Годам заснавання Ліды лічыцца 1323 год, калі былі закладзены муры замка. А 430 год таму, у 1590 годзе, акурат 17 верасня, горад атрымаў Магдэбургскае права. Менавіта да гэтай падзеі і гэтай даты была прымеркавана навукова-практычная канферэнцыя, якая прайшла 18 верасня ў сценах пярліны рэгіёна – старажытнага замка – і запрасіла да плённай шматгадзіннай размовы зацікаўленых аматараў гісторыі з усёй Беларусі.

– Самае страшнае, што можа пачуць гуманітарый: “У вас 10 хвілін на выступленне”. Гэты жарт прагучаў ад аднаго са шматлікіх навукоўцаў з нагоды шчырага жадання ў максімальным аб’ёме падзяліцца наяўнай інфармацыяй па гісторыі Лідчыны, якая па крупінках збіралася дзесяцігоддзямі, а таму ў асобных выпадках носіць эксклюзіўны характар. На працягу цэлага дня невядомыя старонкі нашага краю раскрывалі ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі “Гісторыка-культурная спадчына Лідчыны”.
Падзея насамрэч вельмі знакавая, актуальная, накшталт гістарычнай. Мерапрыемства такога сур’ёзнага маштабу мясцовыя ўлады і гістарычна-мастацкі музей ладзілі ўпершыню, хаця размова, жаданне, неабходнасць яго правесці луналі ў паветры даўно. Прынамсі, на падобнага роду сустрэчу спрабавалі сабрацца яшчэ ў 2015 годзе, але не атрымалася,
– Толькі праз пазнанне рэгіянальнай гісторыі можна зразумець гісторыю Беларусі ў цэлым, – апавядала галоўны захавальнік фондаў Лідскага гістарычна-мастацкага музея Наталля Хацяновіч. – Гэтая думка не новая, але праўдзівасць яе, актуальнасць не выклікаюць сумненняў і сёння. Мы рады, што канферэнцыя ўсё ж такі адбылася. Нягледзячы на тое, што размова падчас сустрэчы ішла выключна пра мінулае, для нас, лідзян, гэта вялікі крок наперад, бо адкрыліся новыя, дагэтуль невя-домыя старонкі нашага краю.

Навукова-практычная канферэнцыя “Гісторыка-культурная спадчына Лідчыны” сабрала аднадумцаў з усёй краіны. Сярод іх – вядомыя гісторыкі, краязнаўцы, навукоўцы: прадстаўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і іншыя. Усяго некалькі дзясяткаў чалавек, якіх аб’ядноўвала адно – дасканалае вывучэнне нашага краю (толькі ўявіце сабе!). Спектр тэм быў даволі шырокі, часавыя рамкі – ад старажытнасці да сучаснасці. Тэксты дакладаў падымалі грамадска-палітычныя, культурныя, фальклорныя, рэлігійныя пытанні, ішла размова і пра гістарычна-культурныя каштоўнасці рэгіёна.

У праграме канферэнцыі былі даклады:
Лакізы Вадзіма Леанідавіча, намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістары-чных навук, дацэнта “З гісторыі археалагічнага вывучэння першабытных помнікаў Лідчыны”;
Пазднякова Валерыя Сямёнавіча, загадчыка аддзела археаграфіі Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, кандыдата гістарычных навук “Барацьба за захаванне Магдэбургскага права ў Лідзе ў канцы XVI- пачатку XVII ст. (ліст Жыгімонта ІІІ ад 7 жніўня 1602 г.)”;
Доўнара Аляксандра Барысавіча, загадчыка аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук “Нарысы з гісторыі гарадскога самакіравання Ліды другой паловы 80-х – пачатку 90-х гадоў XVIII ст.”;

