Прысуінічалі 8 сяброў з 11.
На павестку дня былі вынесены наступныя пытанні:
- Справаздача старшыні арганізацыі;
- Выбары старшыні;
- Выбары рады;
- Выбары рэвізора;
- Выбары дэлегата на абласную канферэнцыю (20 верасня 2020 г.)
- Выбары дэлегата на з’езд ТБМ (18 кастрычніка 2020 г.)
- Рознае.
Быў заслуханы справаздачны даклад старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ Валерыя Петрыкевіча.
Праца Дзятлаўскай раён-най арганізацыі ГА ТБМ прызнана здавальняючай.
Сход абраў старшынём Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” Валерыя Петрыкевіча. Акрамя старшыні, у раённую раду абраны Ляўкевіч Наталля і Абрамчык Алена. Рэвізорам абраны Красюк Фёдар. Дэлегатам на Гарадзенскую абласную канферэнцыю і на 14 з’езд ТБМ абраны старшыня арганізацыі Валеры Петрыкевіч.
У Розным былі разгледжаны пытанні падпіскі на газету “Наша слова”, пашырэнне шэрагаў сяброў арганізацыі, перспектывы стварэння суполак у Наваельні, Казлоўшчыне і Дварцы.
На працягу апошніх гадоў Дзятлаўская раённая філія ТБМ значна ажывіла сваю працу, вырас яе колькасны склад. Зараз на ўліку 11 сяброў, прыкладна столькі ж асобаў рыхтуецца папоўніць шэрагі ТБМ. Пачынаючы з 2016 года (год быў аб’яўлены Годам культуры) мы ўзялі пад апеку магілы заходнебеларускіх сялянскіх паэтаў у вёсцы Зачэпічы. У цэнтры вёскі, дзе калісьці стаяў будынак пачатковай школы, пад цяністымі клёнамі, пасаджанымі былымі вучнямі і іх настаўнікам, усталявалі мемарыяльны камень П. Граніту, Г. Праменю, В. Струменю, а ў вёсцы Труханавічы хату, дзе жыў іх сябар, аднадумец, самабытны вясковы паэт Н. Жальба, адзначылі мемарыяльнай гранітнай шыльдай. Арганізавалі і правялі сумесна з раённымі і мясцовымі ўладамі ўрачыстасці па іх адкрыцці, якія выклікалі вялікую цікавасць у жыхароў гэтых неперспектыўных па сённяшніх мерках вёсак.
Менавіта дзякуючы прапановам і просьбам жыхароў вёскі Зачэпічы, пры падтрымцы абласной філіі СБП і асабіста яго старшыні В. Дубатоўкі штогод у канцы лета – пачатку восені праводзім каля гэтага мемарыяльнага каменя абласное свята беларускай паэзіі, з цяжкасцямі, але ўдалося ўключыць яго ў план працы Дзятлаўскай раённай і сельскай Жукоўшчынскай бібліятэк. І, як вынік, у 2019 і 2020 гадах праводзім гэтае свята сумесна, з падтрымкай аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама, Жукоўшчынскага сельскага савета і мясцовага СПК “Жукоўшчына”, старасты вёскі Зачэпічы М. Калодкі. Вызначыліся з канкрэтнай датай правядзення. У будучым гэта будзе трэцяя субота жніўня. На гэтае свята збіраецца практычна ўся вёска, ад старога да малога, прыязджаюць былыя жыхары, якія ўжо сталі гараджанамі, унукі і праўнукі тых, каго ўганароўваем, далёкія і блізкія сваякі. Усе яны адзначаюць, што цікавасць да мерапрыемства вялікая, але найважнейшае яшчэ і тое, што тут гучыць наша родная, мілагучная беларуская мова. Ды і не дзіва. Сюды прыязджаюць вядомыя літаратары, паэты, барды, спевакі. Напрыклад, заўсёды радуе прысутных прамовамі старэйшы мовазнавец, навуковец, прафесар, пісьменнік А.М. Пяткевіч, старшыня абласной філіі СБП В. Дубатоўка, даследчык літаратуры, краязнавец, пісьменнік са Слоніма, адзін з ініцыятараў правядзення гэтага свята С. Чыгрын, паэт-журналіст М. Скобла, паэты і галоўныя рэдактары газет “Наша слова” і “Газета слонімская” С.Суднік і М. Канановіч, паэтэса і пісьменнік з Наваградка С. Абдулаева і паэт-бард М. Зізюк, гарадзенскія пісь-меннікі А. Петрушкевіч і Я. Трацяк, В. Сазонаў і У. Хільмановіч і дзясяткі іншых. Дэкламуюць вершы мясцовых паэтаў вучні і жыхары вёскі, землякі.
