Змены закліканы спыніць рост складу нямецкага парламента. У цяперашнім скліканні ў бундэстагу 709 дэпутатаў, хоць па законе павінна быць 598.
Германскі бундэстаг
Бундэсрат (прадстаўніцтва федэральных земляў Германіі) у пятніцу, 6 лістапада, ухваліў рэформу выбарчага заканадаўства ФРГ, мэтай якой з’яўляецца спыніць сталы рост ліку дэпутатаў германскага парламента – бундэстага. Цяперашні бундэстаг складаецца з 709 парламентарыяў, хоць паводле закона, павінен уключаць 598 чальцоў. Паводле паправак, якія парламент прыняў напачатку кастрычніка, дамагчыся гэтага плануецца шляхам скарачэння ліку дадатковых мандатаў (Uberhangmandate) і ўраўнавальных мандатаў (Ausgleichmandate). Акрамя таго, з 2024 года скароціцца і лік выбарчых акруг з 299 да 280.
Буйнейшая рэформа выбарчага заканадаўства, у тым ліку і далейшае скарачэнне выбарчых акруг, па рашэнні кіравальнай кааліцыі ХДС/ХСС-СДПГ, павінна быць праведзена да выбараў 2025 года. Для гэтага будзе створана адпаведная камісія, якая павінна прадставіць прапановы па рэформе да 30 чэрвеня 2023 года.
Дадатковыя і ўраўнавальныя мандаты
Да змены размеркавання месцаў у бундэстагу прыводзіць наяўнасць дадатковых мандатаў (Uberhangmandate). Кожны выбарнік у Германіі мае на выбарах два галасы. Палова з 598 месцаў у парламенце размяркоўваецца па галасах выбарнікаў, аддадзеным за пэўных людзей – прамых кандыдатаў у акругах, а другая палова – па галасах выбарнікаў, аддадзеным за зямельныя партыйныя спісы.
Рэгулярна здараецца, што партыі могуць правесці больш прамых кандыдатаў у парламент, чым ім належыць па выніках галасавання за партыйныя спісы. У такім разе колькасць месцаў у бундэстагу павялічваецца, таму што гэтыя партыі атрымліваюць дадатковыя мандаты. Але ў такім разе і астатнія партыі, якія прайшлі ў парламент, у якасці кампенсацыі атрымліваюць ураўнавальныя мандаты (Ausgleichmandate). Падобная практыка прыводзіць да таго, што лік народных выбраннікаў з разу ў раз расце, і бундэстаг ФРГ цяпер з’яўляецца самым вялікім нацыянальным парламентам у Еўропе.
Навіны Германіі.
