Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Погляд на Магілёў з вышыні ратушы

Погляд на Магілёў з вышыні ратушы

17 жніўня 2020, 22:29 Культура, ТБМ 37
Погляд на Магілёў з вышыні ратушы

Любіць і добра ведае свой горад старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьякоў. Пастаянна ён ладзіць пешыя і роварныя беларускамоўныя экскурсіі па горадзе для сяброў арганізацыі і ўсіх ахвотных.

У  перыяд,  калі вандроўкі часова спынены, папулярызатар гісторыі, роднай мовы і культуры пагадзіўся правесці экскурсію для карэспандэнта “Нашага слова”.

За некалькі гадзін мы прайшліся па старажытных вуліцах Магілёва Першамайскай (Вялікай Шклоўскай) і Ленінскай ( Вялікай Садовай), наведалі касцёл св. Станіслава і будынак ратушы, завіталі ў музей вядомага пейзажыста Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

– А ведаеце, які твор прысвяціў Магілёву Максім Багдановіч? -запытаўся гід. – Гэта верш “Летапісец”.

“Душой стаміўшыся

         ў жыццёвых цяжкіх бурах,

Свой век канчаю я

                  ў манастырскіх мурах

І пільна летапіс

                       другі ўжо год пішу:

Старанна літары

                              малыя вываджу

І спісваю ўсё ад слова і да слова

З даўнейшых граматак

                 пра долю Магілёва…”

 

Цярністым і шматпакутным быў больш, чым 750-гадовы шлях старажытнага паселішча над Дняпром. Гордымі і свабодалюбівымі былі яго жыхары, якім было ўласціва даўгацярпенне, самааданасць, таленавітасць, пачуццё здаровага аптымізму ў спалучэнні з міласэрнасцю, кансерватызмам і наіўнасцю. Гасціннасць, гумар, народная сметлівасць, вера і надзея заўсёды дапамагалі ім з гонарам выйсці са складаных сітуацый. Магілёў заўсёды славіўся сваімі майстрамі – збраярамі, ювелірамі, ганчарамі, цагельнікамі, ткачамі.

Некалі заможны і самастойны горад з замкавымі ўмацаваннямі і валамі, размяшчаўся вышэй навакольнай мясцовасці. З аднаго боку яго акружаў Днепр, а з другога – Дубровенка. А  якія  цудоўныя перазвоны ладзіліся на вежах цэркваў: Спаса, Іллі, Успення, Міколы, Тройцы, Раства Багародзіцы, Узнясення Гасподняга, Казьмы і Дзям’яна! Чым толькі не гандляваў Магілёў, які меў прывілеі ад каралёў! Кіеў, Канеў і Чаркасы, Торунь, Гданьск і Кёнігсберг атрымлівалі выдатны мёд, воск, сала, алей і іншыя рэчы з Магілёва.

Адкуль пайшла назва горада? Згодна з легендай, на Дняпроўскіх кручах жыў некалі разбойнік Машэка, моцны, як леў, які рабаваў багатых, але абараняў бедных і прыгнечаных. Ён быў пахаваны над Дняпром, над яго магілай быў насыпаны курган. Гэта месца назвалі Магілай Льва. Цяпер ў горадзе існуе стылізаваны помнік Машэку.

– Помнік разбойніку? – разважае экскурсавод. – Калі мы прызнаём брытанскага Робін Гуда, героя балад, то можам прызнаць і свайго Машэку!”. Янка Купала напісаў паводле легенды паэму “Магіла Льва”, а Уладзімір Караткевіч прысвяціў Магілёву верш “Машэка”. Іншая версія назвы горада звязана з імем галіцкага князя Льва Данілавіча Могія. Магілёўскі замак упершыню ўзгадваецца ў летапісе ў 1267 годзе.

Самым цікавым пунктам нашай экскурсіі была ратуша і яе музей. Кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый выдаў Магілёву прывілей на Магдэбурскае права 28 студзеня 1577 года. Горад займеў герб і дазвол на пабудову ратушы. Першы будынак яе быў драўляным. Ратуша не аднойчы гарэла, месцазнаходжанне яе мянялася. (Падчас Паўночнай вайны Пётр I загадаў спаліць горад, каб ён не дастаўся шведам.)