А як задушэўна спяваў на ўсіх без выключэння святах Сяргей Чарняк з Ліды. Брэндам стала яго песня на словы С. Чыгрына “Зачэпічы”. Нават не брэндам, а гімнам, які падпяваюць усе прысутныя. Не раз радавалі прысутных барды з Менска Зміцер Бартосік і Андрэй Мельнікаў, Міхась Зізюк з Наваградка, Уладзімір Хільмановіч з Гародні. Зачаравалі сваімі галаса-мі спявачкі Таццяна Грыневіч-Матафонава з Менска і масквічка Міла Ражкова, якая спявала на бела-рускай мове многія вядомыя песні ў перакладзе Алы Петрушкевіч.
Пасля такіх святаў паэзіі людзі доўга не разыходзяцца, шчыра дзякуюць, просяць часцей прыязджаць, не забываць іх Зачэпічы.
Па ініцыятыве раённай арганізацыі сумесна з гісторыка-краязнаўчым музеем і раённай бібліятэкай на працягу апошніх гадоў арганізаваны і праведзены дзясяткі сустрэч школьнікаў раёна з беларускімі пісьменнікамі, паэтамі і бардамі. Такія сустрэчы прымяркоўваліся, як правіла, да юбілеяў ці якіх іншых знакавых датаў. Напрыклад, да 500-годдзя першай надрукаванай Бібліі Францішка Скарыны на беларускай мове ці да юбілеяў з дня нараджэння нашых вядомых паэтаў і пісьменнікаў В. Адамчыка і В. Шымука ці першага старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ, настаўніка-паэта М. Грышана і г.д. Так, перад вучнямі практычна ўсіх школ раёна выступалі С. Чыгрын, М. Скобла, спявалі З. Бартосік, Т. Грыневіч-Матафонава, А. Мельнікаў, С. Чарняк.
Перад вучнямі ў школах і аматарамі паэзіі і літаратуры ў бібліятэках, музеі ладзіліся выступленні А. Пяткевіча і А. Петрушкевіч, В. Дубатоўкі і У. Хільмановіча, Я. Трацяка і В. Сазонава, М. Зізюка і М. Канановіча. Пабывалі на такіх сустрэчах Л. Дранько-Майсюк і Э. Акулін з Менска, Н. Салейка са Слоніма і іншыя.
Практыкуем мы і імпрэзы па прэзентацыі кніг, найчасцей на Дзятлаўшчыне гэта робіць С. Чыгрын. Цікава прэзентавалі “500 аўтографаў разам” А. Пяткевіча і “Шчонаўскія абразкі” А. Петрушкевіч. Але набольш запамінальнымі вялікай колькасцю прысутных прайшлі прэзентацыі кнігі “Гісторыя Сапегаў”, укладальнікам якой быў адзін з апошніх прадстаўнікоў аднаго з самых багатых і ўплывовых родаў ВКЛ, які валодаў працяглы час і нашым Дзятлавам і пакінуў нашчадкам самы старажытны і прыгожы будынак горада, яркі помнік архітэктуры, узор віленскага барока, касцёл Найсвяцейшай панны Марыі, Яўстах Сапега.
На прэзентацыі прысутнічалі перакладчыкі з польскай мовы Міхась Скобла і Валянцін Дубатоўка, якія цікава распавядалі пра свае сустрэчы з апошнім прадстаўні-ком знакамітага роду – Яўстахам Сапегам, які радаваўся, прыехаўшы ў Дзярэчын, расчуліўся да слёз, пакідаючы роднае месца, чуючы гукі на вежы касцёла, і вымавіў: “Ён пазнаў мяне”. Тады і папрасіў запісаць тыя гукі на магнітафон, каб узяць іх у далёкую Афрыку, куды лёс закінуў яго ад родных мясцін. Пасля той прэзентацыі асабістыя бібліятэкі многіх дзятлаўчан папоўніліся прыгожым змястоўным выданнем.
