Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Радамлю на этнасвята

У Радамлю на этнасвята

6 кастрычніка 2020, 00:06 ТБМ 17
У Радамлю на этнасвята

Кожны год ТБМ імя Ф. Скарыны горада Магілёва наведвае этнаграфічнае свята “У госці да радзімічаў” у Радамлі Чавускага раёна. Звычайна падзея адбывалася летам, але сёлета, у сувязі з эпідэміяй мерапрыемства праходзіла 19 верасня. Надвор’е было спрыяльнае і нават па-летняму цёплае, і ТБМ-аўцы з задавальненнем рушылі ў паход па маршруце: Магілёў – Галяні – Брылі – Сухары – Расна – Будзіна – Радамля – Магілёў.

Першае мястэчка якое мы наведалі называецца Галяні -1 у Магілёўскім раёне. Тут захавалася Свята-Успенская праваслаўная мураваная царква пабудаваная ў 1903 годзе. Царква з’яўляецца помнікам архітэктуры эклектыкі з выкарыстаннем форм старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Недалёка ад храма мы падышлі паглядзець прыгожы стаў на невялікай рачулцы Чарняўка. Дарэчы, вельмі прыгожая мясціна і выдатнае месца для адпачынку на прыродзе зусім недалёка ад Магілёва. Далей мы рушылі ў легендарныя Брылі, што зусім побач са старажытным Мсціслаўскім трактам. У Брылях загадчыкам мясцовага ДК працуе наш даўні сябра выбітны кампазітар і пісьменнік Мікола Яцкоў, які да таго ж з’яўляецца  старшынём абласной пісьменніцкай арганізацыі.  Дамовіліся мы аб сустэчы са спадаром Міколам каля тутэйшай панскай сядзібай. Спадар Яцкоў дасведчаны краязнавец і захапляльны апавядальнік і распавёў нам, што  сядзібу пачаў будаваць яшчэ мясцовы  Брылёўскі пан недзе ў 1907 годзе, але потым прадаў яе “Пазямельнаму банку” ў  Магілёве. Затым будынак  выкупіў пан Смаляроў. Дарэчы, адзін з нашчадкаў тых паноў Смаляровых уваходзіць у склад нашай магілёўскай арганізацыі… Пасля кастрычніцкага перавароту маёнтак забралі пад школу. Калісці мясцовая рачушка Рудэя была карабляходная, і на ёй знаходзіўся вадзяны млын. Каля сядзібы ў парку ёсць таксама  брацкая магіла з невялікім помнікам загінулым  летам 1944 года савецкім салдатам. Напрыканцы нашай экскурсіі па былым маёнтку Мікола Яцкоў прачытаў для прысутных  некалькі сваіх твораў, сярод якіх і верш “Яну Паўлу ІІ”. Акрамя таго, цікавы факт! Спадар Мікола з’яўляецца аўтарам музыкі афіцыйнага гімна горада Магілёва.

  

           Яну Паўлу II

 

Святы Айцец сказаў: “Не бойцеся!” –

І страхі некуды падзеліся.

Рассыпаў золата над восенню

Неўтаймаваны, звонкі верасень.

 

І трэба жыць… А за кастрычнікам

Вачэй бяздонне лістападавых.

І нам даводзіцца па звычаю

Усё на потым зноў адкладываць.

 

І ў снежань несці сэрцы босыя,

І помніць тое, з чым сустрэліся, –

Як нам Айцец сказаў: “Не бойцеся!”

І страхі некуды падзеліся.

 

Недалёка ад Брылёў па тракце Магілёў – Мсціслаў мы наведалі мястэчка Сухары, якое вядомае з 16 стагоддзя. Адразу каля аўтобуснага прыпынка ёсць памятны знак, які распавядае пра гісторыю Сухароў. А на самым пагорку перад спускам да ракі Раста  узвышаецца Свята-Успенская праваслаўная царква, якая пабудавана ў пачатку 20 стагоддзя. Помнік пастаўлены ў рэтраспектыўна-рускім стылі і добра захаваўся да нашага часу. Таксама захавалася дарэвалюцыйная каваная ўваходная брама. Ля самай дарогі некалькі год таму быў усталяваны невялікі мемарыял ахвярам халакосту з пералікам імёнаў загінуўшых ад гітлераўцаў мясцовых габрэяў.