– Мураваная ратуша стала цэнтрам гарадскога жыцця, – распавёў Алег Дзьячкоў. –  У ёй публічна агалошвалі дзяржаўныя ўказы, зачытвалі прывілеі і судовыя выракі. Тут  існавала вялікая зала для прыёму гасцей, засядаў магістрат, праходзілі выбары гарадской рады, сустрэчы важных персон.

– Ратушу знеслі ў 1957 годзе, – пракаментаваў экскурсавод. У  1979 годзе кандыдат гістарычных навук Алег Анатольевіч Трусаў даследваў яе падмуркі. (Дарэчы, менавіта ён выдаў  ў 2008 годзе сумесна з А.А. Агеевым цікавую кнігу “Магілёўская ратуша”). У 2008 годзе будынак ратушы аднавілі па фота і архіўных дакументах.

Зараз адноўленую залу для пасяджэнняў, якая ўражвае сваёй ўрачыстасцю, упрыгожваюць партрэты выбітных магілёўцаў, якія праявілі сябе ў гісторыі горада. Тут знаходзіцца партрэт магілёўскага храніста і сябра магістрата Трафіма Сурты, выява Спірыдона Собаля, які працаваў у Багаяўленскім манастыры, і выдаў “Буквар”. Уп-рыгожваюць залу партрэты праваслаўнага епіскапа Георгія Каніскага і першага каталіцкага мітрапаліта Богуш-Сестранцэвіча, які пражыў 95 гадоў, ведаў 20 замежных моваў.

Пад патранажам праваслаўнага епіскапа Г. Каніскага, асветніка і навукоўца, які ачольваў Магілёўскую епархію, у горадзе быў пабудаваны помнік позняга барока – Спаская царква і адчынена праваслаўная семінарыя, у якой вучыліся  Іван Насовіч, Іван Грыгаровіч, Усевалад Ігнатоўкі і іншыя…

– Інтэр’ер ратушы выдатна дапаўняе карціна “Наданне Магілёву Магдэбурскага права”. “За апошнія некалькі гадоў тут выступалі ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў, вядоўца тэлепраграм Юры Жыгамонт,- нагадвае Алег Дзьячкоў. – Тут адбывалася суст-рэча прэм’ер-міністраў Андрэя Кабякова і Дзмітрыя Мядзведзева.

А ў суседняй зале дэманструюцца васковыя фігуры войта горада і яго памочнікаў.

Пасля першага падзелу Рэ-чы Паспалітай у 1772 годзе Магі-лёў увайшоў у склад Расійскай імперыі і стаў губернскім гора-дам. У 1775  годзе горад быў  па-збаўлены Магдэбургскага пра-ва, для кіравання гаспадарчым жыц-цём пачала абірацца гарадская дума. На гандлёвай плошчы быў пабудаваны палац губернатара.

– У траўні 1780 года ў Магілёве праходзіла сустрэча Кацярыны II і аўстрыйскага імператара Франца Іосіфа, – працягнуў аповед Алег Дзьячкоў.- Імператар прыбыў  у Расію пад іменем графа Фалкенштэйна. 27 траўня 1780 го-да Кацярына II у суправаджэнні графа аглядала Губернатарскую плошчу і ратушу, наведвала касцёл святога Станіслава, пабудаваны ў стылі барока.

 Аглядалі горад і любаваліся ратушай у іншыя часы розныя расійскія імператары: Павел I, Аляксандр I, Мікалай I, Аляксандр II, Мікалай II. Наведвалі горад  расійскія і ўкраінскія пісьменнікі Гаўрыла Дзяржавін, Тарас Шаўчэнка, Мікалай Гогаль.

Пра што цікавае яшчэ давя-лося даведацца падчас экскурсіі па горадзе? Што тут існаваў губернскі сад Дамбавецкага, які ў савецкія часы пачаў насіць назву парка імя Максіма Горкага.