Сергачова Сяргея Аляксеевіч, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, доктара архітэктуры, прафесара “Планіроўка Беліцы XVII стагоддзя – гародабудаўнічыя рашэнні будучыні”;
Семянчук Альбіны Аляксандраўны, Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, кандыдата гістарычных навук, дацэнта “Ліда і ваколіцы на старонках “Аналаў” Яна Длугаша”;
Трусава Алега Анатольевіча, Беларускі дзяржаўны ўні-версітэт культуры і мастацтваў, кандыдата гістарычных навук, дацэнта “Параўнаўчы аналіз будаўнічай тэхнікі Лідскага і Крэўскага замкаў”;
Любай Алёны Аляксандраўны, Рэспубліканскі інстытут Вышэйшай школы, кандыдата гістарычных навук, дацэнта “Татарскае асадніцтва ў Лідскім павеце паводле рэвізіі, татарскіх маёнткаў, праведзенай у 1631 годзе”;
Дзярновіча Алега Іванавіча, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта “Праблема ўзнікнення мураванага абарончага дойлідства ў ВКЛ: Лідскі, Крэўскі і Медніцкія замкі”;
Аніпяркова Вадзіма Вадзімавіча, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта “Акт утварэння Лідскай канфедэрацыі 1792 г.”;
Матвейчыка Дзмітрыя Часлававіча, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, кандыдата гістарычных навук “Паўстанне 1863-1864 гг. у Лідскім павеце: гістарыяграфічны аспект”;
Заблоцкай Таццяны Міхайлаўны, Рэспубліканскі інсты-тут вышэйшай школы, аспіранта “Лёс лідскіх піяраў у 1830-1840-х гг. XIX ст.”;
Унучака Андрэя Уладзіміравіча, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта “Ліда на старонках газеты “Наша Ніва” ў пачатку ХХ ст.”;
Даўгач Таццяны Валянцінаўны, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук “Крыніцы па гісторыі горадабудаўніцтва Ліды ў часы Расійскай імперыі”;
Ерашэвіча Аляксандра Уладзіміравіча, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, кандыдата гістарычных навук, дацэнта “Падаткі і падаткаабкладанне ў Лідскім павеце ў першай палове XIX ст.”;
Урублеўскага Вадзіма Валер’евіча, Нацыянальны гіста-рычны архіў Беларусі, кандыдата гістарычных навук “Ураджэнцы Лідскага павета ў матэрыялах Мінскага акруговага суда канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя (па матэрыялах НГАБ);
Лаўрыненкі Кацярыны Віктараўны, Люблінскі Каталіцкі ўніверсітэт Яна Паўла II, дактаранта, кандыдата гістарычных навук “Ксяндзы, звязаныя з Касцёлам на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзі – ахвяры нацысцкага тэрору ў Лідзе”;
Грыневіч Яніны Ігараўны, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, кандыдата мовазнаўства “Фальклорная спад-чына Лідчыны ў архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы”;
Сацукевіча Івана Іванавіча, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, магістра гісторыі “Назвы вуліц і прадмесцяў Ліды як гісторыка-культурная спадчына”;
Юрэцкага Станіслава Сцяпанавіча, Апарат Прэзідыума НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук “В. Шукевіч – даследчык старажытнасцей Лідскага павета” і іншых,
а таксама лідскіх даследчыкаў:
Лаўрэша Леаніда Лявонцьевіча, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў “Гісторыя маёнтка Востраў на Лідчыне”;
Судніка Станіслава Вацлававіча, галоўнага рэдактара часопіса “Лідскі летапісец” “Да пытання аднаўлення Лідскай ратушы”;
Хітруна Аляксандра Часлававіча, навуковага супрацоўніка Лідскага гістарычна-мастацкага музея “Пакінуў спадчыну тугі і веры, або Чарговыя разгадкі жыццёвай і творчай дзейнасці Валянціна Таўлая ў Лідзе”.
Адным з ініцыятараў і арганізатараў канферэнцыі выступіў наш зямляк, старшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук кандыдат гістарычных навук Кірыл Сыцько. Ён расказаў пра парафіяльныя хронікі касцёлаў дэканата Лідчыны як гістарычныя крыніцы (даклад “”Хронікі” парафій Лідскага дэканата 1849 г. як гістарычная крыніца”):

– Вывучэннем гэтай тэмы я займаюся даўно – з 2006 года, – патлумачыў навуковец. – У 30-я гады мінулага сгагоддзя, па сутнасці, знішчылі ўсю навуковую праслойку, якая займалася палявой археаграфіяй. З таго часу, уласна кажучы, да гэтай тэмы ніхто не вяртаўся, гістарычныя крыніцы, якія захоўваліся ў парафіях, не выкарыстоўваліся, ляжалі там мёртвым грузам. Я вырашыў запоўніць гэты прабел, таму што гэта таксама наша гістарычвая спадчына, якую нельга страціць.
… У апошнія гады, якія праходзяць пад знакам шанавання малой радзімы, паўсюдна вялікая ўвага ўдзяляецца гісторыі рэгіёнаў. Бо з яе, як з мазаікі, складваецца гісторыя ўсёй краіны. Адным з пазлаў, якія яшчэ адсутнічаюць у гэтай шырокамаштабнай карціне, і стала навукова-практычная канферэнцыя “Гісторыка-культурная спадчына Лідчыны”. Другім павінна стаць асобнае выданне, куды ўвойдуць каля 50 артыкулаў (у тым ліку тыя, якія прагучалі падчас мінулай сустрэчы), прыс- вечанай нашаму рэгіёну ў гістарычным разрэзе – ад старажытных часоў да сучаснасці. Выхад кнігі запланаваны на наступны год.
Пасля Ліды падобныя канферэнцыі плануюцца ў Ашмянах і Глыбокім.

Прыемным момантам канферэнцыі стала ўзнагароджанне выкладчыкаў і вучняў Лідчыны, якія актыўна займаюцца краязнаўчай дзейнасцю і займалі прызавыя месцы на міжнародных і іншых даследчых конкурсах.
Паводле
Вікторыі ПАЗНЯК (ЛГ).
Фота Лідскага музея.

