Восеньскі цыкл сустрэч на менскай сядзібе ТБМ 9 верасня распачаўся літаратурнай імпрэзай, прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Сёлета гэта памятная дата 9 жніўня супала з днём выбараў.
– Паэзія Ларысы Геніюш з’яўляецца сёння вельмі актуальнай і жыццёва неабходнай, – адзначыла, адкрываючы імпрэзу старшыня ТБМ Алена Анісім.
З прамовай да прысутных выступіў публіцыст і паэт Міхась Скобла, даследчык творчасці Ларысы Геніюш, укладальнік кніг эпісталярнай спадчыны паэткі “Каб ведалі”, “Лісты з Зэльвы”, ўспамінаў пра яе “Духу магутныя чары” і іншых. Адзін з чытачоў ва ўспамінах напісаў: “Ларыса Геніюш – наша Жанна д’Арк. Яна патрабавала ад нас, сваіх сяброў, быць свабоднымі. Яна жывіла нас энэргетыкай супраціву, каб мы супрацьстаялі цемры, падману і здрадніцтву.”
– Я падрыхтаваў да выдання 8 кніг, звязаных з дзейнасцю Генеральнага сакратара БНР Ларысы Геніюш. Пачынаючы даследчыцкую дзейнасць, я быў уражаны вершам паэткі, напісаным ў 1942 годзе “Наш сцяг”. Гэты сцяг быў у душы Ларысы Геніюш нават у ГУЛАГу. Сёння мы ўсхваляваныя і ўзрушаныя морам бел-чырвона-белых сцягоў на вуліцах і праспектах Менска.
Пра руплівасць Ларысы Геніюш па ўпарадкаванні і захаванні архіва БНР распавёў сябра Рады БНР, старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі Мікола Пачкаеў. Пра асабістую сустрэчу з паэткай нагадаў вядомы графік Мікола Купава.
Не забыты грамадзянскі чын мужнай паэткі, дзяячкі нацыянальнагу руху, хрысціянкі, вернай дачкі свайго народа. У гонар яе на Гарадзеншчыне ў 2016 годзе названа бібліятэка. У Зэльвенскай Спаса-Троіцкай царкве створаны мемарыяльны куток Ларысы Геніюш, а на падворку царквы ўсталяваны помнік. У 2000 годзе былі перавыдадзены зборнікі паэзіі “Гасціна” і ” Выбраныя творы”.
У 2006 годзе была запісана музычная складанка на вершы выбітнай паэткі. Польскі пераклад кнігі ўспамінаў “Споведзь” быў апублікаваны ў 2012 годзе над назвай “Ptaki bez gniazd” у пера-кладзе Чэслава Сенюха.
Госці імпрэзы актывістка БХД і турыстычны менеджар Валерыя Чарнаморцава, архівіст і даследчык Зміцер Дрозд і іншыя прынялі ўдзел у супольным чытанні вершаў паэткі. Напрыканцы імпрэзы прагучалі гімны “Магутны Божа” і “Пагоня” ў выкананні Таццяны Грыневіч.
Ня быць начы!
Няма жыцця без сонца.
Узыдзе сонца, азарыць акно.
Хлусня хлуслівых
страціць абаронцаў
І волавам апусціцца на дно.
А праўда – то не кліч,
штыком падперты,
Прыгодны злыдням
для нячыстых спраў.
А праўда – з лёсаў,
з душ, з народных нетраў
З цярпення,
што народ ператрываў.
Ліхой хлусні бяссільны
крык варожы.
Да дзён прыгону
страшны паварот.
А праўда ўсё ж жыве
і пераможа!
Мы вам не слугаў племя –
мы народ!
Ларыса Геніюш.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.