– Найвялікшы росквіт горада прыпаў на час кіравання Ма-гілёўскай губерніяй Аляксандра Дамбавецкага,- піша ў кнізе гісторык Аляксандр Агееў, суаўтар Алега Трусава. – За 21 год дзей-насці губернатара (1872 – 1893) горад атрымаў Магілёўскую фельчарскую школу ( 1875 ) і Магі-лёўскае рэальнае вучылішча (1885), адметныя будынкі гарад-скога тэатра (1888) і жаночай гімназіі, вадаправод і першыя тэлефоны. Ён спрыяў правядзенню археалагічных даследванняў і станаўленню першага музея. Пры ім  з 1883 года пачаў выходзіць часопіс “Магілёўскія гарадскія ведамасці”.

Пра знакамітых магілёўцаў давялося пачуць з вуснаў Алега Дзьячкова ля будынка былой мужчынскай гімназіі. Яна была адчынена  15 верасня 1809 года. З яе сцен выйшлі такія выбітныя асобы, як Кандрат Грум-Гржымайла, лекар, выдавец медыцынскай газеты “Сябар здароўя”, выдаўцы энцыклапедычнага слоўніка ў 58 тамоў браты Аляксандр і  Ігнат Гранаты, географ, даследчык Поўначы Ота Шмідт. Тут вучыўся Мікалай Судзілоўскі, навуковец, энтнограф і географ, які стаў першым прэзідэнтам сената Тэрыторыі Гаваяў.

Вялікі пажар ахапіў горад у 1910 годзе, у ім згарэлі 624  жылыя дамы. А праз чатыры гады разгарэўся іншы пажар – Першая сусветная вайна. За год да вайны ў Магілёве адбылося пампезнае святкаванне 300-годдзя дынастыі Раманавых. Мала хто мог уявіць, што адна з самых моцных у свеце манархій праіснуе менш, чым чатыры гады. Летам, па ўступленні ў Першую сусветную вайну Магілёў апынуўся ў самым цэнтры падзей планетарнага маштабу. З 1915 па 1918 год  у горадзе знаходзі-лася стаўка Галоўнага камандую-чага расійскай арміі.

З 23  жніўня 2015 года абавязкі галоўнакамандуючага прыняў на сябе імператар Мікалай II, і губернскі горад ператварыўся ў царскую рэзідэнцыю і ваенную сталіцу імперыі. У пазнейшы час у горадзе жылі альбо бывалі з візітамі кіраўнік часовага ўраду А. Керанскі, генералы Л. Карнілаў, А. Дзянікін. Лічыцца, што антыбальшавіцкі “белы рух” задумваўся і пачынаўся  ў Магілёве. А ў  гасцініцы “Метраполь” генералы склалі план узброенага змагання з рэвалюцыяй.

– Мая прабабуля бачыла цара Мікалая II, які спакойна прагульваўся па горадзе, – распавёў Алег Дзьячкоў.

Славіцца сваёй гісторыяй драматычны тэатр Магілёва, які існуе з 1888 года. У будынку Магілёўскага драмтэатра выступаў Сяргей Рахманінаў, Вера Камісаржэўская, жонка А. Блока – Любоў Мендзялеева-Блок. На пастаноўкі тэатра прыязджалі Я. Купала і Я. Колас. Рэжысёр Валерый Маслюк у 80-я гады паставіў тут “Тутэйшых”.

А яшчэ ў Магілёве нарадзіўся савецкі кампазітар Эдуард Калманоўскі, аўтар музыкі песень: “Я люблю тебя жизнь”, “Алёша”, “Люди в белых халатах”. 

З 90-тых гадоў ХХ стагоддзя ў касцёле святога Станіслава ладзіўся кожныя два гады міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”. У рэстаўрацыі касцёла ўдзельнічалі Фелікс Янушкевіч, Алесь Пушкін, Рыгор Таболіч. Тут вянчаўся Зянок Пазняк у 1995 годзе.

А ў савецкія часы, перад Другой сусветнай вайной, калі ў Магілёў планавалася перанесці сталіцу БССР, у горадзе быў пабудаваны Дом ураду па праекце архітэктара Іосіфа Лангбарда, з’явіліся дом Леніна, дом Сталіна, дом Будзёнага, працаваў кінатэатр “Чырвоная зорка”.

