Заява ХХ з’езда Партыі БНФ
7 лістапада 2020 года
2020 год стаўся часам магутнага ды імклівага грамадзянскага абуджэння беларусаў. Большасць суайчынніц ды суайчыннікаў актыўна уключылася ў грамадска-палітычнае жыццё.
Грамадска-палітычная актыўнасць беларусаў скіравана, у першую чаргу, на адстойванне базавых свабодаў ды законнасці ў краіне. Партыя БНФ цалкам падтрымлівае патрабаванні аб забеспячэнні правоў ды свабодаў грамадзян, строгім выкананні законаў ды прыцягненні да адказнасці кожнага, хто парушаў Канстытуцыю ды іншыя законы Рэспублікі Беларусь, а таксама аб правядзенні новых, сумленных выбараў.
Каб воля нацыі была пачутая, нацыя мусіць казаць сваім уласным голасам. Менавіта беларуская мова ёсць тым голасам беларусаў, які не могуць скрасці ніякія фальсіфікатары.
Партыя БНФ нагадвае, што Рэспубліка Беларусь ёсць формай існавання беларускай нацыі – і толькі як беларуская нацыянальная дзяржава яна мае сэнс існавання і можа быць устойлівай. Дзяржаўныя інстытуты будуць сапраўды моцныя толькі тады, калі будуць абапірацца на беларускае грамадства, беларускі бізнес, беларускае войска, беларускія СМІ, беларускія цэрквы, на пачуццё нашай агульнай ідэнтычнасці як беларусаў і пачуццё нашай супольнай адказнасці за лёс нашай краіны і будучых пакаленняў беларусаў.
У гэтай сістэме дзяржаватворных падмуркаў найважнейшым элементам з’яўляецца бела-руская мова. Выбар на карысць беларускай мовы – гэта выбар на карысць нацыянальнай дзяржавы і, адпаведна, на карысць свабоды, дэмакратыі, вяршэнства закону.
Спробы цяперашняга рэжыму раскалоць, падзяліць беларускае грамадства па моўным пытанні – марныя ды наканаваныя на правал. Іншамоўныя беларусы ніколі не будуць дыскрымінаваныя ў свабоднай Беларусі. Але цяперашні стан татальнага дамінаваньня расейскай мовы аб’ектыўна ўскладняе вызваленне нашага грамадства, бо менавіта расейская мова з’яўляцца адным з наймацнейшых інструментаў, якія дазваляюць Крамлю ідэалагічна падтрымліваць цяперашні рэжым у Менску. Пагроза рэваншу тыраніі застанецца, калі новая, свабодная Беларусь не будзе ўгрунтаваная на нацыянальнай культуры і на роднай мове.
Дзеля найхутчэйшай перамогі каштоўнасцяў свабоды, дэмакратыі, вяршэнства закону ды незалежнасці, а таксама дзеля забеспячэння ўстойлівага развіцця свабоднай Беларусі ў будучыні, Партыя БНФ:
– заклікае усіх жыхароў Беларусі вывучаць і ўдасканальваць ступень валодання беларускай мовай, карыстацца беларускай мовай ва ўсіх жыццёвых выпадках, ініцыяваць стварэнне беларускамоўных групаў і плыняў у навучальных установах розных узроўняў;
– заклікае беларускі бізнес, усіх вытворцаў тавараў і паслугаў, карыстацца беларускай мовай у рэкламных кампаніях, у аздабленні тавараў, у камунікацыі з пакупнікамі і карыстальнікамі;
– заклікае беларусаў адмовіцца ад прагляду расейскіх СМІ, якія імкнуцца дыскрэдытаваць беларускае грамадства, распальваюць міжнацыянальную варажнечу і па-сутнасці ёсць сродкамі вядзення інфармацыйнай вайны супраць нашага народа;
– заклікае пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ў сістэме адукацыі;
– заклікае Святлану Ціханоўскую ды ейны штаб, Каардынацыйную Раду ды любыя іншыя грамадзянскія ініцыятывы шырока карыстацца беларускай мовай як у камунікацыі з грамадствам, так і пры распрацоўцы ўласных дакументаў, праграмаў развіцця і г. д. Пры абмеркаванні і падрыхтоўцы неабходных зменаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь заклікаем адстойваць вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі.