Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Слуцку адбыўся справаздачна -выбарчы сход Слуцкай раённай арганізацыі ТБМ

У Слуцку адбыўся справаздачна -выбарчы сход Слуцкай раённай арганізацыі ТБМ

6 кастрычніка 2020, 09:17 ТБМ 15
У Слуцку адбыўся справаздачна -выбарчы сход Слуцкай раённай арганізацыі ТБМ

24 верасня сябры Слуцкай раённай арганізацыі ТБМ падвялі вынікі працы за апошнія 3 гады і перавыбралі на новы тэрмін раду і кіраўніка раённай арганізацыі.

Цімошак Зінаіда, старшыня Слуцкай ТБМ, распавяла ў справаздачы пра дзейнасць арганізацыі ў перыяд з красавіка 2018  па верасень 2020 года. Асноўнымі накірункамі працы былі зборы подпісаў сярод случчан за беларускамоўныя шыльды і вулічныя ўказальнікі. Паездкі па месцах масавых расстрэлаў людзей, іх добраўпарадкаванне, арганізацыя беларускамоўных экскурсій па горадзе Слуцку, наведванне музеяў – краязнаўчага  Анатоля Белага ў Старых Дарогах, Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах Капыльскага раёна, стварэнне тэатральна-спеўнага гуртка, штотыднёвыя “Гадзіны беларускай мовы”для насельніцтва. Таксама мела месца рэгулярнае правядзенне Дня роднай мовы, канцэрты мастацкай дзейнасці, запрашэнне беларускіх бардаў для папулярызацыі беларускай мовы, перапіска з прадпрыемствамі па праблеме беларузіцыі ў маркіроўцы прадукцыі і многае іншае. 

На сходзе прысутнічалі 11 чалавек з 16 сяброў арганізацыі. Яны адзінагалосна прагаласавалі за новага старшыню арганізацыі  – тую ж Цімошак Зінаіду.

Таксама на сходзе абрана Рада з 5 чалавек:

Цімошак Зінаіда (старшыня);

Блінова Тамара;

Зыкаў Мікола;

Крот Ірына;

Кульбіцкі Сяргей.

Рэвізорам абралі Плеваку Валерыя.

Абраны 2 дэлегаты на Менскую абласную канферэнцыю і 1 дэлегат на рэспубліканскі з’езд ТБМ.

У розным слухалі Цімошак Зінаіду, якая распавяла пра неабходнасць навядзен-ня парадку ў спісачным складзе сябраў ТБМ. На 24-е верасня 2020 года  на ўліку у Слуцкай раённай аргнізацыі ТБМ пазначаны 16 чалавек. Ёсць дзве заявы аб выбыцці з арганізацыі. Заявы прадставілі Дамарад Марына і Адзярыха Уладзімір.

Прынялі рашэнне: Прыняць заявы да ведама і выкрасліць са спісаў ТБМ Дамарад Марыну і Адзярыху Уладзіміра.

Цімошак З.В. паведаміла таксама, што  двое жыхароў Слуцка напісалі пісьмовыя заявы на  ўступленне ў ТБМ і былі прыняты падчас паседжання  Рады Слуцкай раённай арганізацыі 20.09.2020 года. Гэта – Крот Ірына і Крот Андрэй. Такім чынам, на ўліку Слуцкай раённай арганізацыі па-ранейшаму 16 сяброў. Пярэчанняў па колькасным спісе не было.

Наш кар.

 

Справаздача аб дзейнасці Слуцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны за перыяд

з красавіка 2018 года па 24 верасня 2020 года

03.04.2018 г. Перавыбары старшыні рады Слуцкай арганізацыі ТБМ і дадатковыя выбары намесніка старшыні рады і рэвізора.

22.04. Сустрэча з беларусам – случчанінам Сяргеем Сарагаўцом, якія жыве ў Амерыцы, на тэму “Беларуская дыяспара ў Нью – Ёрку”.

Красавік – май.  Арганізацыя курсаў “Мова нанова ў Слуцку”, падрыхтоўка памяшкання.

Май – ліпень. Удзел сяброў ТБМ у працы курсаў “Мова нанова” – 1 раз у тыдзень.

10 мая 2018 года. Добраўпарадкаванне магілы Альгерда Абуховіча.

15 мая 2018 г. Экскурсія па старажытным горадзе Слуцку на тэму “Горад, якога няма”. Праводзіў сябра ТБМ, мясцовы краязнавец Ігар Ціткоўскі. Знаёмства са слуцкай старасветчынай, прыцягненне ўвагі да гісторыі роднага горада. Прысутнічалі 10 чалавек.

Май – чэрвень 2018 года. Збор подпісаў сярод жыхароў го-рада за дадатковае ўсталяванне на шыльдах з назвамі вуліц беларус-камоўнай версіі. Сабралі 637 под-пісаў на 29 аркушах.

