Балонаўка – вёсачка на беразе аднайменнае ракі, левага прытока Друці. Назва гэтая паходзіць ад славянскага “балонь”, што азначае “заліўны луг”, “нізкі, заліваны вадой бераг ракі”, бо і сапраўды па-над берагамі рачулкі ляжыць багата сенажацяў, лучак. Сярод “сваякоў” па этымалогіі – Абалонь, гістарычная мясцовасць на поўначы Кіева, у гонар якой названы і вядомы ўкраінскі бровар “Оболонь”.
Людзям гэтая мясцовасць палюбілася даўно: на поўнач ад вёскі знаходзіцца селішча і стаянка каменнага веку і ранняга сярэднявечча, а на паўднёвы ўсход – курганныя могільнікі X-XIII стагоддзяў.
Цікава, што пры першай пісьмовай згадцы ўжыта менавіта форма Абалонаўка. Было тое ў 1731 годзе. У тыя часы навакольныя землі належалі да фальварка Лубянка, уласнасці Быхаўскага кляштара рэгулярных канонікаў латэранскіх, але трохі на поўнач праходзіла мяжа з Быхаўскім графствам, якім у той час валодаў вялікі стольнік літоўскі Ежы-Станіслаў Сапега. Паміж сялянамі памежных сёл у тыя часы амаль бесперапынна адбываліся канфлікты з-за зямлі, якая была для сялян найгалаўнейшай каштоўнасцю: скашваліся спрэчныя лугі, вытоптваліся палеткі, пераносіліся гранічныя капцы, адбываліся ўзброеныя напады аж да выпадкаў забойства.
Нешта падобнае адбылося і тады, у 1731 г.: сяляне вёскі Залатва, што ўваходзіла ў склад Быхаўскага графства, захапілі млын Абалонаўка. Кляштарныя падданыя з сяла Лубянка лічылі, аднак, млын сваім, сабралі вялізны натоўп, узброены стрэльбамі, віламі, цапамі, рагацінамі, пешнямі, напалі на млын, раскапалі грэблю, спусцілі возера і вылавілі ў ім ўсю рыбу. На месца гвалту прыбылі пробашч быхаўскага касцёла ксёндз Гдоўскі, аканом фальварка Лубянка пан Ян Крымоўскі і святар з Гарадца Пракоп Аніскевіч. Нягледзячы на іхнюю прысутнасць, лубянкаўцы скалечылі палкамі залатвянца Гаўрылу Кусаку і пана Клявуса, што трымаў у пажыццёвай арэндзе зямлю ў Залатве, а лубяніцкі шляхціц Галецкі ляснуў Кусаку шабляй, ад чаго той ледзь не сканаў.
Наступная згадка Балонаўкі – у 1757 годзе, калі арандатар фальварка Цвёрдаў Антоні Сасіновіч скардзіўся ў суд на тое, што лубянкаўскія сяляне, сярод іншых шкодаў, захапілі ягоных гусей, што мірна сабе гадаваліся дзеля разводу, тлусцелі на возеры ў балонаўскага мельніка.
Першае вядомае балонаўскае прозвішча – Стрыжэўскія: Зміцер Стрыжэўскі згадваецца ў 1750-ыя гг. У 1773, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі мяжа прайшла па рацэ Друць, у судовых дакументах згадваецца Лукаш Янавіч Стрыжэўскі, які збег з маткай і сялянамі з іншых вёсак “у Польшчу” – у Доўгую, якая ўваходзіла ў склад каралеўскага Любашанскага староства (цяпер вёска Доўгае Клічаўскага раёна): уладальнікі – быхаўскія манахі – патрабавалі ад тагачаснага любашанскага старосты, вялікага пісара літоўскага Людвіка Тышкевіча, вярнуць уцекачоў. Трэба сказаць, што праз новаствораную мяжу бегалі ў тыя часы сяляне масава, прычым у абодва бакі: збеглыя зазвычай атрымлівалі ад новага пана вызваленую ад падаткаў на 12 год зямлю (т. зв. “слабаду”). Акрамя таго, з Расійскай Імперыі ў Рэч Паспалітую маладыя хлопцы беглі ад рэкрутчыны, якой не было ў нашай гістарычнай дзяржаве, як і ў выпадку Лукаша.
