Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Магілёўцы на Крапівенскім полі

Магілёўцы на Крапівенскім полі

23 верасня 2020, 07:49 ТБМ 36
Магілёўцы на Крапівенскім полі

Штогод у верасні сябры ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва едуць на Крапівенскае поле, дзе ў 1514 годзе адбылася легендарная Аршанская бітва. 

12 верасня ТБМ-аўцы рушылі ў вандроўку па Аршаншчыне. Усяго за адзін дзень мы наведалі восем мястэчак і некаторыя з іх пабачылі ў першы раз! Спачатку мы  завіталі ў  Балбасава, якое знаходзіцца пад самай Воршай. Гэты маленькі гарадок стаў  вядомы яшчэ ў савецкія часы дзякуючы свайму вайсковаму аэрадрому, які да вайны лічыўся адным з лепшых на Беларусі. Да нашага часу захаваўся шэраг будынкаў ваеннага гарадка 1930-х гадоў, пабудаваных у стылі канструктывізму. У мясцовым доме культуры, дзе раней месціўся дом афіцэраў нас гасцінна сустрэлі супрацоўнікі ўстановы і паказалі цікавую краязнаўчую выставу, калекцыю карцін савецкага часу і нават завялі ў “штаб” мясцовага рыцарскага клуба!!! Каля дома культуры мы падыйшлі да магілы легендарнага лётчыка, першага двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца, які трагічна загінуў у Балбасаве ў 1939 годзе. А ў цэнтры Балбасава мы сфатаграфаваліся з вялікім ва-енным самалётам, які даўно пераўтварыўся з грознай зброі ў цікавы турыстычны аб’ект.

У Воршы адразу  завіталі ў касцёл Святога Язэпа 19 стагоддзя, дзе пабачылі копію карціны 16 стагоддзя “Аршанская бітва”. А  потым накіраваліся ў Куцеінскі манастыр 17 стагоддзя, які калісьці заснавалі магілёўцы, і першы ігумен Іаіль Труцэвіч быў таксама з Магілёва. Тут у 1631 годзе выдаў свой вядомы “Буквар” магілёвец Спірыдон Собаль. Да нашага часу ў Куцейне захаваліся два будынкі 17 стагоддзя – будынак друкарні і царква Святога Духа, пабудаваная ў стылі магілёўскай школы дойлідства (некаторыя даследчыкі называюць, яе аршанска-магілёўскай школай дойлідства). Вельмі сумна, што будынак друкарні знаходзіцца ў занядбаным стане, і нават частка яго ў апошні час была “аздоблена” сайдынгам. Калі справы і надалей так будуць працягвацца, то мы страцім гэты ўнікальны будынак! Ужо надыходзіў час абеду, і пасля Воршы мы накіраваліся да майго добрага сябра спадара Генадзя Шэпелева, які ласкава запрасіў нашу грамаду на сваё лецішча на беразе Дняпра ў мястэчка Берасценава. Гасціннасць і харызма спадара Генадзя адразу апанавала нашымі сябрамі, і мы пасля смачнага пачастунку ледзь выправіліся далей у наша падарожжа…. Спадар Генадзь вядомы не толькі, як анёл-ахоўнік  свята на Крапівенскім полі, але і як краязнавец. І настапныя тры гістарычныя мястэчкі нашага маршруту мы наведалі пад яго пільным патранатам. У самім Берасценаве да нашага часу захаваліся парэшткі панскага маёнтка 19-пачатку 20 стагоддзя. На вялікі жаль, сам панскі дом прыйшоў у поўны заняпад, і ў ім нават правалілася столь. Засталося некалькі гаспадарчых будынкаў, у якіх дагэтуль пражываюць мясцовыя жыхары, і рэшткі панскага парку. Праз пару кіламетраў у вёсцы Кудаева ў мясцовым кар’еры мы  па-бачылі сапраўдны помнік прыроды, які не характэрны для нашых мясцінаў – гэта велізарны валун памеры якога 2,5 на 8 метраў. Мы ўсёй грамадой з задавальненнем на гэты гіганцкі валун залезлі, а потым, праўда некаторыя думалі, а як жа з яго злезці!?

Мястэчка Міцькаўшчына перадусім вядома сваім замчышчам і землянымі валамі, якія па форме чатырохкутніка ахопліваюць досыць вялікую прастору. Але зараз вялікая трава, і  нам не ўдалося прайсці па ўсім перыметры замчышча. Па некаторых крыніцах, менавіта тут у 16 стагоддзі была заснаваная драўляная цвердзь. Суседняя вёска Солаўе калісьці мела прыгожую царкву святой Троіцы 19 стагоддзя, якая зараз знаходзіцца ў руінах. Цікава адзначыць, што некаторыя архітэктурныя элементы праваслаўнага храма былі выкананы з рысамі неаготыкі. Далей мы ўжо рушылі самастойна і паехалі на Крапівенскае поле, што па шляху з Воршы на Дуброўна.

Мемарыял Крапівенскага поля, створаны пры ўпадзенні рачулкі Крапівенкі ў Дняпро. Мы грамадою падышлі да памятнага знака, да гістарычных медальёнаў з выявай вядомых беларускіх ваяроў Аршанскай бітвы 1514 года. Вялікі дзякуй нашым мастакам і гісторыкам, грамадскім актывістам, якія здолелі стварыць і захаваць гэты ўнікальны народны мемарыял! У самім мястэчку Крапіўна захавалася да нашага часу праваслаўная царква 19 стагоддзя ў гонар Аляксандра Неўскага. І апошнім нашым прыпынкам была крыніца Святога Панцеляймона, якая знаходзіцца па магілёўскай трасе за вёскай Бабінічы. Шлях да крыніцы аказаўся не простым і прышлося шпацыраваць пехатой з стромкай гары досыць далёка. Але мы набралі вады, акунацца ў купелі ніхто чамусці не пажадаў, і мы з пачуццём выкананага абавязку рушылі да сябе ў Магілёў. Уражанні ад вандроўкі былі вельмі прыемныя і ад добрай кампаніі, і ад сустрэчы з шаноўным Генадзем Шэпелевым. Адно нас дужа засмуціла, што вельмі шмат нашых помнікаў даўніны знаходзіцца ў поўным занядбанні. Пра многія гістарычныя мясціны і старажытныя будынкі немагчыма знайсці ніякай інфармацыі ў адкрытым доступе. Калі і надалей такімі тэмпамі будзе працягвацца “ахова” помнікаў архітэктуры, то нашым дзецям і ўнукам у хуткім часе не будзе чаго паказаць з нашай тысячагадовай даўніны.

Алег Дзьячкоў.

Магілёў.

Верасень 2020 г

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік.  ЯЦВЯЖСКІЯ  ЗАМАЛЁЎКІ
Гісторыя і краязнаўства

Станіслаў Суднік. ЯЦВЯЖСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ

21 кастрычніка 2026, 17:5817
Новы год і віншаванка ў Таўлая, што ля замка
Культура

Новы год і віншаванка ў Таўлая, што ля замка

2 студзеня 2019, 17:5715
Навіны Германіі. У Германіі стала больш адзіночных хатніх гаспадарак
У свеце

Навіны Германіі. У Германіі стала больш адзіночных хатніх гаспадарак

8 лютага 2023, 20:1115
Крэва на скрыжалях часу
Гісторыя і краязнаўства

Крэва на скрыжалях часу

16 ліпеня 2026, 12:2614
Далучайцеся да нас