Перадача подпісаў у Слуцкі райвыканкам. Атрымалі адказ аб немэтазгоднасці ў сувязі з існаваннем дзвюх дзяржаўных моў.

03.06. Паездка ў Курапаты ў сувязі з 30-годдзем адкрыцця месца масавых расстрэлаў. Уша-наванне памяці загінуўшых. Удзельнічалі 5 сяброў ТБМ.

12.06.  Паездка ва ўрочышча Каліта  – месца масавых расст-рэлаў у Слуцкім раёне. Праверка захавання ўсталяваных крыжоў, прыбіранне смецця.

14.06. Зварот да дырэктара Слуцкага лясгаса з просьбай перамясціць зону адпачынку з месца расстрэлаў у іншае месца. 25.06. атрыманы пазітыўны адказ з абяцаннем перамясціць зону адпачынку ў іншыя месцы Урэцкага лясніцтва.

Ліпень 2018 г. Перапіска сяброў ТБМ з кіраўніцтвам РУП “Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі” наконт ліквідацыі арфаграфічных памылак на беларускамоўных таблічках  на чыгуначным вакзале. 21.08. атрыманы пазітыўны адказ аб тым, што памылкі выпраўлены.

Ліпень 2018 г. Удзел сяброў ТБМ у перапісцы з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследванняў Рэспублікі Беларусь з мэтай унясення прапановы па змяненні артыкулаў 7 і 8 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9.02. “Аб абароне спажыўцоў”. Прапанова аб тым, каб інфармацыя аб таварах (работах, паслугах) даводзілася альбо на дзвюх мовах, альбо на адной беларускай мове.

17.07.  Атрыманы негатыўны адказ у сувязі з прэзідэнцкімі зменамі  ў Законе ад 13.06.2018 года, згодна з якімі руская мова застаецца ў прыярытэце.

Канец ліпеня 2018 г.  Збор 30 подпісаў на імя дырэктара Слуцкага хлебзавода наконт спынення вытворчасці і рэалізацыі хлебнай прадукцыі пад назвай “Бульбаш”, якая зневажае нацыянальны гонар беларусаў.

01.08.2018 г.  подпісы накіраваны на прадпрыемства. 30 жніўня атрыманы негатыўны рускамоўны адказ з парушэннем заканадаўства аб зваротах. Перапіска прадоўжана па факту парушэння спецыялістамі ААТ “Слуцкі хлебзавод” парадку афармлення адказу на зварот – з заводам і Слуцкім райвыканкамам. 28.09. атрыманы адказ са Слуцкага райвыканкама аб тым, што райвыканкам запатрабаваў ад ААТ “Слуцкі хлебзавод” выправіць парушэнні закана-даўства.

14.08. Беларускамоўная пешая кскурсія па Слуцку з мэтай абуджэння ў случчан цікавасці да гісторыі і беларускай мовы з краязнаўцам Ігарам Ціткоўскім.

25.08. Сустрэча з сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Паўлам Севярынцам. Прэзентацыя яго кнігі “Беларусалім”. Пры-сутнічалі 10 чалавек.

29.08. зварот ат старшыні ТБМ Цімошак З. В. у дзяржаўную ўстанову культуры “Слуцкі гарадскі дом” з просьбай выдзеліць ў карыстанне на бясплатнай аснове адно з памяшканняў для правядзення заняткаў курсаў “Мова нанова”.

17.09. Атрыманы адказ аб немагчымасці прадставіць памяш-канне з прычыны таго, што ўсе памяшканні занятыя і дзейнасць курсаў “Мова нанова” не прадугледжана дзяржаўнай установай культуры.

Верасень – пачатак кастрычніка. Перапіска старшыні Слуцкага ТБМ  з дырэктарам віна-гарэлачнага завода “Бульбашъ” аб замене зневажальнай назвы гарэлкі  на іншую назву. Атрыманы адмоўны адказ наконт замены брэнда.

18.10. Збор подпісаў супраць разбурэння двухпавярховага цаглянага будынка, пабудаванага ў пачатку 20 стагоддзя з мясцовай цэглы з мэтай захавання спадчыны ў Слуцкі райвыканкам  – 11 подпісаў. Спроба сустрэчы сяброў ТБМ і іншых актывістаў з кіраўніком райвыканкама па гэтай жа праблеме. Электронны зварот старшыні ТБМ у Міністэрства культуры. Атрыманы адмоўныя адказы ў сувязі з тым, што гэты будынак не ўключаны ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Выратаваць не ўдалося. Разбураны.

Кастрычнік, лістапад, снежань. Арганізацыя і пачатак дзейнасці гуртка пры ТБМ “Размаўляем па-беларуску” (1 раз у тыдзень).