Патрабаванне ксяндзоў засталося без увагі: Лукаш Стрыжэўскі застаўся ў Доўгай прымаком у сям’і Дайнекаў, узяў цесцева прозвішча, мусіць, дзесь ягоныя нашчадкі жывуць і дасюль.
Аднак, відаць, род быў вялікі: Стрыжэўскія з Балонаўкі не зніклі. Упэўнены, што менавіта яны былі тымі “балонаўскімі мельнікамі”, якія згадваюцца ў архіўных дакументах. Прынамсі, у народнай памяці засталася легенда пра нейкага Карпу Стрыжэўскага, які, паводле адной версіі, быў запрошаны ксяндзамі “з Польшчы” як майстар для пераабсталявання ставу на млыне, паводле другой быў сірата са шляхты, чый бацька загінуў у войску, а маці рана па-мерла, гадаваўся ў быхаўскіх мніхаў, а калі ён вырас, то канонікі далі яму зямлю на месцы цяперашняй Балонаўкі, што лічылася засценкам. Засценак – гэта тып сельскага паселішча, што ўзнік на Беларусі ў сярэдзіне XVI ст. у выніку правядзення так званай валочнай паме-ры. Паводле “Уставы на валокі” 1557 года ворныя землі маёнткаў падзяляліся на 3 часткі, кожная з якіх мела свае межы (“сценкі”). Землі, што заставаліся па-за гэтымі межамі, называліся засценкам; іх арандавала дробная шляхта (адсюль тэрмін “засцянковая шляхта”) і часткова заможныя сяляне. Засценкам называлася і паселішча на гэтых землях. Першапачаткова ў засценках былі 1- 4 двары. Тое ж самае было Балонаўцы: 3 двары адзначана ў 1797 г., 4 двары фіксуецца ў паселішчы ва ўсіх інвентарах пачатку XIX ст.
Але вернемся да Стрыжэўскіх: па ўсім відаць, яны і праўда былі ці то збяднелымі шляхціцамі, ці то заможнымі сялянамі, бо актыўна звязвалі сябе матрыманіяльнымі вузамі з навакольнай шляхтай: Аношкамі з Паплаўшчыны, Каранкевічамі з Мокрага, Цехановічамі з Радамыслі, што знаходзілася значна ніжэй па Друці (цяпер вёска Слабада Рагачоўскага раёна).
Дзесь у 1815 г. чарговы балонаўскі мельнік – Тодар Янавіч Стрыжэўскі – узяў сабе прымака – збяднелага зямяніна Мікалая Маркоўскага з Глух, які, як казалі старыя людзі, спачатку быў у яго проста парабкам.
Трэцяй спракаветнай сям’ёй у Балонаўцы былі Палавіковы. Старыя людзі казалі, што яны калісьці былі запрошаныя Стрыжакамі (так клікалі Стрыжэўскіх) сюды як майстры на нанова пабудаванай сукнавальні і медзеплавільні. Пазней ужо да палавікоўскіх дачок прыйшлі ў прымы ў 2-й па-лове ХІХ ст. збяднелы шляхціц Прахор Гейсцер і жыхар сяла Мокрае Гаўрыла Фіткевіч.
Ніжэй хацелася б спыніцца падрабязней на гісторыі роду Стрыжэўскіх.
Акрамя дачкі Насты, з якой ажаніўся Мікалай, у Тодара Стрыжэўскага быў яшчэ і сын Тодар, які працягнуў бацькаву справу: таксама стаў мельнікам, лічыўся самым багатым гаспадаром наваколля, уласна, як і ягоныя прамыя нашчадкі. У малодшага Тодара было тры сыны: Сымон (1820 г.), Стахван (1826 г.) і Амброж (1830 г.).
