• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 25 студзеня 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
XII справаздачна-выбарная канферэнцыя Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”

XII справаздачна-выбарная канферэнцыя Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”

13 кастрычніка 2020, 14:59 ТБМ 6
XII справаздачна-выбарная канферэнцыя Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”

У Віцебскай абласной бібліятэцы 27 верасня адбылася XII справаздачна-выбарная канферэнцыя  ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Са справаздачным дакладам выступіў старшыня Віцебскай абласной рады Ю.М. Бабіч. Напачатку Юрый Міхайлавіч зазначыў, што згодна з планам гэтая канферэнцыя планавалася яшчэ ў сакавіку, аднак эпідэміялагічная сітуацыя не дазволіла тады яе правесці.

Потым усе прысутныя ўшанавалі памяць сяброў ТБМ з розных рэгіёнаў, якія адышлі з гэтага свету. На жаль,  у апошні час з жыцця пайшлі такія вядомыя сябры арганізацыі, як Юрый  Нагорны, Мікалай Карніенка, Алёна Канапацкая.  

Затым старшыня абласной рады спыніўся на асноўных момантах працы арганізацыі за апошнія два гады. Ён распавёў пра шэраг імпрэзаў і сустрэчаў, якія ладзіліся за гэты перыяд. Таксама адзначыў, што вядзецца актыўная праца з аддзеламі адукацыі па адкрыцці беларускіх класаў, школ і гімназій.  Асаблівую ўвагу Юрый Міхайлавіч акцэнтаваў на тым, што кіраўніцтва абласной рады рэгулярна сустракаецца з высокімі прадстаўнічымі асобамі вобласці і горада, дзе вырашаюцца важныя пытанні аб пашырэнні, папулярызацыі мовы, афармленні шыльдаў, абвестак, назваў прыпынкаў у горадзе па-беларуску.

Важным вынікам працы ТБМ з’яўляецца афіцыйнае аднаўленне дзейнасці  Ушацкай раённай арганізацыі.  У справаздачы была адзначана  вялікая праца рэгіянальных структур, якія праводзяць дастаткова шмат мерапрыемстваў, каторыя спрыяюць пашырэнню беларускасці.  Асаблівую падзяку за супрацоўніцтва Юрась Бабіч выказаў ВДУ імя Машэрава і асабіста дэкану факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый прафесару Сяргею Нікалаенку, а таксама Віцебскаму адзяленню “Руху за свабоду”, Віцебскай дыяцэзіі каталіцкага касцёла, кіраўніцтву Віцебскай абласной бібліятэкі і іншым.

smart

У спрэчках па дакладзе выступілі яшчэ некалькі прадстаўнікоў арганізацыі. У прыватнасці, Галіна Варатынская (Ушацкая раённая арганізацыя), Кастусь Севярынец (Віцебская гарадская арганізацыя), Георгій Станкевіч (Бешанковіцкая раённая арганізацыя), Людміла Нікіціна (Віцебская раённая арганізацыя) і іншыя. Так, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Георгій Станкевіч падкрэсліў значнасць рэдагаванай ім газеты “Крынка”, якая выдаецца на беларускай мове і ў якой закранаюцца надзённыя пытанні беларускасці. Людміла Нікіціна – кіраўнік Заронаўскай суполкі Віцебскага раёна – канстатавала  плённую працу  “Народнага музея гісторыі Заронаўскага краю”,  жаданне школьнікаў, моладзі ўдзельнічаць менавіта ў беларускамоўных імпрэзах. Моцным папулярызатарам роднай мовы выступае і Беларускі тэатр “Лялька”, дзе традыцыйна гучыць сакавітае беларускае слова. Пра гэта гаварыла сп-ня Людміла Сіманёнак.

smart

Згодна са статутам, быў абраны новы склад абласной рады і рэвізійнай камісіі, вылучаны дэлегаты на з’езд ТБМ ад раённых і гарадскіх суполак, прыняты план дзейнасці абласной арганізацыі на наступныя два гады.  Потым адбыліся выбары старшыні і намеснікаў. Старшынёй Віцебскай абласной рады была абрана Марына Міхайлаўна Белахвостава – магістр філалогіі, настаўнік гісторыі, чалавек з нацыянальна-накіраванымі поглядамі і крэатыўнымі падыходамі да беларушчаны. Абраная старшыня адзначыла, што мова для яе – гэта не пусты гук.  Мова – гэта  тое, што нясе ў сабе гісторыю беларускага народа і непарыўна звязана з ім. Намеснікам старшыні абласной рады абрана Алена Сакалова – выкладчыца англійскай мовы.

