Да 75-годдзя Беларускай Акадэміі мастацтваў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава прац дызайнераў і графікаў: “Шрыфт: Litera in primo. Ад Францыска Скарыны да беларуских друкаваных выданняў 1918- 1939 г.”. Пра традыцыі беларускіх шрыфтоў распавёў кандыдат культуралогіі Алесь Суша:
– Мы вельмі часта звяртаем ўвагу на мастацкае афармленне кнігі, на вокладку, ілюстрацыі, але важнае значэнне мае шрыфт, які фарміруе вобраз кнігі. На нашай зямлі традыцыя друкаваных шрыфтоў нарадзілася на аснове старажытнай рукапіснай традыцыі. Францішак Скарына зрабіў у свой час шрыфтавую эвалюцыю. Яго шрыфт быў лёгка чытальны, зразумелы. Будны, Цяпінскі спрабавалі яе развіваць, але яна ў 16 стагоддзі і скончылася.
Вызначальным для беларускіх шрыфтоў было ХХ стагоддзе. У 20-я гады назіраўся ўздым шрыфтавога мастацтва. Над стварэннем вельмі цікавых шрыфтоў працавалі мастакі габрэйскай традыцыі ў 20-тыя гады мінулага стагоддзя. У іх часопісах, газетах з’явіліся незвычайныя, яркія авангардныя шрыфты. У 20-я гады адбывалася нармалізацыя сучаснай беларускай мовы, ішло стварэнне граматык, але і стварэнне шрыфтоў. У “Маладнякоўцаў” ішлі пастаянныя пошукі стылю і эксперыменты са шрыфтамі.
Наша сучасная нацыянальная школа графічнага мастацтва грунтуецца на традыцыях рукапісаў і выданняў Скарыны і распрацоўках ХХ стагоддзя. Сучасная Беларусь мае ўнікальную школу шрыфту. Школа Паўла Семчанкі – вельмі вядомая, і яго вучні – Усевалад Свентахоўскі і Генадзь Мацур з’яўляюцца прадаўжальнікамі традыцыі. Іх вучні – сучасны феномен беларускай шрыфтавой культуры.
На адкрыцці выставы выступіў член Беларускага саюза мастакоў, дацэнт, дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, БДАМ Усевалад Пятровіч Свентахоўскі і яго студэнткі Кацярына Прадко і Анастасся Cамсонава.
– Значную працу мы выканалі да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У 2017 годзе трэба было зрабіць тытульныя лісты і вокладкі са шрыфтом Ф. Ска-рыны. Калі для краіны, горада, рэгіёна трэба шрыфтавое акрэсленне, яго трэба тыражыраваць, маштабіраваць, тут даводзіцца рабіць шмат працы. Сіламі студэнтаў дзвюх кафедр і трох курсаў мы тры гады рабілі распрацоўку шрыфтоў, і студэнты выконвалі шрыфтавыя плакаты.
Яшчэ у маладосці, пасля войска, калі я паступіў у Дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, то патрапіў на курс да Паўла Апанасавіча Семчанкі. Аднойчы ён прынёс студэнтам павялічаныя фотакопіі Бібліі Францішка Ска-рыны, і цэлы семестр на вялікіх планшэтах мы выконвалі выявы літар, пераносілі шрыфт.
Праз 20 гадоў я змог знайсці ў майстэрні гэтыя працы і зрабіць лічбавы шрыфт. Студэнты зараз выкарыстоўваюць шрыфтавыя плакаты, электронныя прэзентацыі са шрыфтамі, – распавёў Усевалад Свентахоўскі.
Лічбавыя і рукапісныя кампазіцыі напісанняў шрыфтоў, прадстаўленыя ў экспазіцыі, робяць годны ўнёсак у беларускую кніжную шрыфтавую культуру.
Э. Дзвінская, фота аўтара.