Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Пра апазіцыю – “традыцыйную” і “нетрадыцыйную”

Пра апазіцыю – “традыцыйную” і “нетрадыцыйную”

10 лістапада 2020, 20:41 Грамадства, ТБМ 11
Пра апазіцыю – “традыцыйную” і “нетрадыцыйную”

На з’ездзе абодвум старшыням (дзейнай і ганароваму) некалькі дэлегатаў прад’явілі прэтэнзіі наконт іх патрабаванняў аб тым, што кандыдат у прэзідэнты паві-нен быць беларускамоўным. Як на мой погляд, тыя патрабаванні выказаны занадта павучальна (я абраў бы крыху іншую форму), але па сутнасці былі правільнымі. Трэба штурхаць людзей, якія імкнуцца кіраваць краінай, да важнейшых складнікаў існавання дзяржавы. Штурхаць далікатна, але настойліва. Без такіх штуршкоў яны пра тое не думаюць і, мабыць, не сталі б думаць.

Успомнім, як пачыналіся сустрэчы жаночай тройцы з народам. Сімволіка – белыя стужачкі, лозунгі – толькі рускамоўныя: “Вперёд, белорусы!”, “Страна для жизни”, “Любим, можем, победим!” ды інш. І гэта ўсё не гукнулася б такой узнёслай магутнай хваляй, каб да мітынгаў не далучыліся людзі з бела-чырвона-белымі сцягамі і беларускай мовай.

Знайшоў адзін цікавы водгук у інтэрнэце: “Какие же молодцы беларускамоўныя! Восхищаюсь вами! Только не называйте нас больше москалями и кацапами.” Хацелася напісаць гэтай жанчыне, што “маскалі” і “кацапы” – гэта не да яе, а да тых, хто грэбліва называе нас “малодшымі братамі” ды “бульбашамі”.

С. Ціханоўская казала, што беларускай мовай валодае, але ёю не карысталася і па асобных яе словах было відавочна, што гэтая мова для яе другасная. Зараз яна, дарэчы, пачала інтэнсіўна выпраўляць гэтую хібу сваёй адукацыі, што ўхвальна. Не з-за папрокаў А. Трусава, якіх яна хутчэй не пачула, а па нейкіх іншых прычынах, пра якія няцяжка здагадацца.

І ўсё ж дзве жанчыны на з’ездзе выказалі незадавальнне ганароваму старшыні за яго моўную агрэсію ў бок Святланы. Іх вырашыў падтрымаць малады і актыўны. Ён энергічна выйшаў да трыбуны і накінуўся на А.Трусава павышаным тонам: “Ціханоўская і Бабарыка – гэта новыя лідары! Іх падтрымлівае народ! А дзе традыцыйная апазіцыя?! Зга-ньбіла сябе!”

Што ж, трэба распавесці яму, дзе тая “традыцыйная” апазіцыя, калі ён не ведае. Севярынец у турме, там жа Статкевіч, Пазьняк з-за пагрозы жыццю з’ехаў за мяжу, туды ж вымушана з’ехаў Саннікаў з сям’ёй. А хто не помніць скрываўленага твару Някляева? Хто не чытаў яго вершаў, напісаных у турэмнай камеры?..

Можа, не пра іх казаў чалавек? Ці названых ён не адносіць да “традыцыйнай апазіцыі”? Тады трэба называць канкрэтныя прозвішчы, а не мазаць лайном усіх пагалоўна. Як гэта лёгка: збэсціць усіх, хто быў да цябе, маўляў, нічога не рабілі, толькі грантасосілі, а вось мы зараз возьмемся і… Здзіўляйцеся, людзі! Але пачакаем здзіўляцца, прыгледзімся да справы.

Задумаўся аб цікавым выразе “традыцыйная апазіцыя”. Гэта значыць, апазіцыя з традыцыямі. А традыцыі з’яўляюцца на працягу пэўнага некароткага часу. Тады гаворка пра апазіцыю, якая існуе здаўна. Азірнуўся на сябе: мабыць, і мяне можна аднесці да “традыцыйнай апазіцыі”, бо мая апазіцыйнасць пачалася з 1978 года (менавіта тады з’явілася мая першая “апазіцыйная” публікацыя), калі маладога крытыка яшчэ не было на свеце. Аглядваючы гэты саракагадовы свой шлях, спрабую зразумець: дзе і чым я сябе зганьбіў?

Дзіўная рэч: тая моладзь, якая сёння выходзіць на пратэсты, у большасці лічыць, што яны першыя, што раней нічога падобнага не было, што людзі толькі сядзелі на кухнях і цярпелі. І разумею выплеск крыўды сталай жанчыны Раісы Катляровай, якая паказала маладзёнам два ўзнятыя ўверх пальцы, знак перамогі, і тыя паляпалі яе па плячы: малайчына, бабуля, і ты з намі. Не яна з імі, а яны з ёю, бо тое, што яны робяць зараз (дараслі нарэшце!), яна рабіла трыццаць год таму – зарабляючы і тумакі, і здзекі, і штрафы. А яны, цёмныя, нічога пра тое не ведаюць. І вынаходзяць свой ровар, лічаць сябе першапраходцамі.

Ну і няхай будуць першапраходцамі. Толькі б дайшлі… Толькі б дайшлі да Беларусі, да якой шлях няпросты і ляжыць у тым ліку праз мову. З чужой мовай, калі верыць Скарыну і Каліноўскаму, да яе не дайсці.

Не магу не ўзгадаць праграму яшчэ аднаго кандыдата ў прэзідэнты. Распісаў усё цудоўна – і пра палітычны лад, і пра эканоміку, і пра асноўныя свабоды чалавека, якія трэба абараняць. “А теперь о языке. Пользуемся русским, учим английский, поддерживаем белорусский.” Формула з шасці слоў, з якой вынікае, што беларускай мовай не карыста-емся, а толькі падтрымліваем. На табе, мова, мыліцы, пакавыляй яшчэ! Сам не ў тэме наконт мовы, дык знайдзі сабе спічрайтэра, які дапаможа сфармуляваць выразна і дакладна. Калі б звярнуўся, напрыклад, да мяне, я перарабіў бы формулу так: “Карыстаемся беларускай і рускай мовамі. Імкнемся валодаць англійскай, кітайскай, нямецкай ды іншымі мовамі свету.” Слоў болей, але і сэнсу болей.

Хочацца сказаць “нетрадыцыйнай апазіцыі”: “Не варта кідаць камяні ў людзей, што пражылі значна большы век. Зарабляйце свой імідж іншымі сродкамі. Бо “калі стрэліш у мінулае з пісталета, тады будучыня стрэліць у цябе з гарматы”.

А мову прэтэндэнты ўсё ж няхай вучаць. Нам хапіла аднаго старшыні, які мовы не ведае. Выявілася, што ён і Беларусі не ведае.

Міхась Булавацкі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю
Навука

Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю

29 жніўня 2024, 14:4116
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Далучайцеся да нас