 

На працягу 2018 года з мэтай пашырэння беларускамоўнай перапіскі з рознымі арганізацыямі на беларускай мове ажыццяўлялася перапіска па сацыяльных  і культурніцкіх тэмах: з Раённым вузлом паштовай сувязі наконт паляпшэння якасці абслугоўвання, са Слуцкім райвыканкамам і раённым Саветам дэпутатаў наконт стварэння веладарожкі па вуліцы Леніна, па пытанні рамонту веладарожкі паміж Слуцкам і вёскай Вясея, з рэстарацыяй “Теремъ” наконт дзіўнага цвёрдага знака на шыльдзе, наконт вышыні бартавых камянёў на вуліцы Багдановіча, якая не адпавядае будаўнічым нормам, са Слуцкай раённай бальніцай аб нармалізацыі працы гардэроба і асвятлення лесвіцы ў вячэрні час, аб перасяленні аддзялення рэўматалогіі з аддзялення пульманалогіі ў іншае аддзяленне, у якім бы рэўмахворыя з аслабленым імунітэтам не падвяргаліся небяспецы захварэць на пнеўманію (звароты і адказы па перапісцы знаходзяцца ў файлах з назвай “Рознае”).

 

2019 год

 

23.01. Пашыранае пасяджэнне рады Слуцкай раённай арганізацыі. Аналіз працы за 2018 год. Планаванне мерапрыемстваў на 2019 год.

Пачатак лютага. Добраўпарадкаванне памяшкання для ТБМ.  Барацьба з вынікамі затаплення, устаноўка новага акна, рамонт уваходных дзвярэй, пераафарбоўка прыбіральні.

Люты 2019 – красавік 2019. Працяг працы гуртка “Размаўляем па-беларуску”. “Асаблівасці зімовай рыбалкі – 24.01, “У крамах” – 31.01, “Пісьменнікі і паэты Случчыны” – 07.02, “Вучым мову праз беларускія песні і сцэн-кі” (14.02), “Нацыянальнае адзенне і прадметы беларускага побыту” (02.03), “Жыццё – быццё” (09.03) –  удзельнікі 10 -12 чалавек.

06.02. зварот да старшыні Слуцкага райвыканкама Янчэўскага А. старшыні Слуцкага ТБМ Цімошак З. В. аб неабходнасці пашырэння сферы ўжытку беларускай мовы, стварэнні беларускамоўнай версіі сайта.

18.02. Віншаванне арганізацый горада і раёна з Днем роднай мовы – 20 віншавальных паштовак 20-ці арганізацыям з просьбай аб пашырэнні сферы ўжытку беларускай мовы. У КУП “Слуцкая  ЖКГ”  – аб неабходнасці беларусізацыі шыльдаў і ўказальнікаў з назвамі вуліц,  на прадпрыемствы – аб беларускамоўных этыкетках і маркіроўцы прадукцыі, у аддзел адукацыі райвыканкама  – аб стварэнні беларускамоўнай версіі сайта. Атрыманы адказ з аддзела ідэалогіі і адукацыі Слуцкага райвыканкама, што беларускамоўны сайт распрацоўваецца.

20.02. Уручэнне  230 віншавальных паштовак  з Днём роднай мовы ад газеты “Новы час” жыхарам горада Слуцка на вуліцах горада.

21.02. “Дзень роднай мовы” –  дыктоўка і канцэрт мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваны ўдзельнікамі гуртка. Прынялі ўдзел 15 чалавек.

Удзел у імпрэзе “Мова продкаў – мова нашчадкаў у Слуцкай раённай бібліятэцы” – прынялі ўдзел 4 сябры ТБМ.

Арганізаваны экскурсіі і імпрэзы для насельніцтва з мэтай пышырэння кола прыхільнікаў беларускай мовы і ТБМ.

14.04. Пешая вандроўка “Таямніцы вуліцы Віленскай”  – прынялі ўдзел 30 случчан.

18.04. Сустрэча з мастаком і краязнаўцам Ігарам Ціткоўскім. Выстава яго малюнкаў і афортаў па гісторыі архітэктуры горада Слуцка – прынялі ўдзел каля 20 чалавек.

17.05. Творчая сустрэча з беларускамоўнай спявачкай Тац-цянай Грыневіч-Матафонавай. Прысутнічалі 30 чалавек. Кавярня “Стары горад”.

15.06. Сябры ТБМ наведалі прыватны музей па гісторыі Беларусі Анатоля Белага ў Старых Дарогах.

08.07. Паўторны зварот старшыні Слуцкага ТБМ  у Слуцкі райвыканкам па пытанні беларусізацыі вулічных указальнікаў  – да новага намесніка старшыні райвыканкама па ідэалагічнай рабоце Чарнушэвіч Наталлі Вікенцеўны.

18.07. У адказе гаворыцца аб выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моў у жыцці горада і змешчана абяцанне ўлічваць прапановы звароту ў далейшай рабоце райвыканкама.               

