• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 18 студзеня 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Дому Таўлая – 10 гадоў. Па дарогах жыцця паэта-брукара

Дому Таўлая – 10 гадоў. Па дарогах жыцця паэта-брукара

24 лістапада 2020, 14:42 Культура 21
Дому Таўлая – 10 гадоў. Па дарогах жыцця паэта-брукара

Нядаўна, на мерапрыемстве, пры-свечаным 10-гадоваму юбілею Дома паэта Валянціна Таўлая ў Лідзе, адзначалася, што супрацоўнікі дома-музея зацікаўленыя і ў экспанатах і матэрыялах, звязаных з жыццём і дзейнасцю паэтаў-сяброў Валянціна Таўлая, сярод якіх – Пятрусь Граніт, Васіль Струмень, Герасім Прамень. І сёння, з дапамогай навуковага супрацоўніка Лідскага гістарычна-мастацкага музея, куратара Дома Таўлая Алеся Хітруна, мы спынімся на асобе “паэта-брукара” Петруся Граніта, раскажам аб матэрыялах з архіва паэта, не так даўно перададзеных у наш літаратурны музей.

“Гэта вялікая радасць для нас, лідскіх музейшчыкаў!”

 

– У жніўні мінулага года, – расказвае Алесь Хітрун, – я ездзіў у вёску Зачэпічы Дзятлаўскага раёна ў складзе дэлегацыі лідскіх паэтаў на штогадовае свята бела-рускай паэзіі, якое там праводзіцца. Гэтую вёску называюць “гняздом паэтаў”, бо з яе выйшлі сябры і паплечнікі Валянціна Таўлая – заходнебеларускія паэты Пятрусь Граніт, Васіль Струмень, Герасім Прамень. Там я ў час свята і пазнаёміўся з унучкай Петруся Граніта – Людмілай Аляксандраўнай Яновіч, даведаўся, што ў яе захоўваецца архіў дзеда. Як аказалася, Людміла Аляксандраўна жыве ў Лідзе, прычым недалёка ад Дома Таўлая, у трынаццаціпавярховым інтэрнаце будтрэста. А недалёка ад Зачэпіч – у вёсцы Жукоўшчына – жыве ўнук Граніта, брат Людмілы Яновіч. Пазней Людміла Аляксандраўна прыйшла да мяне ў Дом Таўлая, прынесла папкі з рукапісамі, даку-ментамі, фотаздымкамі, якія датычацца яе вядомага дзеда. Падобныя архіўныя матэрыялы звычайна перадаюць у абласны або рэспубліканскі музей, і тое, што ўнучка Петруся Граніта згадзілася перадаць іх у наш Дом Таўлая, – вялікая радасць для нас, лідскіх музейшчыкаў.

Драўляная хата ў Вільні, цікавая для даследчыкаў

 

Беларускі паэт і педагог Пятрусь Граніт (сапраўдныя імя і прозвішча – Іван Івашэвіч) нарадзіўся ў 1909 годзе ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна (а на той час – Беліцкай воласці Лідскага павета) ў сялянскай сям’і. Яму рана давялося выконваць усю цяжкую работу па гаспадарцы, а вучыцца прыходзілася прыхваткамі. “За польскім часам” працаваў брукаром на сваёй малой радзіме. Яго нават называлі “паэт-брукар”. Дарэчы, у Зачэпічах да сённяшняга дня захаваўся брук, некалі пакладзены ягонымі рукамі.

Ва ўмовах Заходняй Беларусі Пятрусь Граніт даволі рана ўключыўся ў падпольную дзейнасць, наведваў сходы Беларускай сялянска-рабочай грамады. Пад уплывам вызвольнага руху пачаў пісаць вершы. У 1930 годзе ўступіў у рады Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У снежні 1933 года прымаў удзел у нелегальным з’ездзе беларускіх пісьменнікаў у Вільні. Сярод архіўных матэрыялаў, пера-дадзеных унучкай Петруся Граніта ў Дом Таўлая, ёсць успаміны самаго паэта аб тым з’ездзе, якія змешчаны ў кнізе Уладзіміра Калесніка “Зорны спеў” (1975).

