Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах

15 верасня 2020, 09:52 Культура 21
Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах

Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах пачаўся з падарункаў гораду. Ранкам 6 верасня адбылося адкрыццё скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай Бялыніцкаму абразу Божай Маці. Гранітны анёл упрыгожыў плошчу каля царквы ў гонар абраза. Памер каменнага анёла, які выкананы з пакастоўскага граніту – 3 х 2 м. Аўтарам скульптуры выступіў магілёўскі майстар Аляксандр Мінькоў.

– Скульптура прысвечана Бялыніцкай Божай маці, якая з’явілася людзям цудоўным чынам. І хацелася неяк перадаць гэты цуд. Былі ідэі зрабіць манаха, але вырашылі ўвасобіць нейтральны вобраз анёла з беларускай выцінанкай. І гэта ўсім спадабалася. Задача была цяжкай, але вынік перасягнуў усе чаканні, – адзначыў майстар.

Адкрывалі новую славутасць намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, міністр культуры Юры Бондар, міністр інфармацыі Ігар Луцкі, прадстаўнікі духавенства і мясцовай улады.

Урачыста расчыніў свае дзверы і Бялыніцкі мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі. У новым музеі ўсе жадаючыя могуць пазнаёміцца з карцінамі знакамітага земляка, гісторыяй Бялыніцкага краю. Упершыню ў музеі з’явілася зала “Духоўнасць”. Цэнтральным экспанатам стала фрэска “Узыходжанне на Галгофу”.

– Я хачу павіншаваць усіх жыхароў нашай краіны з гэтым цудоўным святам, якое мы штогод адзначаем у першыя выходныя верасня. Я жадаю ўсім нам здароўя, дабрабыту, шчасця. А пісьменнікам – натхнення на новыя творы, якія будуць чытаць розныя пакаленні.

Новы выдатны музей Бялыніцкага-Бірулі абсталяваны ўсімі сучаснымі тэхналогіямі. Ён будзе радаваць не толькі жыхароў Бялыніцкага раёна, але і ўсю нашу краіну. Сюды будзе прыязджаць шмат экскурсій. Плануюцца адпаведныя ўрокі для дзяцей, каб яны ведалі і шанавалі гісторыю нашай краіны і ведалі, якія выдатныя людзі ў нас ёсць. Магілёўшчына – вельмі маляўнічы край і ўсё гэта відаць у пейзажах Бялыніцкага-Бірулі.

Падчас падрыхтоўкі свята праведзена вялікая арганізацыйная работа з боку Магілёўскага аблвыканкама, Бялыніцкага райвыканкама. Мы ўсе бачым, як змяніўся горад. Мы рады праводзіць такое адметнае свята ў прыгожых, цікавых Бялынічах, – адзначыў Ігар Петрышэнка.

Свята беларускага пісьменства працягвалася ў Бялынічах увесь дзень. Фестывалі кнігі, беларускай кухні, літаратурныя імпрэзы, канферэнцыі, выставы і тэматычныя пляцоўкі – арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму, дзе кожны знойдзе мерапрыемства па душы.

Валерыя СЦЯЦКО.

Фота

Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

У гэты дзень у райцэнтры адбылася не менш важная падзея – адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай.

Удзел ва ўрачыстасці прынялі вернікі з розных куткоў Беларусі, прычым гэта былі не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій. Усяго сабралася больш за дзвесце чалавек.

Урачыстасць адбылася з удзелам Генеральнага вікарыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.

– Я адмыслова прыехаў на Адпустовую ўрачыстасць, каб не толькі ўшанаваць Маці Божую Бялыніц-кую, а і выказаць падтрымку вернікам. Бо беларускія ўлады да гэтай пары безпадстаўна не ўпускаюць у краіну грамадзяніна Беларусі Арцыбіскупа, Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча – кіраўніка каталіцкай царквы.

Мне з задавальненнем і прыемнасцю ўдалося сустрэцца і паразмаўляць на адпустовай урачыстасці са шматлікімі вернікамі і каталіцкімі святарамі з самых розных гарадоў і мястэчак Беларусі.

У якасці гаспадара гасцей сустракаў пробашч Бялыніцкай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка.

Непасрэдна перад фэстам у Бялынічах прайшло Саракагадзіннае наба-жэнства, удзел у якім, акрамя бялыніцкіх вернікаў, прынялі духоўныя валанцёры з іншых куткоў Беларусі.

– Бялынічы – гэта старадаўняе месца марыйнага культу, дзе калісьці знаходзіўся адзін з самых шанаваных цудадзейных абразоў на нашай зямлі – абраз Маці Божай Бялыніцкай. Малітва мае вялікую моц, асабліва тут, на гэтым месцы, – адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Сярод удзельнікаў быў заўважаны шэраг знакавых асобаў, – апроч старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, таксама старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў з сябрамі…

“Магілёўскі рэгіён”.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1418
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3416
Далучайцеся да нас