Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Помнікі нацыянальнага прыгожага пісьменства ў даследаваннях Івана Саверчанкі

Помнікі нацыянальнага прыгожага пісьменства ў даследаваннях Івана Саверчанкі

29 верасня 2020, 18:32 Выданні 6
Помнікі нацыянальнага  прыгожага пісьменства ў даследаваннях Івана Саверчанкі

Сёлета Нацыянальная  літаратурная прэмія ў намінацыі “Літаратурная крытыка і літаратуразнаўства”  была прысуджана  Івану Савечанку за кнігу  “Магія слова” ( Беларускія пісьменнікі ХІІ-ХVII стагоддзяў).

Доктар філалагічных навук,  прафесар Іван Васільевіч Саверчанка – аўтар фундаментальных даследаванняў па філалогіі, гісторыі і філасофіі. Ён апублікаваў звыш 300 навуковых прац, з іх – 12 кніжных выданняў, стварыў цыкл гістарычных аповесцей, хронік, эсэ і нарысаў.  Шэраг кніг Іван  Саверчанка прысвяціў палітычным і культурным дзеячам ВКЛ  XVI-XVII стагоддзяў: Астафею Валовічу, Льву Сапегу, Сымону Буднаму, Язэпу Руцкаму, Філону Кміту-Чарнобыльскаму. Літаратурна-мастацкія  і гісторыка-дакументальныя творы вучонага-філолага і пісьменніка былі выдадзены асобнай кнігай  “Улада пячаткі” (2016), а таксама ў перакладах на рускую мову – ” Блеск кароны” (2015) і “Трон” (2019).

У новай кнізе “Магія слова”, якая пабачыла свет ў канцы 2019 года ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” прадстаўлены творчыя партрэты найбольш яркіх майстроў слова Беларусі ХІІ-ХVІІ стагоддзяў, асветлены ўклад старажытных аўтараў у развіццё беларускай літаратуры, пашырэнне тэматычных і жанравых гарызонтаў нацыянальнага прыгожага пісьменства. У кнізе раскрываюцца мастацкія стратэгіі, творчы метад і  ідэйныя пошукі пісьменнікаў-інтэлектуалаў часоў  Готыкі, Рэнесансу і Барока. Зборнік артыкулаў адрасаваны шырокаму  колу чытачоў, школьнікам, студэнтам і выкладчыкам.

– З запаветных часоў на неабсяжных прасторах Полацкай дзяржавы і Вялікага Княства Літоўскага шырока гучала жывая беларуская мова, – адзначае аўтар кнігі. –  На ёй актыўна камунікавалі, стваралі казкі, легенды і паданні, спявалі мілагучныя песні. Майстры слова даўняга часу фіксавалі і занатоўвалі важнейшыя падзеі і здарэнні, распавядалі пра жыццё і ўчынкі князёў, пра войны і мірныя пагадненні. Літаральна ўсе аспекты грамадскага і асабістага жыцця знайшлі адлюстраванне  ў старабеларускай літаратуры, што робіць яе неацэннай гістарычнай крыніцай і нязменным сродкам спасціжэння высокіх духоўна-інтэлектуальных памкненняў беларусаў у мінулыя часы.

У новым выданні важным з’яўляецца асвятленне ступені  ўздзеяння пісьменнікаў-інтэлектуалаў на духоўнае і культурнае жыццё народа, на фарміраванне нацыянальных мастацкіх кодаў, удасканаленне літаратурнай мовы і ўмацаванне духоўна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў.

Акрамя шырока вядомых асветнікаў, творцаў і паэтаў Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Сімяона Полацкага, хрысціянскіх мысліцеляў Кліма Смаляціча, Мялеція Сматрыцкага, Язэпа Руцкага чытач сустрэне на старонках кнігі аповед пра Яфрэма Чарнарызца, Стэфана Збаражскага, Аўгусціна Ратундуса, Гальша Пельгрымоўскага, Сільвестра Косава і іншых.

Пісьменнікі-інтэлектуалы далёкіх стагоддзяў былі ўпэўненыя, што ўзаемапавага,  давер і пашана – грунт здаровага грамадства, якое дазволіць людзям, незалежна ад сацыяльнага становішча, жыць сапраўдным духоўным жыццём, напоўненым радасцю і святлом.

Падрыхтавала

Эла Дзвінская.

На фота www.nn.by прафесар Іван Саверчанка ў  “Акадэмкнізе”.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
15-я Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне
Мова

15-я Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне

17 лютага 2022, 14:0831
Экскурсія па Пухавіччыне "Юзаф Бака.  Геній майго месца"
Спорт

Экскурсія па Пухавіччыне "Юзаф Бака. Геній майго месца"

6 красавіка 2021, 11:0329
Зварот ТБМ да бацькоў
ТБМ

Зварот ТБМ да бацькоў

1 чэрвеня 2021, 07:0929
Літаратура без межаў. Пятро Франко:  вялікі сын вялікага бацькі
Выданні

Літаратура без межаў. Пятро Франко: вялікі сын вялікага бацькі

18 лістапада 2019, 23:1328
Далучайцеся да нас