Паводле ўспамінаў, на з’ездзе прысутнічала больш за дзесяць чалавек, пра-ходзіў ён у драўлянай хаце на два канцы. Гэта была хата Любы Асаевіч, будучай жонкі паэта Максіма Танка. Паэту запомнілася, што на сценах у той хаце было шмат фатаграфій і сярод іх – абраз з выявай нейкай святой, якую Граніт спачатку прыняў за фатаграфію вельмі прыгожай паненкі і па-вясковаму заўважыў камусьці з прысутных: “О, брат, глядзі ты, як гэтая во вырыхтавалася!” Гэтая фраза ўсіх рассмяшыла. Запомніўся таксама круглы стол, на ім – бутэлька гарэлкі, чаркі, талеркі (для канспірацыі). На гэтым з’ездзе Пятрусь Граніт упершыню сустрэўся з Валянцінам Таўлаем. Першае ўражанне яго аб Таўлаі: танклявы, падобны на хлопчыка (а Таўлаю тады было дзевятнаццаць гадоў), але гаварыў па-даросламу разважліва, часта ўстаўляў у сваё выступленне цытаты з Маякоўскага. Тады Граніт яшчэ не ведаў, што гэта выступае Таўлай.

– Дарэчы, што датычыцца гэтай драўлянай хаты, дзе праходзіў нелегальны з’езд, – адзначае Алесь Хітрун. – Ёсць меркаванне, што менавіта ў гэтай хаце пазней, у гады нямецкай акупацыі, жыла яўрэйка Кіра Брант – першая жонка Валянціна Таўлая. Яна жыла тут, па вуліцы Букавай, у цешчы Максіма Танка (аб гэтым Танк пісаў у сваім дзённіку за 1944 год) пад іншым прозвішчам і з падробленым пашпартам, хаваючыся ад немцаў. Гаспадыня хаты ўратавала Кіру ад смерці ў Віленскім гета, ілгала немцам, што гэта яе паза-шлюбная дачка. Далейшая гісторыя Кіры, пасляваенная, невядомая, і мне, як даследчыку, хацелася б хоць трохі запоўніць гэты прабел.

 

Быў у яго і псеўданім Мацей Гвозд

 

Але вернемся да біяграфіі Петруся Граніта. У 30-я гады за рэвалюцыйную дзейнасць паэт-брукар, як і Валянцін Таўлай, неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўла-дамі, зведаў катаванні ў дэфензіве. У друку ўпершыню выступіў у 1933 годзе з вершам, надрукаваным у падпольнай “Беларускай газеце”. Яшчэ адзін яго літаратурны псеў-данім – Мацей Гвозд.

– Між іншым, даследуючы архіўную папку паэта, перададзеную Людмілай Яновіч, – гаворыць Алесь Хітрун, – я знай-шоў у стосе рукапісаў аркуш, на якім алоў-кам занатаваны верш пад гэтым жа псеў-данімам. Гэта пакуль адзіны твор з такім подпісам, які патрапіў з асабістага архіва зачэпіцкага паэта. Бо, як вядома, Іван Івашэвіч часцей выкарыстоўваў псеўданім Пятрусь Граніт.

А яшчэ Алесь адзначыў, што пры “Беларускай газеце” – неафіцыйным друкаваным органе КПЗБ – выйшаў першы нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Літаратурная старонка”. Аднак першы нумар быў канфіскаваны польскімі ўладамі, а выпуск часопіса быў забаронены. Усё ж выдаўцы, ведаючы пра магчымасць канфіскацыі, частку накладу схавалі, і таму яна пазбегла знішчэння. Да падрыхтоўкі першага нумара часопіса “Літаратурная старонка” меў дачыненне Валянцін Таўлай, які, між іншым, быў і арганізатарам першай канферэнцыі пісьменнікаў Заходняй Беларусі. У архіве Дома Таўлая ёсць копія гэтага нумара.

– Але больш важным адкрыццём для мяне стала тое, – працягвае  Алесь Хітрун, – што я знайшоў у стосе папер Петруся Граніта арыгінал “Дэкларацыі групы паэтаў да ўсіх пісьменнікаў Заходняй Беларусі” за подпісамі заходнебеларускіх пісьменнікаў, якія потым за яе падпісанне былі арыштаваны і пакараны турэмным зняволеннем. Гэты дакумент быў змешчаны ў “Літаратурнай старонцы”.

У сваіх вершах 30-х гадоў Пятрусь Граніт выступаў супраць нацыянальнага прыгнёту ў Заходняй Беларусі, адлюстроўваў мары сялян, заклікаў заходнебеларускіх рабочых і сялян да ўз’яднання з БССР. У 1939 годзе падрыхтаваў да друку сваю першую кнігу паэзіі “Над хвалямі Нёмана”, але кніга ў сувязі з вайной так і не выйшла.