Больш за дзве гадзіны працягваўся зацікаўлены абмен думкамі, абмяркоўваліся надзённыя праблемы з жыцця абласной арганізацыі.  Кожны з прысутных мог у нязмушанай, але разам з тым дзелавой атмасферы падзяліцца ўражаннямі, абмеркаваць планы і ідэі.

Канферэнцыя засведчыла, без сумневу, пазітыўны настрой і дэлегатаў, і гасцей. І гэта натхняе на далейшую стваральную працу!

Наталля Ермакова,

сябра ТБМ, студэнтка ВДУ

імя Машэрава.

 

СПРАВАЗДАЧА ВІЦЕБСКАЙ АБЛАСНОЙ РАДЫ ТБМ ПА ВЫНІКАХ ПРАЦЫ Ў 2018 – 2020 гг.

На ўліку ў Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ знаходзіцца 344 чалавекі. Віцебская абласная рада ТБМ у справаздачны перыяд працавала згодна з зацверджаным на папярэдняй канферэнцыі планам і з улікам сітуацыі, якая складваецца ў грамадстве ў канкрэтны часавы прамежак. Кіраўніцтвам і сябрамі рады зроблена значная праца па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы, праведзены сустрэчы з кіраўнікамі розных дзяржаўных структур абласнога ўзроўню, арганізаваны шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў. Паспрабуем сцісла падаць вынікі працы абласной рады ў храналагічным парадку. Нагадаем, што папярэдняя наша справаздачна-выбарная канферэнцыя праходзіла 18 сакавіка 2018 года.

У сакавіку 2018 года згодна з прапановамі, што прагучалі на папярэдняй справаздачна-выбарнай канферэнцыі, радай былі разасланы звароты ў раённыя і гарадскія аддзелы адукацыі Віцебскай вобласці з пытаннем адносна планаў па адкрыцці ў блізкай перспектыве беларускамоўных школ ці гімназій. Практычна ва ўсіх адказах канстатавалася, што мову навучання выбіраюць бацькі вучняў і яны аддаюць перавагу рускай мове.

У траўні 2018 г. адбылася сустрэча старшыні рады з намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама сп. П.У. Гнуценкам па пытанні магчымых шляхоў супрацоўніцтва ТБМ і дзяржаўных органаў па ўшанаванні памяці Васіля Быкава ў Віцебску і вобласці. Было выяўлена разуменне праблемы і намечаны папярэднія шляхі яе вырашэння. На жаль, істотных зрухаў у гэтым кірунку не адбылося, але рада працягвае кантакты з органамі дзяржаўнай улады па названым пытанні.

У траўні таго ж года Ганаровы старшыня абласной рады І.А. Навумчык і сябар рады Л.А. Гаравы наведалі па даручэнні рады Ушацкі райвыканкам для абмеркавання магчымасці сумеснага правядзення Быкаўскіх урачыстасцяў на малой радзіме пісьменніка. Таксама было знойдзена ра-зуменне неабходнасці сумеснай працы ў гэтым кірунку.

У чэрвені 2018 года па традыцыі абласной радай сумесна з ГА “Рух “За свабоду” ў Бычках былі арганізаваны Літаратурныя чытанні, прысвечаныя Васілю Быкаву. Удзел у імпрэзе прынялі сябры абласной рады, чальцы гарадской арганізацыі, якія падрыхтавалі літаратурна-мастацкую частку, правялі віктарыну паводле жыццёвага і творчага шляху нашага славутага земляка.

У снежні 2018 года на філалагічным факультэце ВДУ імя Машэрава прайшоў чарговы Фестываль беларускага слова. Самы непасрэдны ўдзел у яго арганізацыі і правядзенні прынялі кіраўнікі абласной рады (Ю. Бабіч, В. Сянькова), а таксама студэнты – сябры ТБМ. Асабліва хацелася б адзначыць папулярнасць сярод студэнтаў свята пад назвай “З гітарай па-беларуску”, дзе звычайна мы маем шмат ахвотных прадэманстраваць свой талент у выкананні беларускамоўных песняў.