4.10. Перапіс насельніцтва. Актывісты Слуцкага ТБМ раздалі жыхарам больш за 200 самаробных паштовак з заклікам падтрымаць беларускую мову.

Распачата і скончана Адмі-ністрацыйная справа супраць старшыні Слуцкага ТБМ Зінаіды Цімошак за тое, што 4 кастрычніка, яна асмелілася нагадаць жыхарам Слуцка падчас перапісу не забыць пра сваю родную мову – беларускую.

24.10. Удзельнікі слуцкага гуртка “Размаўляем па-беларуску” прысвяцілі чарговую “гадзіну беларускай мовы” расстраляным і рэпрэсаваным літаратарам. Хвіліна памяці, Чытанне вершаў і ўрыўкаў твораў, знаёмства з біяграфіямі расстраляных і рэпрасаваных беларускіх літаратараў.

20.11. Наведанне музея рэпрасаваных сялян пад адкрытым небам у вёсцы Чарнагубава Капыльскага раёна і наведанне музея Кузьмы Чорнага ў вёсцы Цімкавічы.

1.12. Удзел у мітынгу, прысвечаным 99-ай гадавіне Слуцкага Збройнага Чыну.

17.12. Удзел слуцкіх актывістаў ТБМ у святкаванні 30-годдзя Лідскага ТБМ.

22.12. Святкаванне 30-год-дзя таварыства ТБМ імя Францішка Скарыны ў Слуцку. Канцэрт мастацкай самадзейнасці з удзелам лідскага барда Сяргея Чарняка. Выступ міні-тэатра Слуцкага таварыства ТБМ.

2020 год

 

Старшыня Слуцкага ТБМ разам з папулярызатарамі беларускай мовы Алінай Нагорнай і Ігарам Случаком 9 студзеня паўдзельнічала ў перадачы 200 дзіцячых беларускамоўных кніг дзіцячым дашкольным установам.

21.01. Сход сяброў арганізацыі ТБМ. Падвядзенне вынікаў працы за 2019 год. Пазначаны накірункі дзейнасці.

Студзень – сакавік – дзейнасць міні-тэатра, заняткаў “Размаўляем па-беларуску”.

Студзень 2020 г. прадоўжана перапіска са Слуцкім райвыканкамам наконт усталявання беларускамоўнай шыльды на доме 22 вуліцы 8-га Сакавіка. Атрыманы пакручасты адказ з райвыканкама. У пісьме ад 24.01.2020 г. № 3/1-2/640 за подпісам намесніка старшыні Пенязя М.П. паведамляецца, што згодна з правіламі размяшчэння дамавых знакаў “на будынках і збудаваннях, размешча-ных у сярэдзіне вуліцы, усталёўваюцца толькі дамавыя знакі з указаннем нумара будынка альбо збудавання”.

Люты 2020 года. Зварот у Слуцкі райвыканкам ад старшыні Слуцкага ТБМ наконт арганізацыі ў Слуцкім гарадскім доме культуры бясплатнага беларускамоўнага канцэрта –  21лютага, у Дзень роднай мовы. (Слуцкі райвыканкам ладзіць бясплатныя рускамоўныя канцэрты на Дзень горада, на дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, 23 лютага, 8 сакавіка… ) У атрыманым адказе за подпісам намесніка старшыні райвыканкама па ідэалогіі Чарнушэвіч Н. В. гаворыцца, што “арганізаваць 21 лютага 2020 года ў дзяржаўнай установе культуры бясплатны канцэрт беларускіх выканаўцаў не прадстаўляецца магчымым па прычыне арганізацыі ў гэты дзень мерапрыемстваў у адпаведнасці з планам”.

19.02. Віншавальныя паштоўкі з нагоды Дня роднай мовы накіраваны ў 20 арганізацый горада Слуцка, у тым ліку ў аддзел ідэалогіі Слуцкага райвыканкама, незалежную газету “Курьер-инфо” з пажаданнем беларусізацыі гэтых арганізацый.

Падрыхтоўка канцэрта мастацкай самадзейнасці Міжнароднага Дня роднай мовы.

21.02. Напісанне беларускамоўнай дыктоўкі, канцэрт мастацкай самадзейнасці.

Сярэдзіна сакавіка – верасень – прыпыненне актыўнасці Слуцкага Таварыства белмовы ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса і пагаршэннем стану здароўя старшыні Слуцкага ТБМ.

24.09. Справаздачна-выбарчы сход сябраў Слуцкага раённага таварыства белмовы імя Францішка Скарыны. Выбары новага складу Рады, старшыні, двух дэлегатаў на абласную канферэнцыю ТБМ і аднаго дэлегата на рэспубліканскі з’езд ТБМ.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1418
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2516
Далучайцеся да нас