наша даўняя клятва святая.

У верасні 1944 года Змітрок Астапенка ў складзе групы выведнікаў быў закінуты ў Чэхаславакію, дзе па афіцыйнай версіі і загінуў. Але яго сябра і аднакурснік па Мсціслаўскім педтэхнікуме Аркадзь Куляшоў сцвярджаў, што неяк бачыў яго пасля вайны ў натоўпе ў Маскве…Так што ёсць верагоднасць, што яму ўдалося перажыць вайну і сталінскія рэпрэсіі. Вывучэннем жыцця і творчасці пісьменніка займаліся многія вядомыя даследчыкі і літаратары: Р. Бярозкін, Л. Рублеўская, У. Арлоў, В. Жыбуль – але ў біяграфіі Змітрака Астапенкі дагэтуль вельмі шмат невядомага і нават таямнічага.

Алег Дзьячкоў.

Магілёў. Снежань 2020 г.

На здымках: Мсціслаўскі педтэхнікум і 3 фота з фондаў Беларускага дзяр-жаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі  ТБМ
Мова

Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ

11 сакавіка 2020, 22:1219
“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ
Мова

“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ

4 лютага 2020, 09:0617
Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы
Выданні

Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы

12 студзеня 2021, 19:0317
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1416
Далучайцеся да нас