У снежні 2018 года сябрам абласной рады сп. Юрыем Нагорным была накіравана заява ў адрас кіраўніцтва ААТ “Віцебскаблаўтатранс” па пытанні мовы абвестак у грамадскім транспарце Оршы. У горадзе ўся аўдыяінфармацыя, не кажучы ўжо пра візуальную, падаецца толькі на рускай мове. Адказ атрымалі, на жаль, стандартны, пра дзве дзяржаўныя мовы ў Канстытуцыі і г.д.

У канцы 2018 года быў праведзены традыцыйны агляд-конкурс рэгіянальнага друку Віцебшчыны “З беларускім словам”. Радай быў зацверджаны склад журы, куды ўвайшлі прафесійныя журналісты, лінгвісты, настаўнікі-беларусазнаўцы. Мы праводзім згаданы конкурс рэгулярна, і гэта дазваляе ацаніць узровень выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы раённымі і гарадскімі выданнямі, а таксама недзяржаўнай прэсай. У выніку першае месца сярод раённых выданняў было прысуджана адразу тром выданням: шумілінскай раёнцы “Герой працы” (галоўны рэдактар – Сяргей Ермалаеў), ушацкаму “Патрыёту” (галоўны рэдактар – Дзмітрый Ра-маноўскі) і докшыцкім “Родным вытокам” (галоўны рэдактар – Аляксандр Варанковіч). Другое месца сярод раённых газет журы прысудзіла “Міёрскім навінам” (галоўны рэдактар – Наталля Станкевіч) і “Пастаўскаму краю” (галоўны рэдактар – Людміла Зелянкевіч). Паводле рашэння журы трэцяе месца сярод раённых газет прысуджана “Лепельскаму краю” (галоўны рэдактар – Святлана Вазняк). Прыгадаем, што падчас правядзення папярэдняга агляду-конкурсу лепельская раёнка не ўваходзіла ў лік пераможцаў. Значыць, прагрэс у плане выкарыстання беларускай мовы ёсць, ён відавочны. У намінацыі “Абласныя і гарадскія газеты” журы, як і падчас правядзення папярэдніх аглядаў-конкурсаў, не знайшло падстаў для вызначэння пераможцы.

У намінацыі “Недзяржаўныя выданні” журы прысудзіла перамогу, як і папярэдні раз, адразу дзвюм газетам: “Каталіцкаму весніку” (галоўны рэдактар – Віктар Місевіч) і “Вольнаму Глыбокаму” – (галоўны рэдактар – Уладзімір Скрабатун). Рада павіншавала кожны рэдакцыйны калектыў-пераможцу. Падрабязны аналіз тыповых недахопаў быў разасланы ў кожнае выданне, а таксама на адрас галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама. Паводле водгукаў, якія мы атрымліваем ад рэдакцый, асобных журналістаў, згаданы агляд-конкурс мае дастаткова важнае значэнне ў плане павышэння прафесійнага ўзроўню выданняў, стымулюе супра-цоўнікаў больш сур’ёзна клапаціцца пра якасць публікацый, пра культуру беларускай мовы.

22 студзеня 2019 года перад пачаткам новага футбольнага сезону рада накіравала афіцыйны ліст кіраўніцтву ФК “Віцебск” з прапановай у новым сезоне падаваць прозвішчы гульцоў на майках па-беларуску. Мы канстатавалі факт, што ФК “Віцебск” – адзін з нямногіх клубаў у Чэмпіянаце Беларусі, які прозвішчы футбалістаў падае па-руску. У адказе кіраўніцтва ФК “Віцебск”, на жаль, канстатавала, што і надалей будзе выкарыстоўваць у сваёй працы рускую мову.

21 лютага 2019 года аблас-ная рада ТБМ разам з Віцебскай абласной бібліятэкай арганізавала агульнагарадскую дыктоўку да Міжнароднага дня роднай мовы, у якой прыняло ўдзел больш за 50 чалавек. Да Міжнароднага дня роднай мовы быў прымеркаваны цэлы шэраг імпрэзаў ва ўніверсітэце імя Машэрава, зладжаных абласной арганізацыяй ТБМ разам з філалагічным факультэтэтам і Цэнтрам славянскіх моў і культур. Дарэчы, абласная арганізацыя ТБМ цесна супрацоўнічае з названым Цэнтрам, ладзячы рэгуля-рна імпрэзы, накіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы. У прыватнасці, для студэнтаў правёў майстар-клас па мастацтве перакладу вядомы беларускі навуковец, лінгвіст, літаратуразнавец і сябар ТБМ Лявон Баршчэўскі.