Стахвана з малых гадоў забралі да сябе ў школку пры кляштары паны – быхаўскія ксяндзы. Там ён добра вывучыўся, нейкі час працаваў нават кляштарным пісарам і, хоць ніколі не жаніўся, пакінуў па сабе вельмі добрую памяць сярод балонаўцаў. Праз шмат гадоў прыгадвалі такую гісторыю. У 1842 годзе царскі рэжым – у сваім змаганні супраць усялякага іншадумства – зачыніў апошнія каталіцкія кляштары ў Беларусі, у тым ліку і наш Быхаўскі кляштар латэранскіх канонікаў. Адпаведна, была сканфіскаваная ўся ягоная вялізная маёмасць, у тым ліку 3 фальваркі: фальварак Белая Гара ў самім Быхаве, фаль-варак Лубянка з аднайменным сялом, шкляной гутай з пасёлкам майстроў пры ёй (пазнейшая вёска Лубяніцкая Гута ці проста Гута, цяпер спляжаная бульдозерамі, не існуе, на ейным месцы – загон з аленямі на пацеху багатым паляўнічым), слабодамі Галееўка, Кароткія і засценкам Балонаўка, а таксама фальварак Хамічы з аднайменнай вёскай ды млынам на рацэ Езва. Землі і сяляне ад таго часу сталі казённымі. Трэба адзначыць, што балонаўцы, які і іншыя насельнікі лясных вёсак, вельмі актыўна займаліся бортніцтвам – гадавалі пчолы ў калодах, якія вешаліся на высокія бортныя дрэвы ў лесе. Бортнікаў у нашых краях звалі “зямцамі”. Дык вось, у 1870-ыя гг., калі дзяржаўных сялян перавялі на прымусовы выкуп, казна патрабавала выдаліць з лесу ўсе калоды з пчоламі, а пчол было так багата (у кожнага гаспадара – ад 5 да 20 калод), што ўсталёўваць іх у садах, як таго патрабавалі канцылярскія прадпісанні, было проста немагчыма.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Дзякуючы Стахвану, які пісаў багата петыцый, хадайніцтваў у розныя інстанцыі ажно да Пецярбурга, удалося дамагчыся дазволу на тое, каб пакінуць пчолаў там, дзе яны месціліся спрадвек. Працуючы ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве, вельмі прыемна было некалькі разоў сустрэць пад тым ці іншым дакументам акуратнае, рупліва выведзенае: “Стефанъ Стрижевскій”. Народная памяць захавала нават месца ягонага пахавання на мясцовых могілках, у адрозненне ад многіх іншых старых магіл.
Амброж, Тодараў малодшы сын, быў здадзены ў рэкруты, адслужыў на флоце ў Кранштаце 20 гадоў, пасля звальнення з войска атрымаў ад казны па 1 дзесяціне раллі і сенажаці, гараваў ад беззямеліцы, але пайшоў па дынастычнай сцяжыне: балонаўцы, што арандавалі ўласны млын і сукнавальню ў дзяржавы як аброчную крыніцу даходу, даверылі яму быць мельнікам ледзь не да самага скону ў 1911 г. Акрамя таго, будучы ветэранам, Амброж здолеў угаварыць мясцовага станавога прыстава, каб той ненавязліва папрасіў Сымонавага сына Адама адрэзаць яму яшчэ адну дзесяціну зямлі. Ажаніўшыся з Доркай Дымзавай, беднай незаконнанароджанай дзяўчынай з Чачэвіч (а хто яшчэ пайшоў бы за галапузага салдата?), якая, аднак, была на 25 гадоў маладзейшага за Амброжа, ён яшчэ паспеў нарадзіць 10 дзяцей.
Сымон жа, старэйшы сын Тодара, атрымаў у спадчыну ўсё – і зямлю, і пасаду мельніка, і павагу сярод зямлякоў, займаўся гандлем лесам, трымаў багата вуллёў. У яго было 3 дачкі і 1 сын – ужо згаданы Адам, якога разважлівы Сымон здолеў ажаніць з дачкой аднаго з найбагацейшых быхаўцаў – Варкай Бусловай. На вянчанні яна сябе паводзіла нейк зусім ціха, была дзіўнай, маўклівай, усе спісвалі гэта на сціпласць і сарамлівасць. Праўда ж была нашмат страшнейшай: Варвара надзяліла нашчадкаў генам шызафрэніі. Гэта прынесла багата гора, ледзь не знішчыла ўсю сям’ю, дый самой ёй, ужо пажылой, у 1928 годзе адсек сякерай галаву ейны малодшы сын Сідар.
Але гэта зусім іншая гісторыя.
Анатоль Прасаловіч. Магілёў.
На здымках: 1. Вёска Балонаўка; 2. Рачулка Балонаўка; 3. Вёска Балонаўка зімой.