 

Падзяліўся экскурсавод гісторыяй сваёй сям’і. Бабулі Алега Дзьячкова Яўгеніі Фёдараўне – 93 гады. Яна паходзіць па маці з каталіцкага шляхецкага роду Савіцкіх, а па бацьку – з праваслаўнага дваранскага роду Хлусовічаў. Яўгенія Фёдараўна перажыла акупацыю Магілёва, працавала санітаркай у шпіталі і там сустрэла будучага мужа. У сужанцаў нарадзілася чацвёра дзяцей (3 дачкі і сын). Калі муж памёр, Яўгенія Фёдараўна пайшла працаваць на завод, трымала гаспадарку. Жанчына здолела адна выхаваць дзяцей, усе яны выраслі і сталі годнымі і добрымі людзьмі, сёння яна мае 8 унукаў. Вось такі яскравы прыклад стойкасці, аптымізму і даўгажы-харства, які сведчыць пра характар магілёўцаў. Вельмі хацелася сустрэцца з ёй, але сям’я засцерагаецца карана-вірусу.

Магілёў стаў для мяне яшчэ больш цікавым, а магілёўскія ТБМ-аўцы – роднымі! Прыйдзе час, і вандроўкі па краіне Магілёўскай філіі ТБМ з яе нястомным экскурсаводам працягнуцца!

 

Паглыбіць свае веды пра горад давялося ўжо ў Менску, зазіраючы  ў матэрыялы ХІ Міжнароднай  навуковай канферэнцыі “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць”, якая праходзіла ў 2019 годзе.

“За мінулыя два гады ў горадзе адбыўся шэраг грамад-скіх і культурніцкіх падзей, якія, застануцца ў гісторыі Магілёва. Да іх варта аднесці святкаванні 300-годдзя з дня нараджэння Георгія Каніскага і 100-годдзе з пачатку дзейнасці Магілёўскага гарадскога савета дэпутатаў.

У горадзе з’явіліся памятная дошка ў гонар вучонага-краязнаўцы П. Лярскага, а таксама памятныя знакі “Магілёўскі замак” (парк М. Горкага) і прысвечаны знаходжанню ў Магілёве Стаўкі галоўнага камандуючага пад час Першай сусветнай вайны.

Магілёўскія медыкі ўпершыню зрабілі перасадку ныркі, работнікі харчавання парадавалі магілёўцаў і гасцей горада першым беларускім марозівам чорнага колеру, будаўнікі завяршылі доўгачаканае будаўніцтва корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, адбылося адкрыццё пасля пяцігадовай рэканструкцыі музея В. К. Бялыніцкага-Бірулі.

У магілёўскім касцёле Успення Маці Божай і Святога Станіслава ўпершыню за 60 год загучаў электрапнеўматычны арган, ён з’явіўся замест электрычнага, які амаль трыццаць год замяняў арган, знішчаны савецкаю ўладаю. Былі рэалізаваны грамадскія праекты “Вершы на сценах” і стварэнне “лесвіцы-вышыванкі”. Актыўна ўключыўся ў мастацкі і творчы працэс калектыў музея гісторыі Магілёва, узяўшы на сябе функцыі арганізатара Міжнароднага арт-праекта “Магілёў вачыма гасцей”, а таксама ажыццявіўшы мастацкія роспісы на гістарычную тэматыку на розных будынках горада – на будынку музея па вул. Ленінскай, 5а  і на будынку музея этнаграфіі па вул. Першамайскай. Вялікую цікавасць у гараджан выклікалі выставы музея, і ў першую чаргу – серыя “Невядомы Магілёў”.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

 

  1. Алег Дзьячкоў у касцёле св. Станіслава;
  2. Будынак Магілёўскага драматычнага тэатра;
  3. Старшыня магілёўскага ТБМ ля будынка ратушы.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3619
Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію
Грамадства

Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію

28 сакавіка 2019, 17:0618
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
Час прывёў на Парнас
літаратура

Час прывёў на Парнас

21 лютага 2025, 09:0417
Далучайцеся да нас