У чэрвені 2019 года ў межах Форума няўрадавых арганізацыяў Беларусі адбыўся VIII Кангрэс Асамблеі НДА, у якім прыняў удзел сябар абласной рады сп. Анатоль Родзік. Сп. Анатоль закрануў падчас свайго выступу пытанні пашырэння беларускай мовы ў працы недзяржаўных аргані-зацый, распавёў пра дзейнасць нашай абласной структуры.

19 чэрвеня 2019 года Віцебская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны сумесна з Віцебскай абласной бібліятэкай правялі творчы вечар, прысвечаны 95-ай гадавіне з дня нараджэння Васіля Уладзіміравіча Быкава. Імпрэза атрымалася сапраўды цікавай, у ёй прынялі ўдзел каля 60 чалавек.

Надзвычай важным вынікам працы абласной арганізацыі ў 2019 годзе з’яўляецца, на наш погляд, афіцыйнае аднаўленне дзейнасці Ушацкай раённай арганізацыі. Яна зноў пастаўлена на ўлік ва ўстаноўленым парадку, праводзіць актыўную працу. Хацелася б выказаць асаблівую падзяку кіраўніку Ушацкай раённай арганізацыі ТБМ сп-ні Галіне Варатынскай за праведзеную вялікую працу па ўзнаўленні дзейнасці структуры, а таксама падзякаваць сябру абласной рады сп. Міхасю Мірановічу, які шмат зрабіў для аднаўлення арганізацыі на Ушаччыне. Дарэчы, сп. Мірановіч за апошнія два гады меў больш за сорак творчых выступаў у розных рэгіёнах Віцебскай вобласці, падчас якіх як сябра абласной рады інфармаваў пра яе дзейнасць і планы.

31 кастрычніка ў кавярні “Торвальд” адбылася арганізаваная Таварыствам беларускай мовы і Універсітэтам імя Ніла Гілевіча прэзентацыя відэарэпартажаў “Універсітэты свету” пра адукацыйную сістэму Даніі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Уладзімір Колас – першы прарэктар Універсітэта імя Ніла Гілевіча, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны; Павел Церашковіч – прарэктар па навучальнай працы Універсітэта імя Ніла Гілевіча, эксперт Грамадскага Балонскага камітэта ў Беларусі.

У цыкле праграм распавядаецца пра Капенгагенскі ўніверсітэт – найстарэйшую вышэйшую навучальную ўстанову Еўропы, пра сучасны ўніверсітэт з аўтарскай сістэмай навучання ў Роскільдзе і Дацкую нацыянальную кінашколу, пра агенцтва Міністэрства адукацыі, якое каардынуе працу ўніверсітэтаў, пра ўмовы жыцця і працы дацкіх выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама Карстэн Фледэліўс – прафесар кафедры кіно і медыязнаўства Капенгагенскага ўніверсітэта, пісьменнік, і Карл Эрык Фаверскаў – прафесар Дацкага тэхнічнага ўніверсітэта, даследчык, журналіст. Карыстаючыся нагодай, мы выказваем шчырую падзяку адміністрацыі кавярні “Торвальд” і асабіста сп. Віталю Броўку.