Мястэчка Расна Дрыбінскага раёна  яшчэ са старажытных часоў лічыласяся горадам. І да нашага часу тут захавалася досыць шмат помнікаў архітэктуры і старажытных артэфактаў: касцёл Святога Казіміра, парэшткі праваслаўнай царквы, панская сядзіба Спытковых, гаспадарчыя будынкі разам з броварам, вадзяны млын і цікавыя габрэйскія могілкі. Касцёл Св. Казіміра пабудаваны ў 1812 годзе ў стылі класіцызму. На вялікі жаль помнік знаходзіцца ў аварыйным стане, і ўнутр будынка небяспечна заходзіць, бо абвальваецца цэгла. Але і ў сённяшнім напаўразбураным стане храм выглядае велічным і загадкавым нібы старажытны замак. Сядзіба паноў Спытковых пабудавана ў 1880-х гадах  і таксама паступова прыходзіць у заняпад. А яшчэ некалькі год таму тут месцілася мясцовая сярэдняя школа. А недалёка ад яе бровар і некалькі гаспадарчых будынкаў ужо амаль зруйнаваныя… Вадзяны млын на мясцовай невялікай рачулцы пабудавалі ў часы НЭП-у мясцовыя прадпрымальнікі Пеўзнеры, якія пасля развалу СССР, як распавядаюць мясцовыя краязнаўцы, прыязжалі паглядзець на свае былыя ўладанні. У цэнтры мястэчка ёсць прыгожы стаў з добраўпарадкаваным пляжам, дзе ў мінулыя летнія вандроўкі мы з сябрамі спыняліся, каб пакупацца.

Невялічкая вёска Будзіна Чавускага ра-ёна знаходзіцца ўсяго за некалькі кіламетраў ад Радамлі на беразе ракі Проня. Тут у мясцовай крыніцы мы набралі празрыстай вады і паглядзелі на цікавыя краявіды поймы мілагучнай Проні. Але ў гэтую невялікую вёску мы заехалі не толькі, каб вады набраць, але і каб узгадаць забытага нашага пісьменніка Цімоха Рублёва. У Будзіна ў 1910 годзе нарадзіўся Ц. Рублёў – беларускі пісьменнік, педагог і перакладчык. Некалькі год таму адна знаёмая жанчына мне падаравала непатрэбную ёй беларускую кнігу…. Кніга была вялікая на 500 старонак, і я, калі прыйшоў дадому і разгарнуў яе, то пабачыў, што гэта “Дон-Кіхот” Мігеля Сервантэса выдадзены ў “Менску” ў 1935 годзе на беларускай мове з малюнкамі ў перакладзе з рускай Цімохам Зарэчным!  Лявон Радзіміч і Ц. Зарэчны – гэта псеўданімы Ц. Рублёва. З Рублёвых тут ужо нікога не засталося сярод жыхароў, але мясцовыя тубыльцы ведаюць, што з іх краю паходзіць цікавы беларускі пісьменнік.

Радамля – гэта дужа чароўнае месца! Яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага тут быў замак, ад якога да нашага часу засталася вельмі стромкая замкавая гара. Некалькі год таму на пасадзе каля замкавай гары зрабілі рэканструкцыю старажытных жылых будынкаў радзімічаў 11-13 стагоддзя. У гэтыя збудаванні можна ўвайсці і пабачыць, як жылі старажытныя беларусы. Як заўсёды, на фэсце  былі цікавыя музычныя выступы, сярэднявечныя танцы, продаж сувеніраў і рамесных вырабаў. Ахвотныя маглі прыняць удзел у этнаграфічным квэсце. Мы з задавальненнем зноў паслухалі нашых дарагіх  спявачак з народных гуртоў “Спадарыня” з Чавусаў і “Вясковачкі” з Слаўгарадскага раёна. Пару год таму з гэтымі калектывамі мы і пазнаёміліся на фэсце ў Радамлі. Было вельмі прыемна яшчэ раз пачуць старажытныя нацыянальныя аўтэнтычныя  песні ад гэтых ужо далёка не маладых беларускіх жанчын. Пасля канцэрту  сфатаграфаваліся разам з удзельнікамі народных гуртоў. Фэст у Радамлі вельмі цікавы і варта яго падтрымліваць!!! Так што дарагія сябры, чакаем вас у наступны год  да нас у госці ў Чавускі раён!

Алег  Дзьячкоў. Магілёў.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1418
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0216
Далучайцеся да нас