Канстытуцыйная рэформа магла б дапамагчы выйсці з крызісу ў Беларусі, лічыць палітолаг Астрыд Зам з Берліна. Калі бакі зыходзяць з інтарэсаў краіны, яны павінны пачаць дыялог, упэўнена яна.
Астрыд Зам (Astrid Sahm) раней жыла і працавала ў Беларусі. Цяпер яна з’яўляецца экспертам фонду “Навука і палітыка” (SWP) у Берліне. Палітолаг спецыялізуецца ў тым ліку на такіх тэмах, як трансфармацыйныя працэсы і развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
Deutsche Welle:
– Вы доўгія гады сочыце за падзеямі ў Беларусі. Ці маглі вы сабе ўявіць, што пратэсты ў краіне будуць гэтак масавымі і працяглымі?
Астрыд Зам:
– У красавіку я пісала артыкул пра распаўсюд каронавіруса ў Беларусі. Там была такая фіналь, што жыццё ў Беларусі пасля 9 жніўня можа моцна змяніцца. Ужо тады назіраўся глыбокі крызіс даверу, самаарганізацыя грамадства і неадэкватная рэакцыя ўладаў на пандэмію, у першую чаргу, у тым, што датычыцца камунікацыі з насельніцтвам. Гэтыя тры складнікі прывялі да таго, што мы сёння назіраем.
– Што вас здзівіла больш – рашучасць пратэстантаў ці цвёрдая рэакцыя ўладаў?
– Мне здаецца, мы назіраем якасныя змены ў адносінах грамадства і дзяржавы ў Беларусі. Першым чынам, з боку грамадства. У папярэднія гады грамадства жыло сваім жыццём, і калі дзяржава не занадта моцна яму замінала, то яно і не спрабавала ўплываць на тое, як дзяржава развіваецца. Не было веры ва ўласныя сілы, у тое, што можна штосьці па-мяняць.
Але грамадства змянілася. Гэта стала прыкметна на прыкладзе самаарганізацыі падчас пандэміі. І гэта надало грамадзянам упэўненасці ў тым, што яны могуць уплываць на сітуацыю. Гэта адбылося яшчэ да выбараў. Многія людзі пераадолелі страх, яны больш не баяцца наступстваў, якія можа пацягнуць за сабой удзел у мітынгах. З-за пандэміі COVID-19 межы былі закрыты, нельга было проста з’ехаць у іншыя краіны, каб адцягнуцца і адчуць палягчэнне. Актыўная частка насельніцтва зразумела, што яны мо-гуць апынуцца ў замкнёнай прасторы сам-насам з гэтай дзяржавай. Гэта таксама стала адным з мабілізоўных фактараў для рашучых пратэстаў.
– Рэакцыя ўладаў на гэтыя пратэсты вельмі цвёрдая. У МУС Беларусі нават заявілі, што могуць ужыць баявую зброю супраць удзельнікаў мітынгаў.
– Ніхто не чакаў, што адзінай рэакцыяй дзяржавы на масавыя мітынгі будуць спробы загасіць пратэст. Калі ўспомніць, як улады рэагавалі, напрыклад, падчас пратэстаў супраць закона пра дармаедаў, то можна адзначыць, што тады яны выяўлялі адпаведную гнуткасць. Яны прыслухоўваліся да настрояў у грамадстве, спрабавалі зняць напружанасць і не давесці сітуацыю да шырокіх пратэстаў. Але з пачатку пандэміі мы не бачым ніякіх крокаў насустрач грамадству з боку ўлады.
– 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся ў СІЗА з палітвязнямі. Гэта не крок насустрач?
– Пакуль яшчэ складана сказаць, навошта ён зрабіў гэта. Ці хацеў ён нешта прадэманстраваць ці нешта для сябе высветліць. Але, напэўна, з гэтага можна зрабіць выснову, што ўсярэдзіне ўлады расце разуменне таго, што толькі гвалтам вулічныя пратэсты не здушыць, патрэбныя іншыя хады. Але калі гэты крок адзіны – то гэта крок у нікуды.