 

Сустрэча з Купалам у лідскай сталоўцы

 

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Пятрусь Граніт амаль два гады працаваў старшынёй Беліцкага сельсавета. У сакавіку 1940 года прысутнічаў на сустрэчы з Янкам Купалам у Лідзе (як вядома, Купала тады выбіраўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе). Тады ж ён сустрэўся з песняром Беларусі ў неафіцыйнай абстаноўцы, аб чым праз шмат гадоў, у 1964 годзе, расказаў вядомаму літаратуразнаўцу Уладзіміру Калесніку. Апошні гэты аповед запісаў, ён увайшоў у кнігу “Зорны спеў”, экзэмпляр якой ёсць у Доме Таўлая.

Кароткі змест яго наступны. Пятрусь Граніт разам з Валянцінам Таўлаем і Анатолем Іверсам пайшлі праведаць Купалу ў сталовую “Амерыканка”, што знаходзілася на рагу вуліц Савецкай і Ленінскай. Купала сустрэў іх ветліва, запрасіў разам паабедаць, заказаў абед з чатырох страў з чаркай і півам. Маладыя паэты памкнуліся плаціць, але Купала іх прыпыніў: “Хлопцы, у мяне, можа быць, больш грошай”. Усе трое тут жа, у сталоўцы, атрымалі ад народнага паэта падарункі на памяць. Петрусю Граніту дасталіся кнігі Купалы “Выбраныя паэмы” і асобнае выданне “Над ракой Арэсай”. Чытаў Граніт Купалу і адзін са сваіх вершаў. Пясняр Беларусі запрасіў яго да сябе ў Менск, сказаў: “Там параімся і наконт зборніка”. Купала зрабіў уражанне вельмі свойскага, душэўнага чалавека, з якім не адчуваеш розніцы ва ўзросце. “Падумаць толькі! – успамінаў Пятрусь Граніт. – Гэта ж народны паэт, а гаворыць, як бы быў сам вясковым простым чалавекам”.

На думку Алеся Хітруна, рукапісы і машынапісы 30-х гадоў, якія перадала Людміла Яновіч, магчыма, бачыў сам Купала і, верагодна, трымаў іх у руках. Але адназначна чуў вершы з гэтых рукапісаў з вуснаў Граніта.

 

Заядлы грыбнік, рыбак, які любіў прыроду і дзяцей

 

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Пятрусь Граніт быў сувязным партызанскай брыгады “Барацьба” на Гарадзеншчыне, выступаў з вершамі ў партызанскім друку. Вершы яго таго часу адлюстроўваюць нянавісць да фашысцкіх акупантаў. Пасля вайны завочна скончыў Наваградскае педагагічнае вучылішча, працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў родных Зачэпічах.

Не раз сустракаўся з Гранітам лідскі паэт Уладзімір Васько, калі працаваў у дзятлаўскай раённай газеце, разам з ім быў у Менску ў гасцях у Максіма Танка (гэтыя сустрэчы апісаны ў аўтабіяграфічнай кнізе Уладзіміра Гаўрылавіча “Зігзагі лёсу”).

“У вёсцы Зачэпічы, што на Дзятлаўшчыне, – пісаў Уладзімір Васько, – жыў Пятрусь Граніт (Іван Пятровіч Івашэвіч), саматужны паэт, як называў яго Уладзімір Калеснік. Ён працаваў дырэктарам пачатковай школы і часта прыязджаў у Дзятлава. Не прамінаў рэдакцыі. Прыносіў кожны раз лісткі з вучнёўскага сшытка альбо цэлы вучнёўскі сшытак з вершамі. Хацеў, каб я абавязкова прачытаў іх пры ім, што я і рабіў. Вершы паэта друкаваліся больш-менш рэгулярна. Іншы раз рукапісы правіліся. Ён на гэта даваў згоду. Кожны раз, развітваючыся, Іван Пятровіч запрашаў у госці… Сам Івашэвіч – заядлы грыбнік, рыбак. Жывучы пры лесе, ён добра ведаў у ім усе сцяжынкі, дарогі, пароды дрэў, назвы птушак, звяркоў, кветак, увогуле раслін. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў яго творах, у якіх адчуваецца сапраўдная чалавечая любоў да прыроды і дзяцей”.

Памёр Пятрусь Граніт у 1980 годзе, пахаваны на могілках паблізу роднай вёскі.