Запамінальна прайшла і прэзентацыя слонімскага літаратурнага альманаха “Паланэз”. Пасля яе мясцовыя аматары літаратуры і паэзіі загарэліся ідэяй выдаць і свой дзятлаўскі альманах. Ужо вызначыліся з назваю – “Ятранка” (так называецца адзін з прытокаў ракі Моўчадзь, на беразе якой нарадзіўся, правёў дзіцячыя і юнацкія гады В. Адамчык), сабрана дастаткова твораў нашых землякоў, але пакуль не ўдалося вырашыць праблему фінансавання.
Сярод сяброў ТБМ ёсць шмат краязнаўцаў, якія займаюцца вывучэннем роднай Дзятлаўшчыны. Сёлета жыхарам раёна і горада былі прэзентаваны дзве новыя кнігі: кніга Алены Абрамчык, старшага навуковага супрацоўніка Дзятлаўскага краязнаўчага музея пад назвай “Дзятлаўскі край: вядомыя і невядомыя старонкі” і кніга былога настаўніка гісторыі Міхася Лук’янчыка пад назвай “Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі”. Абодва выданні папоўнілі скарбонкі многіх школьных і прыватных бібліятэк, пашырылі веды дзятлаўчан пра родны край і яго старажытную і сучасную гісторыю, пра знакамітых землякоў.
На працягу апошніх трох гадоў узнавіла працу літаратурнае аб’яднанне “Пралескі”, якое збірае пад сваім крылом мясцовых паэтаў і пісьменнікаў. Паседжанні праходзяць у Дзятлаўскім краязнаўчым музеі пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка музея Алены Абрамчык, таксама мясцовай паэткі.
Сябрамі ТБМ робяцца і пэўныя захады па ўвекавечванні памяці нашых знакамітых землякоў – у першую чаргу пісьменнікаў, якія нарадзіліся на Дзятлаўшчыне. Так, высілкамі энтузіяста, настаўніка гісторыі і геаграфіі Дварэцкай школы Сяргея Каско пры матэрыяльнай падтрымцы галоўнага інжынера А. Падліпскага і старшыні сельгаспрадпрыемства Граніт-Агра С. Мазура ў кастрычніку 2018 года на радзіме В. Адамчыка ў вёсцы Варакомшчына быў усталяваны вялікі, прыгожы камень-валун з мемарыяльнай шыльдай гэтаму знакамітаму пісьменніку.
Мемарыяльнымі шыльдамі нам удалося адзначыць ствара-льніка і першага дырэктара Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея, заслужанага настаўніка БССР, краязнаўца М.Ф. Петрыкевіча, нашага аднадумца, прыхільніка ТБМ, будаўніка, пад чыім кіраўніцтвам пабудаваны самыя вялікія і значныя будынкі нашага горада – П. Гроса.
Меркавалася да 85-годдзя В. Шымука, паэта, пісьменніка, нашага земляка, які вучыўся ў СШ № 2 і пасля вайны працаваў у рэдакцыі раённай газеты, на будынку рэдакцыі замацаваць мемарыяльную шыльду. Але не знайшлі паразумення з тагачасным галоўным рэдактарам. Час бяжыць, усё мяняецца. Спадзяёмся, што да 90-годдзя Віктара Шымука мемарыяльная дошка ўсё ж з’явіцца. В. Шымук знайшоў вечны супакой на дзятлаўскіх могілках, вучні гімназіі даглядаюць магілу. Жонка Марыя і дачка Таццяна не забываюць радзіму свайго дарагога чалавека. Зусім нядаўна, падчас святкавання 125-годдзя з дня нараджэння нашага слыннага земляка, ураджэнца вёскі Погіры, палітычнага і грамадскага дзеяча, доктара філасофіі, педагога, паэта І. Дварчаніна, яны падарылі ўсім школам і бібліятэкам раёна выдадзены за асабістыя сродкі, прыгожы, змястоўны збор лепшых вершаў В. Шымука “Чалавечая душа – праменьчык сонца”.