Міжнародны дзень роднай мовы ў 2020 годзе, як заўсёды, маштабна прайшоў на філалагічным факультэце ВДУ імя Машэрава. Менавіта ў сценах універсітэта 21 лютага 2020 года адбылася сустрэча прадстаўнікоў абласной рады ТБМ з кіраўніцтвам вобласці, якое прадстаўлялі старшыня абласнога савета дэпутатаў сп. Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення аблвыканкама сп. Генадзь Ягораў, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама сп. Пётр Падгурскі і іншыя адказныя асобы. На сустрэчы прысутнічала рэктар універсітэта праф. Валянціна Багатырова. Адбылася нефармальная размова, меў месца канструктыўны абмен думкамі паміж кіраўніцтвам абласной рады і дзяржчыноўнікамі. Намі было пастаўлена пытанне пра неабходнасць стварэння ў горадзе беларускамоўных класаў, у блізкай перспектыве – адкрыццё ў Віцебску і іншых гарадах вобласці беларускамоўных гімназій. Абмеркаваныя праблемы, якія маюць ужо каторы год у сваёй дзейнасці нашы полацкія актывісты, дзе ўлады ўсімі магчымымі спосабамі замінаюць дзейнасці нашай арганізацыі. Дасягнутая папярэдняя дамоўленасць пра сумеснае правядзенне ў блізкай перспектыве абласной радай ТБМ і дзяржавай імпрэзы ў Бычках, прысвечанай Васілю Быкаву. Намі таксама была звернута ўвага органаў дзяржаўнай улады на выпадкі пераводу назваў прыпынкаў у Віцебску на рускую мову. Сустрэча прайшла ў сапраўды дзелавой атмасферы, што дазваляе спадзявацца на рэалізацыю дамоўленасцяў у блізкай перспектыве. Мы выказваем шчырую падзяку дэпутату Віцебскага абласнога савета дэпутатаў, дэкану абноўленага факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый праф. Сяргею Нікалаенку за спрыянне і за падтрымку дзейнасці нашай арганізацыі. Паступова названы факультэт ВДУ імя Машэрава становіцца цэнтрам беларускасці ў рэгіёне.

Дарэчы, на наступны дзень пасля згаданай сустрэчы, 22 лютага, у абласной бібліятэцы было арганізавана напісанне традыцыйнай агульнагарадской дыктоўкі да Дня роднай мовы. Упершыню ў гэтай акцыі прынялі ўдзел і высокія абласныя чыноўнікі: начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення сп. Генадзь Ягораў і начальнік упраўлення культуры аблвыканкама сп. Пётр Падгурскі. Спадзяёмся, што гэта стане добрай традыцыяй.

Хацелася б адзначыць працу нашых рэгіянальных структур. Надзвычай плённа апрацуе Верхнядзвінская раённая арганізацыя ТБМ пад кіраўніцтвам сп-ні Валянціны Болбат. Там фактычна штотыдзень ладзяцца розныя імпрэзы, пра якія рэгулярна паведамляе газета “Наша слова”. Вялікая праца праводзілася Аршанскай раённай арганізацыяй пад кіраўніцтвам сп. Юрыя Нагорнага, Ушацкай раённай арганізацыяй пад кіраўніцтвам сп-ні Галіны Варатынскай. Рэгулярна ладзяцца розныя імпрэзы Гарадоцкай раённай ар-ганізацыяй (кіраўнік – сп. Леанід Гаравы). Добра працуюць Шаркаўшчынская і Пастаўская раённыя арганізацыі (кіраўнікі – сп-ня Ада Райчонак і сп. Ігар Пракаповіч адпаведна). Нягледзячы на вялікія цяжкасці, працуе Полацкая арганізацыя, якая фармальна не мае пакуль кіраўніка. Але за зробленае, за праведзеныя імпрэзы мы дзякуем сп-ні Валянціне Крук. Узнавіла сваю дзейнасць Віцебская гарадская арганізацыя (кіраўнік – сп-ня Алена Шабуня), ад якой мы чакаем таксама эфектыўнай працы. У шэрагі ТБМ уступаюць новыя людзі, пераважна студэнты. І гэта добры знак. Дзякуй усім сябрам таварыства, якія нястомна шчыруюць на ніве Беларушчыны!

Разам з пэўнымі дасягненнямі перад абласной арганізацыяй стаіць шэраг праблемных пытанняў. Нягледзячы на неаднаразовыя спробы, пакуль не ўдаецца аднавіць дзейнасць нашых структур у Мёрах, Браславе, Докшыцах. Паводле нашага глыбокага пераканання, абласная рада патрабуе абнаўлення. Хацелася б бачыць, у тым ліку і ў кіраўніцтве рады, новых людзей з новымі ідэямі, актывістаў, якія б мелі не толькі жаданне, але і магчымасць рэалізаваць задуманае. Таму мы адкрытыя для прапаноў і пажаданняў.

Юрась Бабіч,

старшыня Віцебскай абласной рады ТБМ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі  ТБМ
Мова

Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ

11 сакавіка 2020, 22:1219
“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ
Мова

“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ

4 лютага 2020, 09:0617
Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы
Выданні

Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы

12 студзеня 2021, 19:0317
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1416
Далучайцеся да нас