 

У кніжцы паэта для дзяцей ёсць і верш, прысвечаны ўнучцы

 

Што перадала Дому Таўлая ўнучка Петруся Граніта? Па-першае, рукапісы і машынапісы яго вершаў, самыя раннія з якіх пазначаны 1933-1934 гадамі. У рукапісах сустракаецца шмат вершаў-прыпевак, вершаў для дзяцей (апошнія адносяцца да перыяду працы паэта ў пачатковай школе). Вядома, што Граніт як паэт рэгулярна друкаваўся ў дзятлаўскай раённай газеце “Перамога”, дзясяткі яго вершаў “раскіданыя” па розных беларускіх выданнях. Незадоўга да смерці паэта выйшаў зборнік яго вершаў для дзяцей “Сцяжынка” (з рукапісаў вядомая чарнавая назва гэтага зборніка – “Па дарогах жыцця”). Прыгожа ілюстраваная кніжка “Сцяжынка” (а дакладней, яе частка) таксама перададзена Людмілай Аляксандраўнай Яновіч у Дом Таўлая. У гэтай кніжцы ёсць верш “Верабейчык”, прысвечаны менавіта ўнучцы паэта. Дарэчы, слонімскі паэт, краязнавец і літаратуразнавец Сяргей Чыгрын паабяцаў перадаць Дому Таўлая поўны асобнік зборніка “Сцяжынка”.

А вось сам верш “Верабейчык”:

 

Верабейчык – ціў, ціў, ціў!

Пад страхой гняздзечка звіў.

Рада Люда, рад і я,

Што займелі вераб’я.

 

Скача ён, як па драбінках,

Па танюсенькіх галінках.

І спявае: – Чык-чырык –

У гняздзе я жыць прывык.

 

І казаў яшчэ ён Людзе,

Што ў гняздзе яечка будзе.

Люда кожны дзень і я

Даглядалі вераб’я.

Мы гнязда не разбуралі

І яечак не чапалі,

Тыдняў некалькі прайшло,

У гняздзечку загуло…

 

Крошкі мы малым насілі,

Мы іх мушкамі кармілі,

Ды праз тыдні тры ці болей

Вераб’і шугнулі ў поле.

Рада Люда, рад і я:

– Во якая ў іх сям’я!..

 

Да канца жыцця заставаўся простым селянінам

 

Што яшчэ можна адзначыць з перададзеных дому-музею матэрыялаў, якія датычацца Петруся Граніта? Напрыклад, пісьмо паэту ад Уладзіміра Калесніка, у якім літаратуразнавец паведамляе, што напісаў артыкул “Зачэпічы – гняздо паэтаў” у часопіс “Помнікі архітэктуры і гісторыі Беларусі”, пісьмо ад рэдактара Гарадзенскага абласнога радыё Аляксея Дземідовіча, граматы, у тым ліку ад дзятлаўскай раённай газеты “Перамога”, ад лідскай раённай газеты “Сцяг працы”, ад Лідскага раённага аддзела народнай адукацыі, выпіску з акта аб шлюбе з аднавяскоўкай Ганнай Тананушка, датаваную 16 ліпеня 1933 года, ваенны білет, каля дваццаці фотаздымкаў, праз якія раскрываецца асоба паэта-селяніна, які і будучы дырэктарам школы заставаўся ў першую чаргу простым селянінам, адкрытым для аднавяскоўцаў і блізкім ім па духу…

– У 2016 годзе ў Зачэпічах быў устаноўлены памятны валун у гонар трох паэтаў, – гаворыць у заканчэнне нашай сустрэчы Алесь Хітрун, – а ў 2017-м у Зачэпічах з’явілася вуліца Петруся Граніта. На гэтай вуліцы знаходзіцца дом, дзе ён жыў (зараз у гэтым доме ніхто не жыве), і, магчыма, там таксама захавалася штосьці з архіва паэта, што можа ў перспектыве папоўніць наш Дом Таўлая.

Аляксей КРУПОВІЧ.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Свята Дня Незалежнасці
Грамадства

Свята Дня Незалежнасці

18 жніўня 2019, 21:5222
Прыйшоў час беларускай сімволікі, прыйдзе час і беларускай мовы
Грамадства

Прыйшоў час беларускай сімволікі, прыйдзе час і беларускай мовы

10 лістапада 2020, 20:4921
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0620
"Такі вядомы і такі просты…"
Культура

"Такі вядомы і такі просты…"

4 студзеня 2021, 23:3519
Далучайцеся да нас