Дарэчы, адсвяткаваць 125-годдзе І. Дварчаніна – таксама нашая задума. Планавалася гэтую дату адзначыць грунтоўна, але пандэмія не дазволіла зрабіць так, як хацелася. Гэта мерапрыемства адкладвалася, пераносілася, але 22 жніўня ўсё ж адбылося. У Дзятлаве, каля помніка І. Дварчаніну, сабралася не менш за сотню чалавек. Госці з Менска, Гародні, Баранавічаў, Ліды, Слоніма, Наваградка, Нясвіжа, паэты, пісьменнікі, барды, спевакі, супрацоўнікі аддзела культуры РВК, бібліятэкі, музея, школьнікі, мінакі на працягу гадзіны слухалі выступленні, песні, знаёміліся з выставай твораў І. Дварчаніна. Затым святкаванне працягнулася ў вёсцы Погіры, каля роднай хаты юбіляра. Тут высілкамі нашых сяброў пры падтрымцы кампаніі “Зробім лепш-2020” быў усталяваны мемарыяльны камень, пасаджаны туі і кветкі, зроблена прыгожая лава для наведвальнікаў, а на дарозе Слонім-Ліда замацавана шыльда-ўказальнік “Радзіма Ігната Дварчаніна”. Гасцей чакалі з паўсотні вяскоўцаў і народны фальклорны гурт “Пагіранка”, які сустрэў прыезджых за-душэўнымі песнямі. Гучалі прамовы Л. Дзіцэвіч і старэйшай жыхаркі вёскі, сваячкі І. Дварчаніна М. Дзядовіч. Спявалі барды С. Чарняк і М. Зізюк. Адбылося ўганараванне ўдзельнікаў і пераможцаў аб’яўленага конкурса мастакоў на лепшы малюнак, прысвечаны 125-гадоваму юбілею.
Раённай арганізацыяй, як толькі 2018 год быў аб’яўлены Годам малой радзімы, была ініцыявана ідэя стварэння ў Дзятлаве манументальнага помніка слыннаму ваяру, гетману найвышэйшаму ВКЛ, чалавеку, які заклаў першую цагліну ў падмурак горада, фундаваў пабудову праваслаўнай царквы, першаму ўладару гэтых земляў К.І. Астрожскаму.
Гэтую ініцыятыву замаца-валі 250 подпісамі гараджан. На сённяшні дзень ужо пройдзены і завершаны ўсе папярэднія юрыдычныя этапы стварэння манумента: праведзены грамадскія слуханні, выбрана і зацверджана месца, адбыўся конкурс макетаў помніка, ЖКГ замовіла праект на пабудову пастамента, у банку ад-крыты рахунак на збор сродкаў. Спадзяёмся, што сябры ТБМ і на гэтым этапе, згодна са сваімі кашалькамі, праявяць сябе з лепшага боку.
У параўнанні з іншымі раёнамі вобласці адносна добра наладжана падпіска на “Наша слова”. Праўда, 6-9 экзэмпляраў – вельмі мала. Быў жа час, калі ў раён прыходзіла і 15-16 газет. Будзем праводзіць агітацыйную працу, каб падпіска стала шырэйшай.
Слаба наладжана ў нас праца па правядзенні беларускіх дыктовак. Праўда, асноўная прычына ў тым, што гэта не вельмі падаба-лася ўладам, менавіта яны забаранялі настаўнікам школ праводзіць дыктоўкі. Выключэннем стаў люты бягучага года, але мы не паспелі падрыхтавацца як след. Удзел у дыктоўцы прынялі менш за тысячу школьнікаў і жыхароў раёна.
Слаба пакуль наладжана ў нас і праца па агітацыі бацькоў за стварэнне беларускамоўных груп у садках і першых класаў у школах, за навучанне на беларускай мове ў сярэднім і старэйшым звяне. Але на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. Вырашаць іх трэба ў першую чаргу на дзяржаўным узроўні.
У планах нашай філіі на бліжэйшы час прадаўжаць працу па ўшанаванні знакамітых земля-коў, на галоўных вуліцах горада павесіць шыльды з назвай на дзвюх мовах, адна з якіх беларуская, а магчыма пазначыць і назвы, якія вуліцы мелі да 1939 года, што, на на-шу думку, павялічыць турыстычную прывабнасць горада Дзятлава.
Валеры Петрыкевіч, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