– У публікацыі для фонду “Навука і палітыка” ад 16 верасня вы выказалі меркаванне, што пачаткам урэгулявання канфлікту ў Беларусі можа стаць канстытуцыйная рэформа. Вы па-ранейшаму так лічыце?
– Я думаю, што канстытуцыйная рэформа магла б пры адпаведных умовах дапамагчы выйсці з крызісу. Хоць пратэстны рух патрабуе, у першую чаргу, правядзення вольных выбараў, але ў сённяшнім тупіку трэба знайсці нейкі кампраміс. У пратэстнага руху няма інстытуцыйных прылад, каб дамагчыся сваіх мэтаў. А ўлада не можа загасіць пратэстны рух, яна павінна яго прызнаць і па-іншаму рэагаваць. Круглы стол не можа праходзіць у турме. Ён павінен адбыцца на волі. Калі ўлады жадаюць, каб канстытуцыйная рэформа стала выйсцем з крызісу, які склаўся, то павінны прагучаць іншыя прапановы, якія дазволілі б у нейкай ступені аднавіць згублены давер.
Калі гульцы зыходзяць з інтарэсаў краіны і яе эканамічнага развіцця як суверэннай дзяржавы, яны павінны пачаць дыялог, а канстытуцыйная рэформа магла б стаць прадметам такога дыялогу. Тады можна было б казаць пра ўмовы, пры якіх яна магла б служыць выйсцем з крызісу.
– Якія гэта ўмовы?
– З аднаго боку, улады павінны адпусціць усіх палітвязняў. Гэта павінна быць пачаткам, без гэтай гутаркі з пратэстным рухам проста не атрымаецца. Яны таксама павінны гарантаваць, што свабода сходаў будзе выконвацца і гвалт супраць мірных дэманстрантаў спыніцца.
З іншага боку, Кардынацыйная рада павінна прапанаваць адпаведныя гарантыі для дзейснай улады. Святлана Ціханоўская агучыла гарантыі для Лукашэнкі, але я думаю, што яны павінны быць не толькі для Лукашэнкі, але і для ўсяго дзяржапарата і іх сем’яў. Бо важна, каб службоўцы былі зацікаўлены ў дыялогу (…) Пры гэтым важна, каб усе факты ўжывання гвалту дакументаваліся. Гэта дасць магчымасць вярнуцца да пытання юрыдычнай адказнасці, калі дыялог сарвецца і гарантыі страцяць актуальнасць.
– У Еўрасаюзе 12 кастрычніка дамовіліся ўключыць Аляксандра Лукашэнку ў санкцыйны спіс. Як вы ацэньваеце гэтае рашэнне?
– Важна, што на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС таксама прагучала, што Еўрасаюз прапануе Беларусі пакет дапамогі ў выпадку правядзення рэформаў. Гэта можа стварыць дадатковы стымул, каб улады ў Менску пайшлі на дыялог. На мой погляд, адрасатам павінен быць не Лукашэнка, а дзяржапарат у цэлым. Зацыкленасць на Лукашэнку ні да чаго не прывядзе. Патавая сітуацыя не вырашыцца, калі ў дзяржапараце ні знойдуцца сілы, якія памяняюць тактыку, убачаць неабходнасць у дыялогу і пераадолеюць страх.
Тое, што Лукашэнку цяпер плануюць уключыць у гэты спіс, гэтак жа лагічна, як і прапанова даць гарантыі службоўцам, калі яны пойдуць на дыялог з пратэстным рухам. Інакшы падыход атрымліваецца несправядлівым.
– Ці можаце вы зрабіць прагноз пра развіццё сітуацыі ў Беларусі?
– Не, гэта вельмі складана. Але факт: сітуацыя ў Беларусі ўжо сапраўды не будзе такой, як да выбараў 9 жніўня.
Deutsche Welle.